Пад пакровам любові

Вось і Пакроў на двары — свята, пасля якога можна смела чакаць першага снегу, больш халодных дзён, восеньскага спакою. Гэтае свята — адно з любімых у жыхароў Веткі. У гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы была названа першая царква ў Ветцы, адчыненая ў 1695 годзе, роўна 317 год назад. Менавіта да яе, Маці Божай, звярталіся беглыя на Ветку, прадстаўнікі “старой веры”, каб мець магчымасць жыць тут “добра — мірна і вольна”, як сказаў аднойчы Іван Матвееў — мясцовы жыхар, адзін з першай хвалі веткаўчан-старавераў (падчас допыту) на пачатку ХVIII ст.
“Любое свята большае за нас саміх”, — кажуць у вёсках Веткаўскага раёна.
Свята Пакроў (ці Пакравы) устаноўлена ў гонар Божай Маці, яе цудоўнага з’яўлення бажавольнаму Андрэю, дзеля Хрыста юродзіваму, у Влахернскай царкве. Маці Божая трымала ў сваіх руках амафор (покрыў, пакрывала), сімвалізуючы тым самым сваё заступніцтва і ахову. Влахерн, які збіраліся захапіць сарацыны, быў уратаваны.
У гонар Пакрова Маці Божай Марыі на Беларусі ствараліся абразы, будаваліся цэрквы. Некалькі абразоў веткаўскай іканапіснай школы (канец ХVIII-ХIХ стст.) прадстаўлены ў экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава.
Падчас адной з экскурсій у музеі гамяльчанка Н. расказала аб сваім падарожжы ў старажытны горад Эфес, які знаходзіцца ў Турцыі, паказвала фотаздымкі, дзялілася ўражаннямі пра ўбачанае. “Так, мае мары збыліся... мне дапамагла Маці Божая Марыя: я выйшла замуж за каханага чалавека”, — казала жанчына і паказала позіркам на мужчыну, жыхара Палестыны, які стаяў з ёй побач. Справа ў тым, што за некалькі кіламетраў ад Эфеса (у наш час) ёсць Дом, у якім жыла Маці Божая. У Доме ёсць сцяна жаданняў. Многія веруючыя людзі пішуць запіскі з просьбай — абавязкова нематэрыяльнай, пакідаюць іх у расколінах сцяны або прывязваюць запіскі вяровачкамі. Запісак гэтых — на розных мовах свету — мноства. Гэткую ж запіску з просьбай да Маці Божай пакідала гамяльчанка Н. На невялікай адлегласці ад Дома Царыцы Нябеснай з зямлі б’юць тры крыніцы. Кожная з іх лічыцца цудатворнай, дапамагае вылечыцца хворым.
Эфес у старажытнасці быў знакамітым горадам. Тут існавалі самыя вялікая ў свеце на той час бібліятэка і амфітэатр. Тут узносіўся храм Артэміды, які, паводле легенды, спаліў Герастрат. Тое, што сёння могуць убачыць турысты, складае ўсяго толькі 8% старажытнага горада, але й таго дастаткова, каб быць уражаным. Між іншым, павагу і захапленне выклікае той факт, што ў 2012 г. у Турцыі выходзіць 300 дзіцячых часопісаў, прычым перадрукоўваюцца часопісы, якія выходзяць у розных краінах свету на розных мовах свету. Маленькія дзеці маюць магчымасць купіць і чытаць іх — хто які пажадае, на той ці іншай мове.
Паводле Евангелля ад Іаана, незадоўга да смерці на крыжы Ісус Хрыстос наказаў свайму любімаму вучню стаць сынам для Дзевы Марыі замест Яго. Менавіта ў Сіонскай горніцы, побач з апосталам Іаанам, Багародзіца аплаківала Ісуса. Тут яна пачула цудоўную вестку аб Яго Ўваскрасенні. Пасля Ўваскрасення Гасподзь знахо-дзіўся на зямлі яшчэ 40 дзён, пасля чаго загадаў апосталам прапаведваць Божае Слова паўсюль на зямлі. Іаан павінны быў накіравацца ў Эфес. На Трэцім Усяленскім Саборы царква прызнала як факт, што паміж 37 і 48 гадамі Маці Божая Марыя разам з апосталам Іаанам прыйшла ў Эфес, тут жыла свае апошнія зямныя гады. Іаан пабудаваў для Яе невялікі каменны дом, калодзеж. Мясціна, дзе знаходзіцца гэты дом, знаходзіцца на высокім пагорку — Салаўінай гары, непадалёк ад Эфеса. Мусульмане, якія жывуць тут, вельмі шануюць Дзеву Марыю як маці вялікага прарока, ганарацца тым, што тут, на турэцкай зямлі, скончыліся Яе зямныя дні. Ні дакладная дата Ўспення Багародзіцы, ні Яе узрост на той момант не былі вядомыя. Згодна праваслаўнаму паданню, у канцы жыцця Марыя адправілася ў Іерусалім. Тут доўга малілася, прадчуваючы пераход у Царства Нябеснае. Сюды ж, з розных канцоў зямлі Святым Духам былі прыведзены апосталы, каб развітацца з Ёй. Адзін толькі апостал Фама не паспеў на пахаванне, і для яго была адчынена скляпенне. Але там не было цела Прачыстай — ляжалі толькі пахавальныя тканіны. Сын узяў Маці да сябе на неба. Сярод каталіцкіх даследчыкаў ёсць такія, хто лічыць гэтую версію сапраўднай, і тыя, хто не адмаўляе, што Дзева Марыя магла быць пахавана ў Эфесе. У любым выпадку, месца Яе знаходжання лічыцца жыватворчым і свяшчэнным (паводле: Елена Михаленко. Дом Богородицы в Эфесе. Газ. “Воскресение”, №8, 2012 г.).
Пра з’яўленне Маці Божай, пра тое, як Яна прыходзіць у цяжкія хвіліны і дапамагае людзям, пра тое, што менавіта Маці Божая даўней зажынала жыта, расказваюць у вёсках Веткаўскага, Чачэрскага, Добрушскага, Кармянскага раёнаў. А вось у неглюбскім пасёлку Ляды расказвалі легенду пра тое, як мясцовыя людзі дапамагалі Маці Божай выратавацца ад праследаванняў пасля ўкрыжавання Ісуса Хрыста: “Калісь расказвалі старыя людзі, і я скажу. Калі Мацер Божая пахавала Ісуса Хрыста, дык Яна бегла, хадзіла па сёлах. Во, прыйдзе сюда, Яе тут надзенуць, у такую адзежу, штоб Яе знаць, не разабралі. Прыходзе, напрымер, у Шэйку. У Шэйцы Яна ўжо ў такой адзежы. Прыходзе у Пацёсы, такую адзежу адзяе, як у Пацёсах. Вот патаму, знаць, і адзежа была няроўная. А йдзе Яна якую надзявала, такая адзежа была”. (Паводле Еўфрасінні Паўлаўны Чварковай).
Прыкладна так (з такой увагай і цеплынёй) аберагаюць пчолы сваю гаспадыню (ці каралеву) — пчаліную матку, якая здольная пражыць да 4-5 гадоў. Ёй падпарадкоўваецца ўвесь вулей. Мне самой даводзілася бачыць, як пчолы аж цэлых тры тыдні летам (удзень і ноччу) грэлі сваімі цельцамі, кармілі, не пакідалі ні на адзін момант “старую” пчаліную матку, якая была ў матачніку (маленькай шкатулцы, зробленай з провалакі). Матачнік тры тыдні ляжаў на лятку вулея. ...Каб жа дзеці так шанавалі сваіх маці!
Святы дзень Пакрова Маці Божай нагадвае пра тое, што кожны з нас на працягу свайго жыцця знаходзіцца пад пакровам (покрывам) любові нашых мілых Маці. Нездарма ж кажуць, што малітва маці за сваё дзіця — самая моцная з усіх малітваў.
Літаральна на днях у Веткаўскім музеі народнай творчасці з’явіўся доўгачаканы, абноўлены буклет пад назвай “На Ветке жить добро, мирно и вольно!”, у якім ёсць інфармацыя аб гісторыі стварэння і дзейнасці музея, аб змесце яго экспазіцый і калекцый. Гэтае выданне з’явілася якраз напярэдадні вялікага свята — Пакрова Прасвятой Багародзіцы і, магчыма, будзе невялікім падарункам для ўсіх, хто любіць нашу зямлю, культуру.
Падарункі для душы — гэта вельмі прыгожыя песні (“псальмы” або псалмы), якія спяваюцца ў гонар Маці Божай, а таксама — вершы. Адзін з іх (аўтар — Л. Мілаўзорава) быў надрукаваны ў ілюстраваным штотыднёвым часопісе “Русский паломник”, які выйшаў у Санкт-Пецярбургу ў 1891 годзе (№25). VII том гэтага часопіса (за 1891 год) знаходзіцца ў фондах веткаўскага музея.
Пред иконой Богоматери
Заступница наша благая, усердная,
И к грешному миру всегда милосердная,
Царица незримой для нас высоты!
Стою пред иконой Твоей преклонённая
Горящей лампады лучём озарённая,
Сияешь Ты блеском святой красоты.
К Тебе возношу я молитву не новую:
— За всех обездоленных жизнью суровою,
За всех угнетённых скорбями не в мочь,
За плачущих горько…
О, Матерь Предвечнаго!
И в чистом порыве желанья сердечного,
Кто сможет великому горю помочь?..
Ты наша надежда и помощь единая,
Иной не имеем, и сила орлиная
В том сердце, где эта надежда живёт.
Пошли эту силу — залог упования, —
Всем павшим под гнётом нужды и страдания,
Кто имя святое Твоё призовёт.
А если кто тьмою объятый неверия,
Лишился и к Богу, и к ближним доверия, —
О, хуже несчастия этого нет! —
Ту душу огнём опали очищения,
И даруй всем грешным нам милость прощения,
Пресветлая Матерь, родившая Свет!
Ларыса РАМАНАВА, вядучы навуковы супрацоўнік ВМНТ имя Ф.Р. Шклярава.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.