Гісторыя Веткі: “казкі” даўнія і сучасныя
Чалавецтва жывое сваёй памяццю. Адметнасць, унікальнасць культурных з’яў, архітэктурных пабудоў, этнаграфіі, фальклору ды іншых выяўленняў духоўнай і матэрыяльнай дзейнасці чалавека вызначальныя для таго ці іншага населенага пункта. Да гэтага шэрагу можна аднесці і намагільныя помнікі, якія варта ўспрымаць як культурна-гістарычную з’яву. Гэта — гісторыя нашай, беларускай, зямлі.
Падзеі, якія адбываліся даўней на Веткаўшчыне, пакінулі адбітак на сённяшнім дні. Рэха ад іх адгукаецца ў наш час ды нагадвае аб уважлівых адносінах да мінулага.
На веткаўскіх стараабрадніцкіх могілках амаль паўтары стагоддзі захоўваюцца асаблівыя помнікі, якія, нягледзячы ні на што, выстаялі, выконваючы волю тых людзей, што іх паставілі, захоўваючы памяць аб працы і таленце сваіх стваральнікаў. Гэта, найперш, два помнікі-саркафагі, адзін з якіх, зроблены з чорнага граніту (верхняя частка — бялёсага колеру), стаіць на магіле былога веткаўчаніна, гомельскага купца С.І. Машкоўскага. Іншага выгляду, другі саркафаг, магчыма, ёсць толькі ў нас, у Ветцы. Ён — белага колеру, зроблены з каменя, з рэльефнай мастацкай аздобай, якая не поўнасцю захавалася. На могілках таксама ёсць чатыры плоскія каменныя пліты. Іх, відаць, можна назваць стэламі — менавіта праз іх вызначальную асаблівасць: на ўсіх чатырох ёсць васьміканцовы Галгофскі крыж. Гэта — дамінуючая прыкмета стараабрадніцкіх каменных стэл, якія ў вялікай колькасці стаяць на стараабрадніцкіх могілках у Латвіі. На веткаўскіх могілках знаходзіцца некалькі даволі вялікіх камянёў, на якіх высечаны васьміканцовы крыж. На двух камянях, побач з крыжам, ёсць імя, прозвішчы: “Кавалёў”, “Кавалёў Міхаіл”. Падобны камень некалькі гадоў назад быў знойдзены ў в. Залессе Чачэрскага раёна. Не так даўно ён устаноўлены на памятным месцы ў гэтай вёсцы.
Якім чынам гэтыя намагільныя помнікі (маюцца на ўвазе саркафагі, пліты) трапілі ў Ветку? Дзе іх заказвалі, хто іх рабіў? Ці ёсць дзе падобныя? Што вядома пра жыццё Сямёна Ільіча Машкоўскага? Толькі на апошняе з гэтых пытанняў ёсць невялікі адказ…
Цікава даведацца пра гісторыю існавання Рагожскіх стараабрадніцкіх могілак, адных з самых старых у Маскве. Відаць, у нечым можна параўнаць яе з гісторыяй “маскоўскіх” могілак у Ветцы, бо, як вядома: “Ветка — малая ветвь Москвы”. Продкі веткаўскіх стараабрадцаў перасяляліся сюды найбольш з Масквы і амаль дваццаці губерняў Расійскай імперыі ў другой палове 17 ст. і пазней. Таму не дзіўна, што яны прынеслі з сабой розныя традыцыі і віды намагільных помнікаў. Традыцыя ставіць цэльную пліту з каменя на месцы пахавання была характэрнай для жыхароў Масквы і Цверы ў 14 ст. Цікава, што па загаду Пятра I стэлы, крыжы і саркафагі ў Расіі з 17 ст. ставіць было забаронена. Такія помнікі цяпер у Расіі адшукаць вельмі цяжка. Кожны з іх — каштоўная знаходка для вучоных.
Рагожскія стараабрадніцкія могілкі былі заснаваны ў 1771 г. Да рэвалюцыі 1917 г. разам з Праабражэнскімі яны з’яўляліся цэнтрам стараабрадніцтва ў Маскве. З дазволу імператрыцы Кацярыны II непадалёк ад Рагожскіх могілак стараверы пабудавалі прытулак і багадзельню, дзве часоўні. Побач з могілкамі такім чынам з’явіўся стараабрадніцкі пасёлак. У 1791 г. стараабрадцам удалося пабудаваць на могілках Пакроўскі сабор, які стаў цэнтрам стараабрадніцтва не толькі ў Маскве, але і ва ўсёй Расіі. З 1853 г. Рагожскія могілкі — духоўны цэнтр стараабрадніцкай архіепіскапіі Маскоўскай і усёй Расіі. Тут пахаваны маскоўскія купцы, якія сяліліся непадалёк ад храмаў у слабодах. У другой палове 19 — пач. 20 ст. на могілках былі пахаваны самыя вядомыя расійскія купцы, фабрыканты: Кузняцовы, Путоўкіны, Рахманавы, Шалапуціны, Рабушынскія, Марозавы ды інш. З гэтых пахаванняў захаваліся нямногія.
Пры савецкай уладзе помнікі з Рагожскіх могілак адпраўлялі на будоўлі сацыялізму, выкарыстоўвалі для будаўніцтва метро.
На цэнтральнай алеі Рагожскіх могілак ёсць месца пахавання стараабрадніцкага духавенства: за старадаўняй агароджай на высокім гранітным цокалі плошчай прыкладна 15 на 10 метраў узвышаюцца белыя крыжы. Перад крыжамі — два рады чорных саркафагаў з надпісамі пра тых, хто тут пахаваны.
Многія помнікі ўзведзены на Рагожскіх могілках вядомымі архітэктарамі і скульптарамі. Так, па праекту знакамітага архітэктара Ф. Шэхцеля і скульптара М. Андрэева ў 1891 г. пабудавана Часоўня — помнік Т.Я. Марозаву і жалезная сень над сямейным пахаваннем Марозавых. У памяці сучаснікаў-веткаўчан захоўваюцца розныя жыццёвыя моманты, звязаныя з “маскоўскімі” могілкамі, іх даўнейшы выгляд:
“Как-то кладбище подалось сюда больше, к улице Парижской Коммуны. А то липы вековые стояли больше к той стороне, к улице Интернациональной. Деревянные кресты стояли большущие. Я даже не знаю, как точно сказать… но очень были большие. С крышами, с большого цельного дерева, дубовые. Детям нечего было делать, ни велосипедов тогда не было… Помню, мы в детстве играли тут, на кладбище. Хлопцы в войну всё играли. Это было в 50-60-е годы. Гульбища всё были тут… Дорожка была через кладбище, мы в школу ходили через кладбище, во вторую школу. Были на кладбище купеческие захоронения. Там было 7-8 гробниц. Большие, как гроб высеченные. Мы всё бегали возле них, в прятки играли, за гробницами прятались. Помню, на одной из них было написано: “Купец такой-то гильдии”. Что-то было с фамилией Дрыбинцевы. Стояла такая тёмная, гранитная. Видно, не с бедных семей эти люди были. Сейчас камни лежат на кладбище. Я всё думаю: куда делись эти гробницы? Наверное, распилили их на части и увезли куда-нибудь… У нас не чтут память, у нас люди невоспитанные…” (Паводле аповеду Л.С. Яўмененка, 1940 г.н., жыхаркі Веткі.)<
“Кресты на кладбище дубовые были. Из дуба делали, чтобы долго стояли. Кто-то прибивал на них и медный крестик. Почти на всех крестах были иконки, под “крышами”. Это было до 1941 года. До войны на кладбище часть забора стояла. Забор был высотой 1-1,5 метра. Его разобрали на плоты, когда Ветку от фашистов освобождали”. (Паводле аповеду З.І. Ганжуравай.)
“Там всё похоронены москали. Старообрядцы. Гробница осталась: купец третьей… второй гильдии Листопадов. …Как они её взорвали! Там же были кресты такие красивые… Ночью чекисты всё пополомали. Там остался целый, как дуб… Крест такой. Белый, с обломанными ветвями. Поставлен молодой жене. Умерла жена молодой. Так вот, он сделал ей памятник и себе, когда уже старый стал, так он корявый дуб поставил. И за свои деньги наше это кладбище дубовым тёсом, во такие во плахи, пластины…
— А помнишь кладбище до войны? Шулы закладывали так вот и железными болтами стягивали. Кругом было кладбище огорожено”. (Паводле размовы Г.М. Герасімава і М.І. Кавалёва запісаў А.В. Скідан у 2006 г.)
Захаваліся ўспаміны веткаўчан аб прыгожай кованай металічнай браме пры ўваходзе на могілкі, якая была даўней, існавала да пачатку Другой сусветнай вайны.
У артыкуле “Кровавое воскресенье на Гомельщине” у газеце “Вечерний Гомель” (9 янаря 2013 г.) яго аўтар, Юрый Глушакоў, даследуючы факты біяграфіі знакамітага веткаўчаніна Івана Герасімавіча Малеева, згадвае пра вынікі “вялікага тэрору”: “В 1917 г. Иван Малеев возглавит первый в Ветке профсоюз, станет Председателем Ветковского Совета депутатов и депутатом Всероссийского Учредительного Собрания. В 1918-м — председателем Военно-Революционного комитета Ветки. На местной Красной площади в 1928 г. будет установлен памятник погибшим братьям Малеевым. В 1938 г. в разгул “большого террора” памятник разрушат, а камни заберёт на могилу жены шофёр партийного райкома”.<
Магчыма, менавіта ў той час тры гранітныя помнікі на магілах Лістападавых (якія цяпер стаяць на “маскоўскіх” веткаўскіх могілках) былі мішэнямі для “чэкістаў”: на помніках ёсць мноства сколаў — сляды ад куляў, якімі стралялі, магчыма, з “маўзера” ці “нагана”. Да гэтага часу гэтыя тры помнікі стаяць без крыжоў, якія, відавочна, калісьці былі замацаваны на верхняй частцы помнікаў і пазней былі сарваны ці збіты. Васьміканцовы крыж, як правіла, быў на любой стараабрадніцкай магіле. Цяжка ўявіць, якім чынам удалося адламаць кавалкі паліраванага граніту з гэтых помнікаў. Відаць, па іх білі кувалдамі ці спрабавалі ўзарваць. Магчыма, менавіта такім чынам былі пашкоджаны помнікі з каменя на магілах былых веткаўчанак Цепляковых, якія пахаваны непадалёк ад Сямёна Ільіча Машкоўскага. Магчыма, іншыя “грабніцы”, пра якія згадвае Любоў Сямёнаўна Яўмененка, былі разрабаваны, вывезены пазней, у 60-я гады.
Ларыса РАМАНАВА. (Працяг будзе.)