Прэзідэнт назваў галоўную мэту развязанай супраць Беларусі эканамічнай вайны

На мінулым тыдні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў Савет бяспекі ў пашыраным фармаце. Разглядаліся пытанні функцыянавання эканомікі, стабілізацыі знешняга гандлю і знешнепалітычнай дзейнасці.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, на пасяджэнне вынесена пытанне аб сітуацыі ўнутры і вакол Беларусі, яе ўплыве на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны: «Адкрыта скажу: цяпер гэта пытанне — адно з найбольш актуальных для дзяржавы і стаіць у адным радзе з забеспячэннем яе ваеннай бяспекі. Нам неабходна ацаніць, як складваецца абстаноўка ў краіне, у свеце і якія тэндэнцыі праглядаюцца. Якія высновы з гэтага вынікаюць, на што накіраваць намаганні, якія практычныя крокі рабіць».

Яшчэ адна тэма — асноўныя напрамкі знешнепалітычнага курсу Беларусі ў існуючых умовах. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ад эфектыўнасці работы эканомікі ва ўмовах гандлёвай і фінансавай блакады з боку Захаду і правільна расстаўленых знешнепалітычных прыярытэтаў шмат у чым залежыць і ўнутрыпалітычная стабільнасць у краіне.

Аляксандр Лукашэнка назваў галоўную мэту развязанай супраць Беларусі эканамічнай вайны. Яна заключаецца ў падрыве дабрабыту насельніцтва. «Эканамічная вайна супраць Беларусі вядзецца ўжо амаль два гады. З улікам падзей ва Украіне наступленне на нас пайшло па ўсіх франтах: у гандлі, фінансах, лагістыцы. Галоўная мэта — перакрыць нашы экспартныя каналы, аслабіць праз імпартныя абмежаванні, каб у канчатковым выніку ўсё гэта паўплывала на дабрабыт нашага насельніцтва», — сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ў цэлым рыхтаваліся да такога развіцця падзей. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым нагадаў, што яшчэ ў пачатку пандэміі гаварыў аб тым, што яе наступствы будуць вельмі сур’ёзнымі ў агляднай будучыні. «Так яно і адбылося. Тады я папярэдзіў усіх аб тым, што размова ідзе пра перадзел свету. Сёння пра гэта хто толькі ні кажа. Гэта значыць, мы ведалі, што будзе. Прынамсі, усіх я папярэджваў аб гэтай тэндэнцыі. І тады мы спрабавалі прыняць пэўныя меры», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў важную падтрымку Расіі, перш за ўсё ў эканамічным плане. «У час нядаўняга візіту ў Маскву з Прэзідэнтам Пуціным мы разгледзелі пытанні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў прамысловасці, грузаперавозках, паліўна-энергетычнай і фінансавай сферах. Галоўнае, мы аднолькава ацэньваем сітуацыю, якая склалася вакол Беларусі і Расіі», — заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што тое, што адбываецца, у тым ліку з’яўляецца часткай глабальнага процістаяння паміж ЗША і Кітаем: «З’явіўся новы магутны ігрок — Кітай. Так вось, міма праходзячы, спрабуюць разабрацца з Расіяй і Беларуссю».

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што механізм ваеннай падтрымкі ў рамках Саюзнай дзяржавы быў задзейнічаны абсалютна правамерна. «Калі гаварыць пра Беларусь, то наш выбар быў відавочны. Пасля выяўлення неаспрэчных фактаў аб рэальнай пагрозе нацыянальнай бяспецы (а вы помніце 2020 год, калі мы нават ваенныя мерапрыемствы праводзілі, выстаўляючы паў-арміі на заходнюю граніцу і паказваючы ім, што мы жартаваць не будзем) намі былі прыняты неабходныя меры для абароны сваёй краіны. Абсалютна правамерна задзейнічаны механізм ваеннай падтрымкі ў рамках нашага Саюза Беларусі і Расіі», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што амаль адразу пасля пачатку актыўнай фазы баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны Беларусь традыцыйна пастаралася наладзіць дыялог паміж бакамі канфлікту. «Аднак прафесійныя дзеянні нашых ваенных і дыпламатаў засталіся незаўважанымі на Захадзе, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Бяздоказна і беспадстаўна Беларусь была аб’яўлена “хаўруснікам агрэсара”. Услед за гэтым неадкладна пайшлі чарговыя санкцыі».

Што датычыцца перагавораў бакоў, якія прадоўжыліся ў Стамбуле, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы ж не настойваем. Няхай там праводзяць гэтыя перагаворы. Галоўнае, каб быў вынік. Таму што вайна, яшчэ раз падкрэсліваю, гэта вялікая шкода для Беларусі».

Падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА

 

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.