Ветку наведалі стараабрадцы са Ржэва

Мастацтва, традыцыйная духоўная і матэрыяльная культура “звязваюць” паміж сабой людзей, якія маюць розны менталітэт, нацыянальнасць, дапамагаюць лепш зразумець адзін аднаго. Музеі, карцінныя галерэі ў гэтым плане — найкаштоўныя крыніцы інфармацыі, масты паміж мінулым і будучым.
Ёсць адметныя выказванні: “Падарожжы вучаць болей, чым штоб там ні было. Бывае, адзін дзень, пражыты ў іншых месцах, дае болей, чым дзесяць гадоў жыцця дома (Анатоль Франс)”.
Так і ў Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава імкнуцца трапіць вандроўныя людзі, якія хочуць зведаць сябе, што, акрамя іншага, азначае: больш ведаць свой радавод, гісторыю, культуру зямлі, на якой жылі продкі. Прыязджаюць з далёкіх краін замежнікі, якія хочуць убачыць невядомую для іх Беларусь і саміх беларусаў, дакладней, грамадзян Беларусі. Прыязджаюць былыя жыхары Веткаўшчыны, якія пасля чарнобыльскай трагедыі перасяліліся ў іншыя мясціны. Толькі ў летнія месяцы музей наведалі каля 2 тысяч чалавек.
Так, у сярэдзіне жніўня, разам, у адной групе, у музей завіталі госці з Мінску, Францыі і Бельгіі. Усіх іх аб’ядноўвае адно прозьвішча — Гулевічы, вельмі распаўсюджанае — даўней і цяпер на Веткаўшчыне, Чачэршчыне.
А нядаўна Веткаўскі музей наведалі хлопцы і дзяўчаты, а таксама людзі старэйшага ўзросту з Паломніцкай змены дзіцячага хрысціянскага лагера Ржэўскай абіцелі (Расія). У Ржэве ў наш час існуе Пакроўская стараабрадніцкая абшчына, дзейнічае Пакроўская стараабрадніцкая царква.
Вядома, гасцям надзвычай цікава было бачыць рарытэты Веткаўскага музея — старадаўнія абразы, кнігі, аклады да ікон, шытыя бісерам, створаныя стараабрадцамі ў нашай мясцовасці, іншыя экспанаты, якія прадстаўляюць гісторыю, культуру, быт веткаўскіх стараабрадцаў. Трэба было бачыць, з якой увагай, захапленнем разглядвалі экспазіцыю “Кніжная культура Веткі” маладыя людзі са Ржэва! Адзін з удзельнікаў групы напаўголас спрабаваў спяваць па нотах — “круках”, падыходзячы то да адной, то да другой кніг, размешчаных у вітрынах. Не так часта сустрэнеш у наш час чалавека, які можа спяваць па гэтых даўніх нотах…
Якім паўстае жыццё стараабрадцаў — вернікаў Ржэўскай Пакроўскай стараабрадніцкай абшчыны? Даволі насычаным на разнастайныя грамадскія і рэлігійныя падзеі, калі меркаваць па змесце некалькіх нумароў “Покровского вестника” — царкоўна-грамадскай газеты, якую выдае абшчына. Некалькі нумароў “Покровского вестника” былі падараваны музею ў канцы экскурсіі.
Веруючыя — удзельнікі абшчыны, а таксама Моладзевай Паломніцкай змены, як гэта вынікае з газетных паведамленняў, даволі часта ажыццяўляюць вандроўкі-паломніцтвы ў розныя гарады Расіі (Санкт-Пецярбург, Таржок, Пскоў, Смаленск, Калуга, Бароўск, Масква) і ў суседнія краіны.
Стараабрадцы са Ржэва, развітваючыся, пакінулі нумар тэлефона і запіс у музейнай кнізе водгукаў: “Мы очень рады, что попали к вам в музей, на экскурсию. Хотели бы поддерживать связь. Можем исполнять духовные стихи. Обращайтесь! Валентина Чунина”.
Можа, сапраўды, хтосьці з веткаўчан, (і веткаўчан-стараабрадцаў), каму гэта цікава, захоча наладзіць сяброўскія сувязі з жыхарамі г. Ржэва — удзельнікамі стараабрадніцкай абшчыны г. Ржэва ды завітае аднойчы да іх, зладзіць падарожжа?
Ларыса РАМАНАВА