Блакітная кніга Хальча (працяг)

Вясной бягучага года праводзілася рэспубліканская краязнаўча-пошукавая экспедыцыя “Сведкі мінулых часоў”. У намінацыі “Дародныя крыніцы” навукова-даследчая праца “Блакітная кніга мястэчка Хальч” краязнаўчага гуртка “Спадчына” Хальчанскай базавай школы, якім кіруе настаўнік гісторыі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Міхайлавіч Космыкаў, заняла трэцяе месца ў вобласці.

Сёння мы працягваем публікацыю найбольш цікавых старонак гэтай даследчай працы.

КАМЕННАЕ. КОЗКА. ШАМАНСКІ ЗАРУЖАК

“Каменнае” — усе вышэйназваныя тапонімы і гідронімы завязаны менавіта на гэтым паняцці, якое мае глыбокія гістарычныя карані.

Пасля апошняга чацвярцічнага абледзянення, якое адбывалася прыкладна 90-35 тысяч гадоў таму назад, Веткаўшчына знаходзілася пад актыўным уздзеяннем ледавіка, які літаральна зруйнаваў сённяшнюю тэрыторыю раёна. Правы бераг Сожа, які цягнецца ад вёсак Шарсцін і Юркавічы да Старога Сяла, мае ўзвышэнне ў сярэднім 5-8 метраў над узроўнем ракі. Мабыць, тут ледавік, глыбока ўрэзаўшыся ў зямлю, падняў з глыбіні залежы шчэбню, крэмню і галькі. Таму ўвесь бераг, пачынаючы ад Ціта і да Козкі, поўнасцю пакрыты каменнем розных парод, сярод якіх пераважаюць крэмень і галька. Яшчэ ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя ён быў увесь усыпаны каменнем, не кажучы пра больш ранні час. Мяркуем, што і назва Каменнае паходзіць адсюль. Тым больш, што палац паноў Халецкіх знаходзіцца на вельмі высокім абрыве, які называецца “скала”. Магчыма, наяўнасць вялікай колькасці крэмню і галькі, прывабіла сюды балтаў, якія з’явіліся тут у ІІ-м тысячагоддзі да нашай эры. Бо крэмень з’яўляўся асноўным матэрыялам для вытворчасці прылад працы ў той час.

Зараз па берагу Сожа каменне знайсці цяжка, бо ён забалочаны. А вось усё дно ракі ад Каменнага да Калдобіны літаральна ўсеяна ім. Ды і камні-валуны, што ёсць у самой вёсцы, магчыма, таксама вынік дзейнасці ледавіка.

Зараз пад назвай “Каменнае” хаваецца вялікі вадаём даўжынёй недзе больш за паўкіламетра, які цягнецца ўздоўж Зібені, ад Гецава яру да Козкі. Ён мае глыбіню месцамі да трох метраў. Берагі вельмі забалочаныя, парослыя асакой, аірам, чаротам, вярбінай, альхой. У самім вадаёме шмат жоўтай і белай куўшынкі. У паўднёвай частцы мае вузкі праход шырынёй каля трох метраў, які злучае яго з ракой. Але іншымі гадамі ён замываецца, і тады Каменнае выступае як абасобленая азярына. Тут водзіцца ўся фауна, што і ў Сожы.

А цяпер наша Козка. Часам многія блытаюць паняцці Каменнае і Козка. Першае — гэта вадаём, а другое — лугавіна. Козка знаходзіцца ў самым канцы Заружка, у напрамку вёскі Радуга, каля Лысай гары, іншая назва — Лесапілка. Справа ў тым, што паны Халецкія ў гэтым месцы сапраўды трымалі лесапільню ў канцы 18 — пачатку 19 стагоддзях. Рэшткі яе захава-ліся яшчэ і сёння.

Назва Козка мае дагістарычнае паходжанне і звязана з фіна-угорскімі або балцкімі народамі, што засялялі гэтыя мясціны ў далёкім мінулым. Яго сэнс — водмель, крыніца, пясчаная мель. Наваколле сапраўды і зараз вызнаецца крыніцамі і водмелямі. Ёсць меркаванні, што гэта назва паходзіць ад жывёлы (Казы), якую, мабыць, тут выпасалі.

І, нарэшце, Шаманскі заружак. У сваёй даследчай працы “Тапанімічны слоўнік Веткаўскага раёна” этнограф і лінгвіст А. Рогалеў сцвярджае, што Шаманскі заружак ёсць Козка. Гэта не зусім дакладна. Шаманскі заружак — невялікае адгаліненне ад Каменнага на поўнач працягласцю каля 150 метраў і шырынёй не болей 10-15 метраў, з максімальнай глыбінёй два метры. А вось даславян-ская расшыфроўка гэтага словазлучэння — “чорная, іржавая старыца” — ёсць найбольш праўдзівая інтэрпрытацыя назвы. Менавіта тут знаходзяцца адкладанні балотнай жалезнай руды. Бо і сёння дно Шаманскага заружка мае жаўтавата-карычневы колер. Ды й насупраць, за 200 метраў, на Лысай гары, з другога тысячагоддзя да нашай эры існавала гарадзішча балтаў. А ўжо з сярэдзіны першага тысячагоддзя да нашай эры яны мелі практыку здабывання жалеза з балотнай руды.

КРЫНІЦЫ

Хальчанскія спрадвечныя гаючыя крыніцы. Колькі пра вас напісана і расказана! Сэрца баліць, што вы амаль зніклі. А колькі вас было?!. Гецава, Панская, Цітава, Пузынькіна, Дранікава — хто можа больш нагадаць?

Найбольш знакамітая Гецава крыніца, бо мае свой пачатак менавіта ў гэтым яру. Яна знаходзіцца на выхадзе з яру ў невялікай яме. З назвай Гецаў яр звязваецца язычніцкае пакланенне каню, які ходзіць па ва-дзе, што сведчыць аб кульце гэтай жывёліны або аб фактах ахвярапрынашэння каня ў мінулым у гэтай мясцовасці. Бо ў паганскі час існавала Конскае свята (18 жніўня). У гэты дзень коней добра кармілі, на іх не працавалі, купалі ў рацэ або крыніцы, завівалі стужкамі хвост і грыву. У Конскае свята наладжваліся скачкі, у сувязі з гэтым і назвы Гецаў яр, Гецава крыніца паходзяць менавіта ад свята. Магчыма, з гэтай знакамітай “святой” крыніцы нашы далёкія продкі паілі сваіх коней і тут жа шанавалі памёрлых суродзічаў.

Недзе гадоў 30 таму крыніца была імклівая, мела некалькі вытокаў. Зараз засталіся толькі два, і тыя вельмі слабыя. Штогод яны замываюцца вясеннімі павадкамі, заносяцца пяском і глеем і страчваюць сваю сілу. Адпачываючыя не прыкладваюць намаганняў, каб іх паглыбіць і добраўпарадкаваць.

Панская крыніца знаходзіцца пад схілам скалы, на якой месціцца знакаміты фальварак Халецкіх. Некалі яна была такая бурлівая, што параджала цэлы ручай. Але паўсямеснае запусценне даканала і яе. Зараз гэта крыніца ледзь-ледзь струменіць і вады з яе напіцца немагчыма.

А вось Цітава і Пузынькіна крыніцы да апошніх 15 гадоў мелі вялікае значэнне для сяльчан. Гаспадары, што жылі на ўзбярэжжы, апранулі іх у бятонныя кольцы і пераўтварылі ў сапраўдныя студні, якія прыносілі вялікую асалоду шматлікім адпачываючым улетку. Але штогадовыя разлівы Сожа і абыякавыя адносіны людзей знішчылі Цітаву крыніцу (яе замыла). І сёння студзёную крынічную вадзіцу можна пачаставаць толькі з Пузынькінай крыніцы.

Што тычыцца Дранікавай крыніцы, якая знаходзіцца на паўночным ускрайку Калдобіны, то яна поўнасцю забалочана і пераўтварылася ў ледзь прыкметны брудны ручай.

ЭКАЛАГІЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ХАЛЬЧАНСКІХ ВАДАЁМАЎ

Сённяшні стан хальчанскіх вадаёмаў выклікае вялікую заклапочанасць. Па-першае, азярыны Журавінка, Гацішчы, Мошачкі і Пліскачоўка знахо-дзяцца пад пагрозай будучага атручвання. Бо менавіта ў самым цэнтры поля, паміж гэтымі вадаёмамі, на ўзвышшы, узво-дзіцца вялікі жывёлагадоўчы комплекс, адыходы ад вытворчай дзейнасці якога пры нечаканых абставінах будуць атручваць не толькі грунтовыя воды, але ў першую чаргу пералічаныя вышэй вадаёмы. Талыя і грунтовыя воды ў гэтым месцы маюць сцёк у раку Сож, што нясе ў будучым пагрозу і яму. Можа катастрафічна парушыцца экасістэма “балота-возера-рака”, якая складалася тысячагоддзямі..

Па-другое, пералічаныя вадаёмы знаходзяцца пад пастаянным уздзеяннем гаспадарчай дзейнасці КСУП “Хальч”. У пашавы перыяд сюды на вадапой накіроўваюцца сотні галоў буйной рагатай жывёлы як саўгаснай, так і з прыватнага сектару, якія значна забруджваюць ваду. Сюды ж пасля вытворчых працэсаў прыязджаюць вымываць ёмістасці мясцовыя механізатары. Раней ужо былі выпадкі атручвання рыбы ў Журавінцы.

Па-трэцяе, рыбаловы-аматары занадта забруджваюць акаляючую тэрыторыю вадаёмаў бытавымі адыходамі. Апошнім часам прыкмечана выкарыстанне браканьерамі электравудаў, якія поўнасцю знішчаюць фауну вышэйпералічаных азярын. А бягучай зімой у Журавін-цы адбылося прыдушэнне рыбы.

Ад такіх жа праблем пакутуюць азёры Калдобіна і Конская яма, а таксама заружкі Каменнае і Шаманскі. Калі вытворчае забруджванне тут мінімальнае, то пагроза ад браканьераў і адпачываючых вельмі адчувальная.

З крыніцамі праблема носіць больш прыродны характар. Знаходзячыся пад уплывам штогадовага веснавога павадку, яны патрабуюць звычайнага пастаяннага добраўпарадкавання.

Са свайго боку наш гурток плануе ў бліжэйны час правесці працоўныя экалагічныя дэсанты па добраўпарадкаванню хальчанскіх вадаёмаў — ачысціць іх берагі ад смецця. Калі спадзе павадкавая вада, мы пойдзем да нашых крыніц і прывядзём іх у парадак. А таксама звернемся з прапановай у Хальчанскі сельскі Савет, каб сумеснымі намаганнямі са школай вырабіць адмысловыя шыльды з апісаннем канкрэтнага вадаёма і ўстанавіць іх на месцах.

Даследваючы і вывучаючы гэтую цікавую тэму, мы імкнуліся расказаць грамадскасці пра незвычайна багатую прыродную спадчыну Хальча, тое воднае багацце, якое так беражліва асцерагалі нашы продкі, і як яно сёння нерацыянальна выкарыстоўваецца нашчадкамі.

Мы вучні, мы дзеці. У нас няма моцы, у нас няма сродкаў! Таму нашай даследчай працай мы хочам зацікавіць сваіх бацькоў, суседзяў, працаўнікоў і кіраўнікоў КСУП “Хальч”, адпаведныя прыродаахоўчыя арганізацыі, райэпідэмстанцыю і нагадаць усім ім: “Паважаныя, тое што ёсць у нас сёння, было дадзена нам адзін раз і назаўсёды. Больш такога не будзе. Давайце зберажом талакой гэтае багацце для будучых пакаленняў!”

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.