Мёд беларускай паэзіі

Прыгажосць і мілагучнасць беларускай мовы здаўна натхняла вялікіх паэтаў, якія славілі ў сваіх творах радзіму. Нашчадкі знакамітых пісьменнікаў мінулага працягваюць традыцыі, памнажаюць культурную спадчыну нашай краіны і дораць людзям свае новыя творы. Судакрананне з такімі людзьмі падобна да глытку чыстага мёду, які даруе свежасць, душэўны супакой і цішыню. У кожным слове іх вершаў — любоў да радзімы, зямлі, якая ўзгадавала і выкарміла майстра слова.

Уласна кажучы, такім жыватворным глытком для жыхароў Веткаўшчыны стала сустрэча з двума прадстаўнікамі сучаснай паэтычнай творчасці Беларусі — Эдуардам Акуліным, які, дарэчы, з’яўляецца выхадцам з нашага раёна, і яго сябрам, паэтам Леанідам Дранько-Майсюком, якая прайшла 10 верасня ў сценах раённай бібліятэкі. Ці варта здзіўляцца, што невялікая бібліятэчная зала была поўнай! Эдуард Акулін — паэт і бард, перакладчык. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Вялікія Нямкі на Веткаўшчыне. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і аспірантуру Інстытута літаратуры НАН Беларусі. Ён адзін з першых у Беларусі вучыў, што айчынная паэзія — надзвычай спеўная, зрабіўшыся адным з пачынальнікаў бардаўскага руху. Да таго ж Эдуард Акулін — галоўны рэдактар літаратурнага часопіса для моладзі “Верасень”, а таксама намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў. Его сябра — Леанід Дранько-Майсюк — не меньш знакаміты паэт і эсэіст.

Абодва паэта з’яўляюцца прызнанымі майстрамі слова нашай краіны і актыўна ўдзельнічаюць у яе культурным жыцці. Займаючы актыўную грамадзянскую пазіцыю, яны дэманструюць сваю неабыякавасць да навакольнага свету, а буру пачуццяў, эмоцый і перажыванняў трансфармуюць у свае творы. Тонкая душа паэта заўважае ўсё — прыгажосць навакольнага свету, любоў да жанчыны, сацыяльныя нюансы нашага жыцця. Кожны паэтычны радок — цэлы свет, у якім жыве ці не ўвесь паэт.

Безумоўна, прыезд вядомых паэтаў стаў сапраўднай падзеяй для нашага горада. І асабліва прыемна, што на сустрэчу прыйшлі не толькі людзі ва ўзросце, але і моладзь. У зале сабраліся і проста аматары паэзіі двух майстроў, і выдатныя паэты — землякі Ларыса Раманава і Генадзь Лапацін, і дзесяцікласнікі гімназіі горада Веткі разам са сваім настаўнікам Таццянай Домненка. Апошні факт асабліва цешыць, бо літаратурныя сустрэчы вельмі важныя для моладзі. Яны дазваляюць далучыцца да спрадвечна беларускай культуры, зазірнуць у чароўны свет паэтычнага майстэрства.

У рамках сустрэчы госці Веткаўшчыны пазнаёмілі прысутных з новым выпускам часопіса “Верасень”, у якім, дарэчы, прадстаўлены і вершы нашых веткаўскіх паэтаў — Генадзя Лапаціна і Ларысы Раманавай. Ну і, вядома ж, пазнаёмілі веткаўчан з уласнай творчасцю. Чытанне вершаў у аўтарскім выкананні, чароўнае музычнае суправаджэнне і выкананне Эдуарда Акуліна не маглі пакінуць слухачоў абыякавымі.

Варта адзначыць, што да гасцей з самымі цёплымі падзякамі і пажаданнямі звярнуліся Генадзь Лапацін і Ларыса Раманава. Каб Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк дажджлівай восенню працягвалі натхняцца прыгажосцю і цеплынёй летніх дзён, Ларыса Раманава паднесла ім па слоічку мёду як сімвал салодкага смаку паэтычнага майстэрства.

Безумоўна, правядзенне падобных літаратурных сустрэч нясе вялікае значэнне з пункту гледжання выхавання грамадзянскай пазіцыі, любові да Радзімы і яе гістарычнай спадчыны. І хочацца верыць, што такія сустрэчы будуць праходзіць у нашым горадзе як мага часцей. Аднак не было б усяго гэтага без бібліятэкараў, сапраўдных майстроў сваёй справы. Напярэдадні іх прафесійнага свята — Дня бібліятэк — хацелася б ад усяго сэрца павіншаваць апантаных творчасцю і любоўю да кнігі, друкаванага слова, нашых паважаных бібліятэкараў. Няхай вашы талент і імкненне да спасціжэння прыгожага нададуць вашай дзейнасці яшчэ больш імпэту і паспяховасці.

Георгій САРКІСЯН.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.