Пачынаючы з 1935 года і аж да самых апошніх дзён свайго жыцця Жанна Восіпаўна Андрушкевіч рупліва падымала педагагічную ніву Веткаўскага раёна, сеяла разумнае, добрае, вечнае

Менавіта гэтых галоўных пастулатаў яна прытрымлівалася, працуючы як з вучнямі малодшых класаў у даваенны час, так і турбуючыся аб быце, працы, адпачынку, павышэнні прафесійнага ўзроўню дарослых педагогаў, працуючы кіраўніком раённай прафсаюзнай арганізацыі педагагічных работнікаў у першае дзесяцігоддзе пасля заканчэння вайны, а затым 25 гадоў, амаль да паследніх гадоў свайго жыцця — інспектарам аддзела народнай адукацыі Веткаўскага райвыканкама.

За межамі раёна Жанна Восіпаўна жыла і працавала толькі ў гады юнацтва, калі пасля заканчэння ў 1927 годзе школы другой ступені ў Сталінградзе пяць гадоў працавала настаўніцай Балашаўскай пачатковай школы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, а затым некаторы час  — настаўніцай Кальварыйскай пачатковай школы ў горадзе Мінску. Менавіта ў гады, калі малады педагог працавала ў сталіцы, Жанна Андрушкевіч здолела адначасова вучыцца ў Мінскім педагагічным інстытуце на вячэрнім аддзяленні. А яшчэ адзін перарыў у працоўнай біяграфіі настаўніцы быў звязаны з Вялікай Айчыннай вайной. Эвакуіраваўшыся ў Казахстан, яна зноў вярнулася да педагагічнай дзейнасці: працягвала настаўнічаць у Цемірскай сярэдняй школе Акцюбінскай вобласці, але нядоўга. Калі ўся краіна змагалася з ворагам, Жанна не магла быць убаку, гэтак жа, як калісьці, у сярэднія вякі, паступіла знакамітая патрыётка Жанна Д’арк. У пачатку 1943 года яна звярнулася ў мясцовы райваенкамат з просьбай накіраваць дабраахвотнікам на фронт.

Франтавыя шляхі Жанны Восіпаўны пралеглі цераз Румынію, Венгрыю, Аўстрыю, Чэхаславакію. На сваю радзіму, у Беларусь, ветэран вярнулася ў 1945 годзе з баявымі ўзнагародамі — медалямі «За ўзяцце Будапешта» і «За перамогу над Германіяй». Ужо працуючы ў Ветцы старшынёй раённага камітэта прафсаюза працаўнікоў адукацыі, у 1949 годзе Жанна Андрушкевіч была ўдастоена высокай мірнай узнагароды — ордэна «Знак Пашаны».

Менавіта тут праявілася тая загартоўка, якую атрымала старшы сяржант Андрушкевіч на фронце. Ветэраны-педагогі памятаюць, як з ваеннай выпраўкай і баявым напорам старшыня вырашала праблемы настаўнікаў, членаў прафсаюза. Стылем працы Жанны Восіпаўны ўвесь час былі адкрытасць і сумленнасць у адносінах, канкрэтнасць і высокі прафесіяналізм у выкананні службовых абавязкаў. За сваю шматгадовую плённую працу Жанна Восіпаўна Андрушкевіч у 1968 годзе акрамя дзяржаўных узнагарод і шматлікіх грамат рознага ўзроўню ўдастоена высокага і ганаровага звання «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР».

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.