Шмат у вёсцы Хальч выдатных дамоў, але адзін з іх асабліва звяртае на сябе ўвагу. Гаспадары гэтага дома — Ганна і Уладзімір Гутар.
Пры знаёмстве Ганна распавяла мне, як яны з мужам паступова ўласнымі рукамі стваралі з сядзібы сапраўдную казку.
Перад домам акуратна пастрыжаны газон, адкрываецца брамка — і вачам паўстае дагледжаны дворык з шыкоўнымі кветнікамі, выкладзенымі дарожкамі і садовай сажалкай. Ганна любіць займацца раслінамі. Хосты, кусты руж, клематысы, лілеі, рамонкі, стройныя зялёныя туі і дэкаратыўныя хмызнякі нібы сапернічаюць у конкурсе прыгажосці. З ранняй вясны да позняй восені двор літаральна зіхаціць рознымі колерамі. Сапраўдны парад фарбаў!
І на гэтым захапленне гаспадыні не заканчваецца — Ганна робіць букеты з вырашчаных кветак. Дачка і муж ва ўсім яе падтрымліваюць і дапамагаюць.
Напярэдадні навагодніх святаў сям’я Гутар упрыгожвае сваю сядзібу ілюмінацыяй, і запарушаны снегам двор становіцца зусім казачным.
Нярэдка даводзіцца чуць: «Маючы фінансы, можна і прыгажосць навесці!» Доля праўды ў гэтым ёсць. Аднак я ўпэўнена, што надаць свайму жыллю і падворку арыгінальнасці, зрабіць іх незвычайнымі і вельмі прывабнымі можна і без вялікага фінансавага запасу.
Анастасія ЧУШАВА.
