Чалавек — не бурбалка

Пасля чарнобыльскай аварыі, калі ішла гаворка пра тое, каб расфарміраваць Веткаўскі раён, менавіта наяўнасць у гэтым населеным пункце Музея народнай творчасці стала адным з аргументаў супраць прыняцця такога рашэння. Гэтая ўстанова культуры стала сапраўднай візітоўкай краю. Пакуль працяглы час палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі знаходзіўся на рэстаўрацыі, толькі ў Ветку і вазілі шаноўных, у тым ліку і замежных гасцей. Усе здзіўляліся: такая прыгажосць у забруджанай радыяцыяй глыбінцы!

Між тым, наша размова пойдзе не аб установе культуры. Гаворка пра заснавальніка — Фёдара Рыгоравіча Шклярава. Асобе выразнай, але зусім не такой правільнай і адназначнай, як часам можна падумаць. “Ён нарадзіўся ў Ветцы, быў выхадцам са стараверскага роду, вядомы як самадзейны мастак, калекцыянер мясцовай даўніны, гарачы прыхільнік і прапагандыст мясцовай культуры. Менавіта яго збор старадрукаў, абразоў, іншых прадметаў (каля 400 экзэмпляраў) стаў асновай стварэння фондаў музея. З аднаго боку, і паспрачацца няма з чым — пра-вільна ўсё. З другога… Чалавек ніколі не ўмяшчаецца ў тыя рамкі, якія яму ствараюць іншыя.

Вось і мая спроба — толькі замалёўка, створаная з расказаў сына Фёдара Рыгоравіча — Мікалая Шклярава, і яго нявесткі — Святланы Наздрын-Платніцкай. Абое — члены Саюзаў мастакоў і дызайнераў Рэспублікі Беларусь.

Ведаць сваё месца

Фёдар Рыгоравіч сапраўды нарадзіўся ў стараверскім асяроддзі. Але ж даты нараджэння, сцвярджаюць сваякі, дзве — традыцыя тых гадоў. Афіцыйна запісана — 4 кастрычніка 1925, але насамрэч гэта было вясною. Так што адзначаць дзень нараджэння Шклярава звычаю не было… А вось стараверскія традыцыі ў сям’і самога Фёдара Рыгоравіча захоўваліся вельмі строга. Бацька быў начальнік у доме, але начальнік, якога заўсёды вельмі паважалі.

— Ён увогуле быў катэгарычным, — успамінае Мікалай. — Казаў, напрыклад: “Паехалі ў грыбы. Праз пяць хвілін выязджаем”. Калі ты не выйшаў праз пяць хвілін, машыны ўжо не было. І так ва ўсім. Ён рабіў тое, што лічыў патрэбным. Усе астатнія павінны былі з ім лічыцца. Ён быў рэальным лідарам. Але ж яму можна было нешта даказаць. Яму не падабалася, напрыклад, тая музыка, якую я слухаў. І тым не менш першы магнітафон ён мне купіў. Для мяне быў самы вялікі падарунак, што ён мне давяраў.

— Памятаю, як упершыню прыехала ў Ветку, і мы садзіліся за стол, — узгадвае нявестка Святлана. — Я не ведала сямейных традыцый і паспрабавала сесці на месца Фёдара Рыгоравіча. Ізіда Андрэеўна, маці Мікалая, адразу папярэдзіла: гэта месца бацькі. Мяне гэта здзівіла. Потым мяне перасадзілі на іншае месца, насупраць Фёдара Рыгоравіча, і я заўсёды сядзела там. У кожнага з членаў сям’і было сваё месца, свая талерка, свая лыжка, свой кубак. Гэта была культура сямейнай трапезы, сервіроўкі стала, культура размовы. Гарбата падавалася пазней, праз пэўны час. Увечары, на захадзе, усё залацілася сонейкам — сіне-кобальтавыя кубкі з цёмна-бурштынавай гарбатай, цудоўнае хатняе печыва з сапраўднай рускай печкі. Душой гэтай утульнай атмасферы, анёлам жаноцкасці ў голасе і паводзінах была Ізіда Андрэеўна, “маменька”, як мы яе называлі. Ёй даводзілася сустракаць шматлікіх, часам нечаканых гасцей, нягледзячы на стомленасць, згодна з прымаўкай “Чым багаты, тым і рады”.

Мір вам

Складаны характар Фёдара Рыгоравіча ў жыцці яму і дапамагаў, і перашкаджаў. Але ж ён пра гэта ніколі не разважаў, бо проста жыў, як лічыў неабходным, згодна з тымі правіламі, якія існавалі ў яго продкаў. Ён мог сказаць тое, што хацеў, — не было ў яго ніякага палітэсу ў адносінах як з мясцовай уладай, так і з супрацоўнікамі сталічных міністэрстваў. А значыць, і разумення сярод тых, хто лічыў неабходным думаць адно, казаць другое, а рабіць — іншае.

Адкуль у звычайнага хлапчука, які афіцыйную сярэднююю адукацыю атрымаў толькі да 40 год, такая прага да ведаў і мастацтва, ніхто не ведаў. Хіба што адтуль — зверху. Да жывапісу ён імкнуўся з неверагоднай паслядоўнасцю ўсё жыццё. І сакрэты майстэрства засвойваў практычна самастойна і пры гэтым своеасабліва. У даваенным дзяцінстве, напрыклад, хлопчык адрываў ад кніг чыстыя старонкі і маляваў на фарзацах. Пасля вайны, адаслаўшы малюнкі ў Харкаўскае мастацкае вучылішча, атрымаў выклік, але не паехаў вучыцца: не было за што. Потым ён заўсёды з захапленнем глядзеў на мастакоў, якія атрымалі спецыяльную прафесійную адукацыю.

Пройдзе шмат гадоў і да Фёдара Шклярава ў Ветку, каб убачыць унікальную калекцыю, будуць прыязджаць вядомыя мастакі: Арлен Кашкурэвіч, Барыс Забораў, Іван Рэй, Мікалай Казакевіч, пісьменнікі Янка Брыль, Эрнэст Ялугін, творчыя людзі Беларусі, Расіі, іншых краін. А Фёдар Рыгоравіч ніколі не здрадзіць жывапісу. Ужо на сконе жыцця штодзень будзе ўставаць а шостай гадзіне раніцы і ісці на эцюды — нават пасля таго, як адбылася чарнобыльская трагедыя, якая нябачным воблакам ахутала веткаўскую зямлю. Скардзіўся, што пасля лесу баліць галава і нейкі надакучлівы металічны прысмак у роце.

Пасля эцюдаў — у музей, дзе быў дырэктарам. Але і там ён пастаянна штосьці габляваў, а паралельна сустракаў людзей, ладзіў экспедыцыі па стараверскіх мясцінах. З харызматычым націскам змагаўся са шматлікімі перашкодамі вакол стварэння экспазіцыі зусім нетрадыцыйнага, “несавецкага” музею. Як моцны ледакол, пракладваў свой шлях у цісках непаразумення і абыякавасці, а часам і супраціўлення местачковага кіраўніцтва. Ён быў заўсёды вельмі запатрабаваны і вельмі нечаканы. І сёння ў музеі ёсць рэчы, створаныя яго рукамі. Практычна кожны вітаецца з Фёдарам Рыгоравічам асабіста пры ўваходзе на трэці паверх — ручка дзвярэй ім зроблена з рога лося. На другім паверсе — традыцыйнае прывітанне-пажаданне пры ўваходзе ў стараверскі дом: “Мір вам”. На драўлянай браме ля музею яшчэ адзін аўтограф Фёдара Шклярава: “Ветка — жыццё, шчасце, радзіма мая!”

“Зноў хлам прыцягнуў?”

Сваякі не памятаюць дакладнага моманту ці рэчы, з якой у Фёдара Шклярава пачалося калекцыянаванне старажытных артэфактаў. Справа ў тым, што, нягледзячы на асаблівасці савецкага часу, калі ўсё, што звязана з рэлігіяй, было пад забаронай, у гэтым невялічкім стараверскім гарадку людзі працягвалі жыць у асяроддзі абразоў, старадрукаваных кніг, ручнікоў… Мець дома цэлы іканастас старажытных абразоў было звычайнай справай. Гэта было натуральна да таго часу, пакуль жылі носьбіты культуры, што паслядоўна разбуралася пасля 1917 года. Толькі вось у 60-я гады мінулага стагоддзя пачалі паміраць людзі, для якіх унікальныя рэчы былі часткай свядомага існавання на гэтай зямлі. Выміралі і вёскі, адкуль у горад масава збягала моладзь, што здрадзіла запаветам продкаў. Калі памірала бабулька-стараверка, адзін абраз традыцыйна закопвалі разам з ёй, астатнія заносілі на гарышча. Вядома і тое, што абразамі, якія вывезлі з зачыненай у 60-я гады веткаўскай царквы, палілі лазню.

Можна, вядома, сказаць, што Фёдар Рыгоравіч скарыстаўся сітуацыяй, калі раней за іншых зразумеў, якую каштоўнасць уяўляюць старажытнасці яго зямлі, і пачаў іх збіраць. Не абышлося тут і без звычайных сямейных кур’ёзаў. Жонка спачатку ў шоку была: “Зноў хлам прыцягнуў?” Але ж з мужам спрачацца было цяжка.

Фёдар Шкляраў узгадваў, як падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі да жыхароў Веткі ў дом з абразамі заходзілі італьянскія салдаты, яны хрысціліся і маліліся. Больш за тое, вывозілі ў Еўропу саматканыя ручнікі. Так паступова ён разумеў, якія каштоўнасці ўтрымлівае рэгіён, дзе ён нарадзіўся і жыве. У савецкага і свецкага Шклярава не было рэлігійнасці, затое была прага і разуменне сапраўднай прыгажосці. Калі большасць людзей выкідвалі з дому дарэвалюцыйныя буфеты і ставілі на іх месца бліскучыя паліраваныя “сценкі”, Фёдар Рыгоравіч цягнуў рарытэты са сметнікаў дадому, рэстаўраваў іх, і гэтыя рэчы сёння здзіўляюць сваёй сапраўднай прыгажосцю і непадробленай унікальнасцю.

Рарытэты з гарышчаў

Але ж спачатку былі кнігі, успамінае Мікалай Шкляраў:

— Бацька больш за ўсё любіў кнігі і з самага пачатку збіраў менавіта іх. Людзі ў той час ужо мала карысталіся богаслужэбнымі старажытнымі кнігамі, не маліліся па іх. Аднойчы, мне было гадоў 10, на кані мы паехалі ў вёску Новая Іванаўка (былая назва — Галоднае) за Бесяддзю. Цяпер там зона адсялення. Трэба было прывезці дубовую труну па просьбе аднаго старога чалавека, які сабраўся паміраць.

Ён сказаў: “Усё, што яшчэ на гарышчы знойдзеце, — ваша”. У вёсцы амаль ніхто не жыў, дамы зачыненыя стаялі. А на гарышчах было столькі дабра ўсякага звалена! Мы тады прывезлі цэлы воз кніжак, абразоў. Знакаміты “Никола Отвратный”, гонар Веткаўскага музея — менавіта з той паездкі. У бацькоўскай калекцыі было “Павучальнае Евангелле” першадрукара Івана Фёдарава выдання 1569 года. Гэтую ўнікальную кнігу бацька захоўваў у асабістым ложку — ён спаў літаральна на ёй. Баяўся, каб не выкралі. У калекцыі таксама былі кнігі ўсіх першых друкарскіх двароў Масквы — друкароў Нявежы, Фофанава, Радзішэўскага, Гарабурды, іншых.

Між тым, калі ў Ветцы ў зборы старажытных рарытэтаў Фёдару Шкляраву да часу практычна не было канкурэнцыі, то з Масквы ў 1970-1980 гады сюды пачалі прыязджаць археаграфічныя экспедыцыі з МДУ імя Ламаносава. Такім чынам у Дзяржаўную Траццякоўскую галерэю паступіла калекцыя абразоў мясцовага пісьма — каля 50 твораў. У асноўным гэта помнікі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

Першым, да каго звярталіся па параду навукоўцы, быў краязнаўца Фёдар Шкляраў. Сын расказвае, што было ў бацькі рукапіснае Евангелле, датаванае ХІV стагоддзем:

— Бацька проста баяўся яго ў сябе трымаць. Таму ён проста аддаў гэтую каштоўнасць прыезджым навукоўцам.

Шляхі экспанатаў нязведаныя

У Фёдара Шклярава быў нюх на прадметы мастацтва. Дарэчы, як у сапраўднага калекцыянера. І здабываў ён іх самымі рознымі спосабамі. Некаторыя ўзгадвае сын:

— Мне было гадоў 12. Паехалі мы на лодцы аднойчы ў паводку па рацэ Сож, а матор заглух. Дабраліся да берага — а ён зусім размыты вадой. І тут мы бачым рэшткі славянскага гарадзішча: чарапкі, наканечнікі ад стрэл, нажы, упрыгожванні… Потым мы туды прыязджалі яшчэ некалькі разоў. Фёдар Рыгоравіч лёгка кантактаваў з людзьмі. У старавераў яшчэ існавала моцная традыцыя: гарбата, размовы за самаварам…

Бабкі на вёсцы скажуць: добрай гарбаткі нямашака, а ён ім “Тры сланы” іншым разам прывязе. Таму яму і давяралі, і памяталі яго. Калі ведаў, што дзесьці засталася шыкоўная ікона, але прадаць не хацелі, прыходзіў у той дом часта, выпрошваў, надакучваў працяглы час, але свайго звычайна дабіваўся.

Потым, калі ўтварыўся музей, ён добра памятаў імёны і прозвішчы ўсіх тых, хто падзяліўся з ім будучымі экспанатамі. Хтосьці аддаваў каштоўнасці проста так, бязвыплатна, і такіх было многа, аднак іншыя прасілі грошай, і немалых. Іх ён зарабляў сваімі рукамі, бо, як сёння кажуць, быў па натуры “працаголікам”. Цесляром пачаў працаваць яшчэ падлеткам. А потым, калі ў 1943 годзе вызвалілі Ветку, ён двойчы адслужыў у войску, у ваенны і пасляваенны час. Расказваў, што ў арміі давялося маляваць партрэты Сталіна.

Асабліва грошай у сям’і ніколі не было, яго маці была ўдавой, таму Фёдару Шкляраву ўсё даводзілася рабіць самому. Вось і дом пабудаваў сваімі рукамі, і ўпрыгожыў яго ліштвой і аканіцамі разьбянымі рознакаляровымі. Прынамсі, у 70-х гадах “Белдзяржстрах” выпусціў тысячнымі тыражамі каляндарыкі, на якіх была выява менавіта яго веткаўскага дома разам з прапановай паслуг арганізацыі. Гэтак жа, унутры і звонку, упрыгожваў потым будынак музея.

Мары спраўджваюцца

Быў ён і мастаком у Гомельскім драмтэатры, куды даводзілася хадзіць пешкі з самой Веткі. На веткаўскай ткацкай фабрыцы ў 1970-я гады працаваў мастаком па тканінах. Тады ён адкрыў для свету самабытнае неглюбскае ткацтва. Для сваіх малюнкаў па тканінах Фёдар Шкляраў выкарыстоўваў узоры традыцыйных неглюбскіх ручнікоў і посцілак. Яго работы потым атрымлівалі прызавыя месцы на міжнародных выставах у Маскве, Ленінградзе і Мінску.

У 70-я ўвайшла ў моду жаночая біжутэрыя, і Шкляраў, каб мець магчымасць набываць экспанаты для сваёй калекцыі, вырашыў ёю заняцца.

З поспехам распрацаваў асабістую тэхніку апрацоўкі металу і рабіў аўтарскія бурштынавыя кулоны і брошкі. Гэтыя рэчы з задавальненнем куплялі сталічныя модніцы ў мастацкім салоне Беларускага саюза мастакоў. Імкненне да прыгажосці ўвасаблялася ў самых розных кірунках. Напрыклад, у яго веткаўскім доме сцены былі задрапіраваныя не звычайнымі шпалерамі, а тканінай. Для таго часу гэта было вельмі незвычайна і прыгожа.

Музей стаў яго марай, калі старажытныя рэчы пачалі выцясняць гаспадароў з дому. Калекцыя атрымала грамадскі рэзананс, што далёка не заўсёды было падставай для гонару. Пра Шклярава і яго рарытэты ў канцы 70-х пачалі не толькі гаварыць, але і пісаць. Між іншым, была думка забраць экспанаты ў Мінск і там стварыць музей. Але ў Фёдара Шклярава задача была іншая. Ён лічыў, што павінен праславіць Ветку, гаварыў, што сюды замежныя госці будуць ездзіць. І гэта ў савецкія часы, калі людзей з іншых краін бачылі хіба ў кіно. Калі афіцыйна афармлялася перадача яго калекцыі ў музей, улады не маглі заплаціць за кнігі іх сапраўдны кошт. Тады ён сказаў: “Няма чым плаціць — будзе падарунак!” Фёдар Рыгоравіч “паклаў вока” на закінуты асабняк у цэнтры горада. Але прыйшлося дабіцца аўдыенцыі ў А. Аксёнава, у тую пару другога сакратара ЦК КПБ, каб будынак аддалі пад музей. Ужо пазней, у 1992 годзе, музею перададуць вялікую частку будынка былога райкама партыі, дзе размешчана фондасховішча калекцый музея.

Працаваць, жыць і радавацца

Гэта адзін з тых выразаў, які Фёдар Шкляраў запазычыў у мясцовых жыхароў і любіў цытаваць для людзей. Сваякі расказваюць, што гаворка яго была вобразнай і часта ён казаў зусім не тое, што людзі ад яго чакалі. Пад канец жыцця быў яшчэ адзін любімы афарызм, які ён пачуў ад адной з вясковых бабулек: “На гэтым свеце жывеш-красуешся, на тым няведама што будзе”. Блізкія памятаюць і такое параўнанне: “Чалавек не бурбалка, што з’явілася ў час дажджу і знікла. След на зямлі ён павінен пакінуць”.

Такім следам для самога народнага калекцыянера стаў Веткаўскі музей народнай творчасці, заснаваны ў 1978 годзе. Праз 23 гады пасля адкрыцця музей стаў называцца “імя Фёдара Шклярава” — рашэнне было прынята да юбілею стваральніка. Фёдар Рыгоравіч памёр у 63 гады — у 1988 годзе. Тады нарэшце была закончана справа яго жыцця: у канцы 1987-га, нягледзячы на ўсе постчарнобыльскія выпрабаванні, была адкрыта для наведвальнікаў першая пастаянная экспазіцыя Веткаўскага музея народнай творчасці.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.