Цуды нашай зямлі

Мы ўжо гаварылі аб тым, што 20 студзеня ў Нацыянальным музеі Беларусі адкрылася выстаўка “Бог сялянскі і хрысціянскі” — сумесны праект Нацыянальнага Мастацкага музея, Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея. Сёння ёсць сэнс спыніцца на гэтай падзеі больш падрабязна.

На выставе было прадстаўлена 38 абразоў бабіцкай школы іканапісу (ХVIII-ХХ ст.), якія захоўваюцца ў фондах Веткаўскага і Чачэрскага музеяў, тканыя і вышытыя ручнікі бабіцка-валосавіцкай традыцыі ткацтва, прадметы этнаграфіі. Абразы, прадстаўленыя на выстаўцы, паходзяць з в. Бабічы, Покаць, Нісімкавічы, Валосавічы ды іншых вёсак Чачэрскага раёна, а таксама вёсак Навілаўка, Фёдараўка (ды інш.) Веткаўскага раёна. Многія з іх былі адрэстаўраваны супрацоўнікамі Веткаўскага музея.

У музей ідуць, каб азірнуцца, паспрабаваць паглядзець на сябе збоку, зразумець сваю часавую прастору. Этнаграфічныя комплексы, прадстаўленыя на выставе, дапамагаюць лепш уявіць духоўнае жыццё нашых продкаў, асяродак, у якім існавалі і былі створаны іконы. Напрыклад, комплекс, які расказвае аб старадаўнім праваслаўным абрадзе пераносу іконы-Свячы, прадстаўлены двума рытуальнымі свечамі, для якіх шылі спецыяльнае адзенне, тканымі ручнікамі, а таксама трыма іконамі на бажніцы, фотаздымкамі, на якіх мы бачым моманты пераносу іконы-Свячы ў в. Матнявічы Чачэрскага раёна ў 1911 годзе. Тут жа — аўтэнтычны тэкст, які распавядае пра сэнс, асаблівасці правядзення абраду.

Яшчэ і яшчэ раз у Веткаўскім музеі робіцца спроба адкрыць мову канкрэтных тэкстаў-пасланняў, што дасылаліся жанчынамі-ткаллямі паганскім боствам, першапродкам, хрысціянскім святым. Дасылаліся дзеля таго, каб зберагчы, уратаваць жыццё. Мы бачым гэтыя знакі (узоры) на тканых ручніках, тканым уборы дома і не толькі.

Беларуская тэрміналогія ткацтва — гэта амаль нераскрыты неруш традыцыйных міфалагічных уяўленняў, а тым самым — некаторай (істотнай) часткі нацыянальнага светапогляду. Назвы ўзораў, тэрміны ткацтва, занатаваныя супрацоўнікамі музея (пераважна ў Веткаўскім, Чачэрскім, Добрушскім раёнах), пераконваюць: нашы продкі адкрывалі першароднасць свету прыкладна так, як гэта рабіў першы чалавек на Зямлі — Адам. Тканыя палотны ў прасторы традыцыйнай культуры паўстаюць найперш як зматэрыялізаваныя паэтычныя тэксты. Таму на выставе ў адным з этнаграфічных комплексаў, побач з вобразамі Зосімы і Савація — апекуноў пчалярства, мы бачым ручнік з узорам “вуллейкі накрытыя” “жывымі” яшчэ не так даўно.

Веткаўскі раён адметны некалькімі традыцыямі ткацтва, якія былі даўней. На 60-80-я гады мінулага стагоддзя прыпадае росквіт неглюбскай традыцыі ткацтва. І цяпер ткуць у Неглюбцы, але нямногія. У вёсках гэта праца забытая. Бывае, не так проста адшукаць жанчын, якія маглі б узгадаць назву ўзора на ручніку. Народныя традыцыі ткацтва сыходзяць на нашых вачах, як Атлантыда… Апошнія словы можна аднесці да в. Бабічы Чачэрскага раёна, традыцыя ткацтва якой “згасла” літаральна на нашых вачах. Між тым, Бабічы ў 70-80-х гг. славіліся самымі прыгожымі, відаць, у параўнанні з навакольнымі вёскамі, бранымі ручнікамі, посцілкамі-закладанкамі. У гэты час у Бабічах працавала ткацкая майстэрня — філіял Чачэрскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Свае ручнікі ўспрымаліся як адно цэлае з іконамі, якія “нараджаліся” тут жа, у Бабічах. Пра гэта міжволі думаеш, калі трапляеш на выстаўку і… чуеш зварот чалавека да Бога праз мову арнамента ручнікоў, праз ушанаванне абразоў.

Упершыню ў гістарычных дакументах Бабічы згадваюцца ў 1483 г. Найбольш верагоднае паходжанне назвы вёскі вельмі цікавае. “Часта маладзіцы прасілі жанчыну, у якой ужо і твар зморшчыўся, бы ралля, каб яна бабіла ў іх дзяцей. Але жанчына ўсё адпіралася, бо, ведама, яна баялася, што, як родзіцца ў яе дзіця, то яго будуць зваць бабічам ды пасміхацца”, — так гаворыцца ў адной беларускай казцы. Гэтая казка мае шчаслівы працяг: аднойчы праз акно ў хату заляцеў клубок агню (ці не шаравая маланка? — Л. Р.), жанчына з гэтага зацяжарыла і нарадзіла асілка, які рос не па днях, а па гадзінах… А ў в. Верхлічы Краснагорскага раёна, што на Браншчыне, памятаюць людзей з такім прозвішчам: “У 30-я гады нас судзілі за “Стралу”. Быў з Ялоўкі Сяргей Белазор. Пры ім так было. Бабіч Мікалай Андрэевіч быў старшынёй. На Радуніцу засцілаюць могілкі. Ён як ускочыў на кладбішча! Скацеркі рваў. Нас ганялі страшна. Каб далі “Стралу” прапець?! Пакуль Сталін быў, у нас дужа плоха было. Страшна было ў трыццатых гадах. У нас пяць чалавек адправілі ў Сібір. Адзін вярнуўся — Бабіч Герасім Іванавіч. Яго ў трыццаць шостым забралі. Забралі за тое, што прыйшоў з крэстам. Як у Міколку служыў, яму крэст далі”. (Па словах Параскевы Антонаўны Грыбанавай, 1920 г.н.).

Бабічане здаўна прывязаны да сваёй зямлі, якая, не ў крыўду сказана, не надта ўрадлівая ў параўнанні з зямлёй бліжэйшых вёсак. Але трымаюцца за яе моцна. Старыя назвы вуліц — нібыта назвы абласцей: Халяўшчына, Падабедаўшчына, Кардоўшчына, Міхалкоўшчына, Астапеншчына, Збірамішчына… Аб працавітасці, кемлівасці бабічан складаюцца легенды. Сумесная праца, агульныя святы: “На Ражджяство дзелалі казу — з саломы плялі пляцёнкамі. Рогі казе дзелалі. Шубу выварочвалі, рукавы, ногі і хвост дзелалі. Казу падымалі за хвост: “А ты, ваданос, падымі казу за хвост!” Зорку рабілі з картошкі, красілі. Маскі былі. На каждай вуліцы дзелалі зорку, збіраліся к цэнтру”. (Па словах Марыі Макараўны Маркоўскай, в. Бабічы).

“Кракавяк”, “полька”, “падыспанец” — усім у Бабічах, навакольных вёсках і пасёлках вядомы гэтыя танцы. Масніцы ходзяць ходарам ад скокаў, тупату ног на радзінах, вяселлях, зямля гудзе ад радасці. Бяда — адна на ўсіх, як і шчасце.

У 70-80-я гады мінулага стагоддзя Бабічы займалі ці не першае месца ў раёне па колькасці вяселляў. Нараджаліся і цяпер нараджаюцца дзеткі. У Бабіцкай сярэдняй школе ёсць школьны музей, створаны дырэктарам Аляксеем Данілавічам Маркоўскім, настаўнікамі і вучнямі, які па-іншаму можна было б назваць музеем гісторыі вёскі. У нашы дні частымі гасцямі святаў, фестываляў у Беларусі бывае фальклорны калектыў “Лёс”, а таксама — дзіцячы калектыў. Падлеткі, якія граюць на гармоні, могуць выканаць каля сарака музычных найгрышаў, хлопчыкі і дзяўчынкі ведаюць і могуць станцаваць так, як гэта ўмелі рабіць іх дзяды-прадзеды. Бабічан з’ядноўвае праца, песні, павага і любоў да свайго мінулага, да свайго мастацтва.

Прасторны, светлы дом сям’і Гераковых — на бліжэйшым да Бабіч былым пасёлку Новы Мікольск. Акуратныя падворкі каля сядзібаў, у кожным палісадніку — кветнікі: вяргіні, астры, кусты белага, цёмна-ліловага бэзу. Продкі Гераковых — мясцовыя знакамітыя іканапісцы-“багамазы”. Усе яны жылі некаторы час у Бабічах, пісалі іконы для жыхароў навакольных вёсак, для цэркваў, найбольш, магчыма, для Святадухаўскай царквы, якая праіснавала да пачатку 40-х гадоў ХХ ст. у в. Фёдараўка Веткаўскага раёна. У 1910 г. Фёдараўка была фальваркам у Покацкай воласці. У прыход гэтай царквы ўваходзілі Бабічы, Покаць, Навілаўка, Сяліцкая, хутар Іванаўскі.

Добра памятаюць у Бабічах аб Гераковых, умеюць распавесці з гумарам: “Уладзімір, Гаўрыла, Іван, Трахім… Граматныя людзі былі. Вучоныя. Іван тут жыў, на горцы, возлі рэчачкі. Выбраўся на Пустынькі (пасёлак, які існаваў раней у Чачэрскім раёне, знаходзіўся ў 3-4 км ад Бабіч — Л.Р.) перад самай вайной, за год да вайны. Вярбоўка была. Паехаў у Фінляндыю ці ў Карэлію. Трахім Геракоў, яго брат, жыў на месці Лукомскага… Трахім у Гомелі пахаронены. Дзед Гаўрыіла, бацька іх, пісаў іконы, і яго дзед пісаў іконы. Прырода ў іх такая была. Дзед Гаўрыіла ўсё пісаў Міколку. А ўсяк ругаіцца, калі піша, а тады кукіш выставіць: “На табе, Міколка касы!” Хазяйства дзяржалі, коні, каровы… Усі работалі. Гераковы самі дзелалі багоў для фёдараўскай царквы. Гаўрыла пахаронены ў Бабічах, на старым кладбішчы, там, дзе цяпер дзецкі садзік… І на Карме ў Сяргея Геракова ікона была — Мікола. Зялёная краска, як на іконе ў Наталлі. На іконе ўнізу вуллі стаялі. Усё любілі Раство пісаць. Раство ў Бабічах прыстольны празнік быў”.

Абліччы святых (мужчын і жанчын) на бабіцкіх абразах нагадваюць партрэты, якія найчасцей паказаны на цёмным фоне. Відаць, старэйшыя ў родзе Гераковых іканапісцы Уладзімір, Іван добра ведалі асаблівасці іканапісу тагачаснай Італіі. Была магчымасць вучыцца майстэрству ў італьянскіх мастакоў, якія ў ХVIII ст. па запрашэнні графа М. Чарнышова распісвалі касцёлы і цэрквы ў Чачэрску. Больш 20 кіламетраў шляху і цяпер аддзяляюць Бабічы і Чачэрск.

Чырвоныя куты ў вясковых дамах напоўнены чырванню ружаў, макаў на вышытых ручніках, падзорах. Тканых жа ручнікоў амаль ужо не ўбачыш… Некаторыя з іх захоўваюцца ў Веткаўскім, Чачэрскім музеях. Хвалямі на тканых ручніках коцяцца “юрочкі”. Двойчы, тройчы паўтораны ўстойлівыя “балонкі” (падобныя ўзоры ёсць на сучасным сцягу Беларусі). Шырокая чырвоная “вольная” паласа (незатканая, без узораў) праходзіць праз “разьбітыя сэрцы”. Дробныя крыжыкі на белым фоне — “рабінка”. І далей: “лодачкі-чаўначкі”, “палосачкі ў костачку”, “розачкі”, “рожа”, “лесвічкі”, “паляначкі”, “драбнічкі”, “канапелькі”, “дзераза”… — так называлі ткачыхі свае ўзоры, усё гэта — тэрміны бабіцка-валосавіцкай традыцыі ткацтва. Ручнікі з падобнымі ўзорамі ткаліся ў навакольных вёсках і пасёлках: Нісімкавічах, Фёдараўцы, Залессі, Покаці, на Гайку, Макаўі, у Валосавічах, Узнясенску, Глыбочыцы, Каменцы, Будзішчы і ў Чачэрску.

Праз тэрміналогію ткацтва выяўляецца пэўны светапогляд. “Вольная паласа” — гэта адначасова і “вогненная вада”. “А была яшчэ і “зямля” на рушніку, такі рушнік ткала мая бабуля ў Антонаўцы”, — сказала Марыя Васільеўна Гутар, жыхарка в. Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна, паглядзеўшы на адзін з ручнікоў бабіцка-валосавіцкай традыцыі ткацтва ў экспазіцыі Веткаўскага музея. Казацкія Балсуны знаходзяцца на памежжы Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў.

Чалавек, нібы дрэва, з гадамі “урастае” ў сваю зямлю. Яна для яго — самая блізкая, родная, выратавальная. І таму ручнік, абаронца роду, гэта яшчэ і ўнікальная геаграфічна-ментальная карта, на якой можна распазнаць сваю “Новую зямлю” і самога сябе, напрыклад, у коле-ромбе вертыкальнага ланцужка на ўзорным канцы ручніка: “Тут мой захад, і тут — усход” (Алесь Разанаў).

І калі ў Кітаі на працягу многіх стагоддзяў развіваўся і ўмацоўваўся ідэал прыгажосці — ствараліся сады і паркі з асаблівым ландшафтам (як ні дзіўна, гэтым займаліся паэты, мастакі, пісьменнікі, імператары, філосафы; мастацтва, паэзія, філасофія тут зліваліся ў адно цэлае), то ў Беларусі такім, разгорнутым, нібы сад, перад Сусветам, ідэалам прыгажосці з’яўляюцца ручнікі, на якіх — “мыслямі ўзоры клаліся” (з вясельнай песні, ХІХ ст., запіс Я. Тышкевіча), у якіх выяўляюцца традыцыйныя ўяўленні, мастацкія густы многіх пакаленняў. “Саджаць” — так кажуць неглюбскія ткачыхі аб нанясенні ўзораў пры тканні. “Ручнік — гэта адзёжка для Бога” — найперш у такім сэнсе ўспрымаюцца ў наш час гэтыя адметныя тканіны.

На тканых бабіцкіх ручніках часта можна ўбачыць ромбы, квадраты — сімвалы зямлі, якая для бабічан уяўляецца зямным раем. Такія (ды іншыя ручнікі) тут часта называюць “набожнікамі”, “абразнікамі”, падкрэсліваючы іх сувязь з абразамі, з Богам. Бог заўсёды недзе побач з чалавекам, трэба толькі памятаць пра гэта кожнае імгненне.

“Выстаўка “Бог сялянскі і хрысціянскі” — сапраўдная з’ява ў культурным жыцці Мінска, — кажа Алесь Шаўчук, сябра праваслаўнага Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Івана і Яўстафія. — Шкада, што такія з’явы часта праходзяць незаўважанымі большасцю мінчан. У гэтыя дні многія людзі, ужо больш за 200 тысяч чалавек, прыходзяць у Дом міласэрнасці, каб убачыць і дакрануцца да Святых Дароў. Чаму б гэтым паломнікам не дакрануцца да Цудаў нашай зямлі — нашых абразоў?”

Нездарма Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч прамовіў: “На Беларусі Бог жыве”. На некаторых іконах, што паходзяць з Бабіч, Ісус Хрыстос мае сялянскае аблічча. Ён — блізкі людзям, як блізкая і Маці Марыя. Пра яе з’яўленне аднойчы расказала Ганна Кузьмінічна Бусаўцова, жыхарка в. Нісімкавічы: “Там абабкі ў нас стаяць. Я — зір: с абабка вышла жэншчына, с абабка, с левага боку. Я стала й стаю: ці мне назад іціць, ці мне што дзелаць? Я стаяла, стаяла, хацела й перахрысціцца, да думамі перахрысцілась, думамі. Ні наклала ні хрэста, а думамі. Яна выйшла, сюды так… Вісокая. Тонінькая-тонінькая Яна. Ножкі тые малінькіе, тонінькіе. Віх, неяк — віх, падымалась. Паднялась, паднялась! Паднялась і паляцела. Паляцела на ўсход сонца. У нас там завецца — Асіннік і Падглей. Так яна — між етага пасёлку і Падглея… І паляцела, і паляцела. Я ўсё стаяла, стаяла, пакуль яе не стала відна. Спаднічка такая разаватая была. Шырачэнная-шырачэнная! У кліннячка, відна, пашыта, ці што. А Яна — тонінькая, Мацер Божжая”.

Ларыса РАМАНАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.