Главная страница » Мова родная — мова модная

Мова родная — мова модная

Яркай і запамінальнай падзеяй стаў Дзень беларускай мовы і літаратуры ў Шарсцінскай базавай школе. Сюрпрызы пачаліся з самай раніцы: тэматычныя чэлендж і флэш-моб, інтэрактыў і настольная гульня, акцыя «Час чытаць». Кожнае з мерапрыемстваў прыцягвала, абуджала цікавасць, жаданне праявіць сябе. Толькі ўявіце: утульны пакой, мяккае крэсла, кубачак кавы і любімая кніга на беларускай мове. Ці не цудоўна? Тым, хто ленаваўся ісці ў бібліятэку, былі прапанаваны QR-коды са спасылкамі на розныя творы беларускіх пісьменнікаў. Узяў мабілку, націснуў — і ты ў краіне Паэзіі і Прозы. Своеасаблівым фіналам цікавага школьнага дня стаў літаратурны батл «Роднаму слову — прызнанне ў каханні». Дзіва, цуд, адкрыццё, асалода, здзіўленне — вось тыя пачуцці, што авалодалі сэрцамі ўдзельнікаў школьных мерапрыемстваў. Дзень беларускай мовы завяршыўся. І ёсць надзея, што не толькі ў школе, але і ўсюды будзе гучаць мілагучнае беларускае слова.

Вольга ЧЭРНУШЭВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *