Быў. Ёсць. Будзе…

22 лістапада ў гімназіі г. Веткі, 23 лістапада ў Хальчанскай базавай школе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі” адбыліся літаратурныя святы “Разбітае сэрца” — «Жывая мая душа”, прысвечаныя 82-й гадавіне з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. “У бездарожжа для тых, каму шчасціць, дагарае ўначы маё сэрца…” — на гэтых ды на шматлікіх іншых радках вершаў, паэм, аповесцяў, раманаў, створаных Уладзімірам Караткевічам, выхоўваюцца тыя беларусы, хто “ўзводзіць — нясцерпна далёкі — храм наш агульны і светлы”.

“Разбітае сэрца” — верш у прозе, напісаны пісьменнікам у красавіку 1956 г.: “— Я нідзе больш не сустракаў цябе, маленькая кветка, і таму для мяне ты такі ж самы сімвал бацькаўшчыны, зямлі майго кахання і труны маіх дзядоў, як бусел, як зубр, як сінія вейкі пралескі-любкі.”

“Разьбітае сэрца”, “вольная паласа”, “драбнічкі”, “вульлейкі накрытыя” ды інш. — у 1920-1940 гг. такія назвы давалі ўзорам тканых ручнікоў жанчыны в. Нісімкавічы Чачэрскага раёна. Менавіта тут недзе ў 1880-1890 гг. сустракаліся Васіль Юльянавіч Грынкевіч (нар. у 1861 г.) і Ганна Францаўна Пашкевіч, дзядуля і бабуля Уладзіміра Караткевіча. У лісце да Максіма Танка за 27 мая 1956 г. Уладзімір Караткевіч, згадваючы, што ад свайго дзеда ён пачуў легенду “Маці Ветру” пра Крычаўскае паўстанне 1743-1744 гг., так пісаў далей пра яго: “Які гэта быў цікавы чалавек!.. Менавіта ад яго я палюбіў прыроду, гісторыю (ён калісь рабіў раскопкі курганоў і шмат чаго іншага распавядаў), навучыўся лавіць самоў на “квок”. А якія ён распавядаў легенды!..”

Гісторыю Беларусі Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч узнаўляў не толькі дзякуючы працы ў архівах. Ён адкрываў яе сучаснікам паводле легендаў, паданняў, казак, якія зберагаліся ў народнай памяці. У выкананні школьнікаў падчас святаў прагучалі вершы, фрагменты казак, створаных пісьменнікам. Пра звычаі, легенды нашага далёкага мінулага (пра тое, як даўней па вёсках, па гасцінцах вадзілі мядзьведзяў, як пазбаўляліся ад старых бацькоў, як маліліся ў скітах, пра існаванне “дабраходжых” ды інш.), апісаных вядомымі беларускімі этнографамі Чаславам Пяткевічам (аўтарам кнігі “Рэчыцкае Палессе”), Еўдакімам Раманавым, добра ведаў Уладзімір Караткевіч. Гэтыя аповеды былі пакладзены ім у аснову казак “Чортаў скарб”, “Лебядзіны скіт”, “Нямоглы бацька” ды інш.

На святах былі прадстаўлены кнігі Уладзіміра Караткевіча, а таксама — выданні аб яго жыцці і творчасці.

Быў прэзентаваны дыск “Галасы” — сумесны праект паэта Сяргея Панізьніка і Блога Глеба Лабадзенкі. Вучні слухалі песню “Ой, косю мой, косю”, верш “О якое цёплае, цёплае, цёплае мора…” (З цыклу “Таўрыда”) у выкананні Уладіміра Караткевіча (запіс быў зроблены 26 лістапада 1968 г.).

Адбылася выстава тканых ручнікоў в. Нісімкавічы, Бабічы Чачэрскага раёна (з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава), экспанаваўся адметны бела-чырвоны жаночы фартух, нядаўна набыты музеем у в. Рудня-Нісімкавіцкая.

Аб жыцці і творчасці Уладзіміра Караткевіча, аб духоўных і гістарычных сувязях, якія паядноўваюць нас, сучаснікаў, з вялікім паэтам беларускай зямлі, якога называюць гонарам і сумленнем нацыі, распавядала паэт, фалькларыст, вядучы навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава Ларыса Раманава. Так, у 1685 г. (год заснавання Веткі) горад ўваходзіў у склад Рэчыцкага павета. Рэчыца, як вядома, ўпершыню згадваецца пад 1213 г. З 1566 г. Рэчыца — цэнтр Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя звесткі ёсць у Статуце ВКЛ 1588 г.

Вучні пазнаёміліся з цікавым тэкстам — “К истории Ветки” (друкаваўся ў ХIХ ст. у выданні “Могилёвская старина”, у якім згадваюцца Ветка, в. Хальч): “Предлагаемый документ переносит нас на два столетия назад, к началу 1690 года: он совершён 18 февраля и явлен в градском суде в Речице 21 февраля 1690 года. Белоруссия тогда жила под польским владычеством после “вечного мира” (1686 г.). Местом, где происходит действие, является наша Ветка, которая была тогда не нынешним большим местечком и выдающимся торговым центром, но лишь простою деревнею… Официально Ветка называется wies (деревня), хотя ей уже усвояли и наименование “слободы”. Деревня Ветка принадлежала владельцам м. Хальча и находилась в речицком повете. В конце ХVII в. между крупными владельцами могилёвской Белоруссии — Карлом Казимировичем Халецким и Фомою Красинским — шёл судебный процесс касательно земельных границ. Фамилии Халецких принадлежало родовое имение Хальч речицкого повета. Дом Красинских владел гомельским староством, также входившим в состав названного староства. Спорное дело дошло до высшаго — “трибунального” суда. Для окончательного решения спора польский король Ян Собесский в начале 1690 года, назначил комиссию, во главе которой стал его секретарь Пётр Михайлович Полтев. Главною задачей его было — разграничить староство гомельское с им. Хальч… Но П.М. Полтеву, вместе с тем, было дано от ассесорского суда другое поручение: “произвести разследование касательно новой веры, появившейся среди людей московской нации, осевших на слободах”.

На святах “Разбітае сэрца” — …жывая мая душа” урачыста стаяў гліняны куфаль для піва (паходзіць з Рэчыцы) з выявай старажытнай “Пагоні” — у якасці вазы для жытніх каласоў. Многія вершы Уладзіміра Караткевіча варта ведаць напамяць, як, да прыкладу, гэты:

Надпіс на камені над крыніцай

Ворагі хмарай смяротнай знішчыць ішлі.
І тады наша зямля бараніла знямоглых сыноў:
у нетры яе адыходзілі храмы і гарады,
білі крыніцы адтуль і даносіла водгук званоў.
У кожнай крапліне жыццё незгасальна звініць.
Душы забітых — аблокі — вітаюць зару.
Дзе мірыяды чужынцаў? —
Спытай у слабенькіх крыніц,
і ў акіяна, якому імя — Беларусь.
З цемрай, са сталлю,
з хлуснёй крывадушнай ішлі,
Але Зямля і Вада, і Дабро
скаранялі той зброд.
Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі,
будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ.

Марына ДУБРОЎСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.