Вяртаюцца птушкі на гнёзды свае…
Зямля, якая нам баліць
Дрэвы, якія нам баляць
Усё жывое, якое нам баліць
26 красавіка 1986 г. у 1 г. 23 хвіліны 58 секунд адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Кожны пяты жыхар Беларусі жыве на забруджанай тэрыторыі. 2015 год — дваццаць дзевяты паслячарнобыльскі.
Што мы робім на гэтай зямлі?
Жывём. Ці, хутчэй, выжываем. Радуемся жыццю.
“Вясновыя сны” — пад такой назвай 1 красавіка ў Веткаўскай раённай цэнтралізаванай бібліятэцы адкрылася выстаўка, падрыхтаваная бібліятэкарамі і супрацоўнікамі Веткаўскага музея.
Душа заўсёды просіць прыгожага, незвычайнага, і таму амаль кожны з пейзажаў, прадстаўленых на выстаўцы, — успамін пра свяшчэнны стан рая, у якім спалучаюцца гармонія, адчуванне свята, блізкасць да Божай прысутнасці. Менавіта таму мы ладзім, упрыгожваем свае чырвоныя куты (і не толькі іх), а і сам дом, наваколле. Мастацтва ад самага пачатку ўзнікнення нясе ў сабе сэнс стварэння, будовы, іншы раз — праз катарсіс, ачышчэнне. Жывапіс, музыка, іншыя віды мастацтва здольныя вылечваць, гаіць душу чалавека, настройваць яго думкі на лепшае. Яшчэ і таму яны маюць вялікі сэнс.
Жывапісныя палотны пры ўсім тым успрымаюцца як дакументы свайго часу. Праўда, далёка не ўсе з’явы жыцця бярэцца маляваць рука мастака.
Шаноўныя веткаўчане! У фондах Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава (ды і ў іншых музеях — беларускіх і сусветных) вы не знойдзеце ніводнай карціны, дзе былі б намаляваны згвалтаваныя, пакалечаныя дрэвы — з ушчэнт абпілаванымі сукамі, кронай, падобныя на слупы, тыя, што больш дзесятка гадоў выжываюць-“акультурваюцца” на веткаўскай вуліцы імя А.А. Грамыкі, на іншых вуліцах. Вы кажаце: нічога страшнага, калі іх пілаваць з году ў год — яны яшчэ больш зазелянеюць, адрастуць. Аднак гэта не садовыя дрэвы, частыя і сухія галіны якіх, сапраўды, трэба спілоўваць па восені. З дрэвамі, якія з’яўляюцца часткай гарадскога ландшафту, людзі дазваляюць сабе эксперыментаваць як з нежывымі істотамі, не адчуваючы і не заўважаючы, што нешта здарылася з імі самімі, з іх псіхічным здароўем. Людзі прызвычаіліся да болю, звыкліся з паўсюднай абыякавасцю, бездапаможнасцю ў вырашэнні грамадскіх праблем. Веткаўскія гарадскія краявіды (ды і некаторыя гомельскія таксама) з пакалечанымі дрэвамі нагадваюць мне карціны народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага, прысвечаныя пакутнікам, ахвярам лагера смерці ў Асвенцыме, у якім быў сам мастак.
Рэдка хто з мастакоў Беларусі браўся пісаць пакінутыя чарнобыльскія мясціны, вёскі, бо гэта самыя сапраўдныя сцэны Апакаліпсісу — настолькі яны жахлівыя ў сваёй абыдзённасці, звычайнасці… Як можна намаляваць атручаную зямлю?
Мы ўсе хворыя на Чарнобыль…
Звыкаемся (ужо і звыкліся) з сучасным “навядзеннем парадку на зямлі”. Мясціны Гомельшчыны, дзе існавалі невялікія і даволі вялікія пасёлкі, вёскі, сталіся для іх могілкамі. Па-іншаму, відаць, было нельга зрабіць? Дамы, гаспадарчыя пабудовы, у якіх ніхто не жыве, на якія няма праваўстанаўліваючых дакументаў, актыўна разбураюцца, закопваюцца ў зямлю, як нябожчыкі. Або спальваюцца з маўклівага дазволу сельсаветаў. Так танней: не трэба, напрыклад, кідаць на вецер 10-20 мільёнаў рублёў на пахаванне аднаго дома. Гэта пры тым, што ў гэтых мясцінах ёсць людзі, якім няма дзе жыць. Яны былі б рады мець проста дах над галавой, падлогу і сцены.
У некалькі сельсаветаў Веткаўскага раёна два гады таму назад звяртаўся Міхась Басякоў, таленавіты на песні і на душу беларус — унук самаходаў, якія перасяляліся ў Сібір з Гомельскай вобласці ў 80-я гады ХІХ веку. Прасіў Міхась аб самай звычайнай, без зручнасцяў, хаце… Толькі каб печка была. Марыў пра тое, каб перавезці сям’ю на Радзіму, каб самому тут жыць і працаваць. Аднак не знайшлося ў землякоў такой хаты для Міхася Басякова. Так і паехаў назад — у далёкі, чужы Алатыр, Расію. У Інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра тое, што год назад Міхась памёр.
На нашых вачах сціраецца памяць пра Чарнобыль. Але не знікаюць яго наступствы.
Пяцьдзесят дзевяць вёсак і пасёлкаў Веткаўскага раёна сышлі ў нябыт пасля чарнобыльскай аварыі. Зніклі назвы вуліц, урочышчаў, сенажацей, балот, малых рэк, лясных дзялянак. Зямля стала безаблічнай, займела толькі адно імя: зона адчужэння. Тут нельга збіраць ягады, грыбы, лавіць рыбу, сеяць збожжа, увогуле — Тут нельга знаходзіцца, аб чым папярэджваюць спецыяльныя знакі.
Таму мы можам толькі бачыць вясновыя сны, якія сняцца пакінутым вёскам, — такімі паўстаюць жывапісныя палотны мастакоў, для якіх Веткаўская зямля стала роднай — Барыса Тарасенкі, Андрэя Прылуцкага, Галіны Нячаевай, Роберта Ландарскага, Пятра Шалюты, Фёдара Шклярава, Алега Кірушкіна.
Але гэта наша зямля, якая не стала чужой!
Ларыса РАМАНАВА.