Блакітная кніга Хальча

“Край азёраў ды рэк”, “белавокая”, “край блакітны” — так спрадвеку называлі вандроўнікі і самі жыхары Беларусь. І гэта не дзіўна, бо па тэрыторыі нашай бацькаўшчыны працякае 20800 рэк, а іх агульная даўжыня складае больш 90 тысяч кіламетраў. Тут знаходзіцца 10 тысяч азёраў і незлічоная колькасць крыніц ды ручаёў. Не выключэнне ў гэтым сэнсе і наша Веткаўшчына. Плошча водазбору раёна складае 48099 квадратных кіламетраў. У папярэдняй працы “Блакітная кніга Веткаўшчыны” былі даследаваны і апісаны рэкі ды азёры раёна. А цяпер складзена “Блакітная кніга Хальча”. Бо маючы багаты досвед пра вадаёмы Беларусі, мы амаль нічога не ведаем пра тое, што знаходзіцца побач, да чаго мы дакранаемся штодзень. Таму у цэнтры ўвагі — родныя крыніцы, дзе тысячы гадоў таму пражывалі нашы працавітыя продкі.

Адны назвы ўзніклі яшчэ ў другім тысячагоддзі да нашай эры, калі рэгіён актыўна пачаў засяляцца балцкімі плямёнамі, другія ж — у 8-11 стагоддзях, падчас славянскай каланізацыі, бо менавіта ў гэтых мясцінах фармавалася і развівалася старажытнабеларускае племя радзімічаў. Але большая частка хальчанскіх гідронімаў склалася ў 18-20 стагоддзях.

У сваёй працы мы імкнуліся не толькі апісаць вадаёмы і вызначыць іх паходжанне. Мы вырашылі прасачыць уздзеянне гаспадарчай дзейнасці чалавека ў рэгіёне і даць дакладную характарыстыку сённяшняга экалагічнага стану вадаёмаў, а таксама прапанаваць канкрэтныя праекты па выкараненню адмоўных момантаў.

ЖУРАВІНКА. МОШАЧКІ. ГАЦІШЧЫ

Вось такімі цікавымі назвамі аб’яднаны комплекс азярцоў, што месцяцца на захад ад вёскі Хальч, у бок Залатога Рога і пасёлка Пабеда. Сёння гэта вялікае саўгаснае поле ў некалькі дзесяткаў гектараў. А некалі тут усё было інакш — вялікія балоты, што цягнуліся на кіламетры ад мехдвара цяперашняга КСУП “Хальч” да вёскі Залаты Рог, якой ў тыя часы не існавала, бо пасёлак быў заснаваны толькі ў 1925 годзе. Пачыналася тая вераніца балотаў з Журавінкі, якая яшчэ 40 гадоў назад займала плошчу амаль у два гектары. Балота мае пасляледавіковае паходжанне, і нягледзячы на тое, што знаходзіцца на правым высокім беразе ракі Сож, ніколі не перасыхала, бо падпітвалася шматлікімі крыніцамі-ключамі. Назва мае славянскае паходжанне, значыць, узнікла недзе ў 9-10 стагоддзях, калі рэгіён засяляўся радзімічамі. Сведчыць аб тым, што вакол балота і на ім самім раслі журавіны, а магчыма былі гнездаванні птушак журавоў. Як бы там не было, сёння журавіны тут не растуць і журавы больш не гняздзяцца. Але назва засталася ранейшай. Яшчэ некалькі дзесяткаў гадоў таму назад тут у вялікай колькасці вадзіліся дзікія качкі розных відаў, чайкі, кулікі, вадзяны пацук, чарапаха звычайная, карась серабрысты…

Але саўгас “Хальч” разрастаўся, патрабаваліся новыя пасяўныя плошчы, і балоты сталі меліярыраваць. Першым у гэтым спісе апынулася Журавінка. У 70-я гады мінулага стагоддзя быў праведзены комплекс работ і на месцы балота з’явілася возера прамавугольнай формы памерам 80 на 250 метраў, а побач невялікая запруда. Плошча балота паменшылася ў некалькі разоў. Сёння Журавінка — забалочанае возера. Яно зарыблена. Тут водзяцца карась, акунь, уюн, пячкур, сустракаюцца краснапёрка, плотка, лінь, вадзяны пацук, вужы. Іншым разам гняздзяцца качкі, чайкі і каня. Гэта азярына стала месцам рыбалкі і адпачынку як вяскоўцаў, так і заезжых аматараў-рыбаловаў.

За Журавінкай, праз невялікае ўзвышша, пачыналася іншае балота — Мошачкі. Яно займала значна большую плошчу, чым Журавінка. Тут таксама білі ключы-крыніцы, таму яно не перасыхала. Было паросшае асакой ды чаротам, у якіх гнездаваліся многія віды птушак. Вясной і восенню тут харчаваліся і адпачывалі пералётныя вадаплаўныя птушкі. Вядома, што ў гэтай забалочай мясціне вадзілася шмат машкары і камароў. Мабыць адсюль і паходзіць назва Мошачкі. Паўночна-заходняя частка балота называлася Гацішчы. Гэта назва мае цікавае гістарычнае паходжанне.

Як вядома, тэрыторыя вёскі Хальч пачала засяляцца яшчэ ў бронзавым веку, недзе ў другім тысячагоддзі да нашай эры, а ўжо ў раннім жалезным веку (7 ст. да н.э.) тут было некалькі селішчаў і гарадзішча, якія паступова, к 10 стагоддзю нашай эры, аб’ядналіся ў населены пункт-сяло Хальч. Першыя ўпаміны аб ім у летапісах датуюцца 1452 годам. А назва Хальч мае даславянскае паходжанне і азначае “качкаватае месца”, “вялікая рака”. Вёска паступова разрасталася, а пры панах Халецкіх тут вырас маёнтак-фальварак. У 1764 годзе Хальч атрымаў статус мястэчка, дзе сталі праводзіцца два пастаянныя кірмашы — Пятроўскі і Міхайлаўскі — адны з буйнейшых у паўднёва-ўсходняй Беларусі. Воднага гандлёвага шляху па Сожы і Бесядзі было ўжо недастаткова, ды й былі яны доўгімі. Патрабаваліся кароткія сухапутныя шляхі — гасцінцы. Вось такі гасцінец і ўзнікае ў другой палове 18 стагоддзя. Ён звязваў паміж сабой Чарнігаў, Беліцу, Гомель, Ветку, Чачэрск, Рэчыцу, Магілёў, Прапойск. Адгаліненне гэтага гасцінца праходзіла і праз мястэчка Хальч. Шлях цягнуўся ад Гомеля цераз сённяшнія Пакалюбічы, Калініна, Залаты Рог, а потым трапляў у балоцістыя Мошачкі. Каб не тапіцца, ў багне былі закладзены гаці (машчоны з бярвенняў, лазы і каменняў насып), якія выконвалі функцыю сухой дарогі, што цягнулася да Хальча. Адсюль і паходзіць назва паўночнай часткі Мошачак — Гацішчы.

Далей праз Зібень на Радугу, Шарсцін, Прысно і цераз Кацярынінскі шлях да Чачэрска. А таксама па сённяшняй вуліцы Садовай (ранейшая назва Нандачы), Школьнай (ранейшая назва Жыды), Падгорнай да ракі Сож, дзе была паромная пераправа, а ў канцы 20-х-пачатку 30-х гадоў быў пабудаваны драўляны мост. Гэта ў месцы так называемых “гацяў” на рацэ.

Сённяшняй шашы Гомель-Ветка не існавала. Яна была пракладзена напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і спачатку была выкладзена з камняў-булыжнікаў, пазней заасфальтавана. Таму што Ветка стала цэнтрам аднайменнага раёна і патрабавалася больш кароткая і добраўпарадкаваная дарога на Гомель.

Напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў паўднёвай частцы балот, па абодвух баках шашы, пачалі здабываць гліну і ўтварылася некалькі кар’ераў. Калі распрацоўкі спынілі, кар’еры добраўпарадкавалі і на іх месцы з’явіліся азярцы. За тым, якое па правы бок шашы, замацавалася ранейшая назва Мошачкі, а тыя, што злева, сталі называцца Гомельскія кар’еры. Яны зарыблены, тут водзяцца карась, лінь, пячкур, уюн, ратан, а ў Мошачках сустракаецца шчупак. На азярцах гняздзяцца дзікія качкі, чайка звычайная, каня. Іх берагі парослыя хмызняком і чаротам. Гэтыя вадаёмы карыстаюцца папулярнасцю ў аматараў-рыбаловаў.

Лугавіны і лажкі (невялікія нізіны, якія падтапляюцца талымі і дажджавымі водамі, а ўлетку амаль перасыхаюць), што мясціліся на паўночны захад ад Мошачак, называліся Панскія пчолы. Назва пайшла ад пасекі, якую тут трымалі паны Войніч-Сенажэцкія да 1917 года. Гэты тапанім хальчане ўжываюць і сёння, калі гаворка ідзе аб данай мясціне.

ГЛІНІШЧА. ПЛІСКАЧОЎКА

Як і ў Мошачках, гліну здабывалі каля пасёлка Пабеда, што за паўтара кіламетра на захад ад Хальча. Пасля завяршэння работ кар’ер быў добраўпарадкаваны, запоўнены вадой і зарыблены карасём. Сёння гэта возера памерам 70 на 200 метраў, берагі якога густа параслі хмызняком, чаротам і асакой. Яго глыбіня невялікая, недзе ў сярэднім каля двух метраў. Актыўна выкарыстоўваецца аматарамі-рыбаловамі.

Пліскачоўка — азярцо за 500 метраў на паўночны-захад ад Хальча, ў ваколіцах пасёлка Барэц. З далёкіх часоў гэта была забалочаная нізіна (лажок), у якой доўга трымалася талая вада. Тут вясковыя жанчыны паласкалі бялізну, у летнюю спякоту плёскаліся дзеці, сюды ж прыводзілі на вадапой і купаць коней. Адсюль, мабыць, і паходзіць назва Пліскачоўка — ад слоў плёскацца, купацца. У 70-я гады мінулага стагоддзя на яе месцы вырылі катлаван, берагі якога абклалі бятоннымі плітамі і праз насосную сістэму з Сожа запаўнялі рачной вадой, якую выкарыстоўвалі для паліву плантацый агародніны ў саўгасе “Хальч”. Таксама яна была зарыблена карпам і таўсталобікам. У 90-я гады, падчас крызісу і наступстваў Чарнобыльскай трагедыі, арашальная сістэма была закінута, ваду перасталі запампоўваць у Пліскачоўку. Зараз азярына падпітваецца толькі талай або дажджавой вадой. Таму вельмі абмялела, а спякотным летам амаль поўнасцю перасыхае.

КАЛДОБІНА

На выхадзе з віру, насупраць Гецава яру, Сож трапляе ў шырокую пойму і русла пашыраецца амаль у два разы, а таксама памяншаецца на некалькі метраў яго глыбіня. Плынь становіцца павольнай. Увесь нанос пяску і глею пачынае асядаць, таму праз метраў 200 утварыліся “грыўкі” (нанос пяску і глею пасярэдзіне русла ракі). Спачатку гэта быў пясчаны востраў пасярод ракі, які падзяляў Сож на два русла. Асноўнае — бліжэй да левага боку, які называўся Перагудавы. Больш мелкае — на правы бераг, да Хальча. Пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі з’явілася неабходная тэхніка, былі прыгнаны “чарпалкі” і пачалося паглыбленне асноўнага русла. Вымываўся пясок на правы бераг Сожа — так з’явіліся Цітавы пясочкі (Ціт Чушаў — мясцовы жыхар, сядзіба якога знаходзілася побач на беразе). Яны перагарадзілі мелкае русла і на яго месцы ўтварылася азярына Калдобіна (са старажытнаславянскага — абасоблена паглыблены вадаём). У часы вясенняга і восеньскага павадкаў яно праточнае. А вось летам гэта сапраўднае абасобленае возера. Вадаём паступова забалочваецца, асабліва яго паўночная частка. Берагі густа парослыя лазой, вербавінай, аірам, чаротам, асакой. У Калдобіне абітаюць амаль усе віды рыб, што і ў Сожы.

КОНСКАЯ ЯМА

Гэта яшчэ адна азярына на правым беразе Сожа, за 150 метраў на поўдзень ад вёскі Хальч. Яна вельмі вузкая, шырыня не больш 20-30 метраў, але вельмі доўгая — амаль паўкіламетра. Яе паходжанне невядома. Месцамі гэта возера вельмі глыбокае, паўночная частка забалочана, а берагі буйна парослыя асакой, чаротам і лазой. Паўднёвая частка пясчаная, берагі бугрыстыя. Недалёк знаходзіцца жывёлагадоўчая ферма, на якой здаўна ўтрымлівалі коней. Мабыць адсюль і назва Конская яма (глыбокая, конь можа патануць). У часы вялікага веснавога павадку яно становіцца праточным, таму тут водзяцца ўсе віды рачной рыбы. Актыўна выкарыстоўваецца аматарамі-рыбаловамі.

 

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.