Запрашаем далучыцца да неглюбскіх дзівос
Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама запрашаюць ўсіх ахвочых у суботу, 20 жніўня, ў Неглюбку на свята ткацтва «Кросенцы».
Тут вас чакае незабыўнае паглыбленне ў тэхналогію і сімволіку традыцыйнага ткацтва: лепшыя неглюбскія майстры і іх пераемнікі з Веткаўскага музея будуць дзяліцца таямніцамі неглюбскага ўзору і тэхналогіяй іх стварэння.
Неглюбка — непаўторны куток Веткаўшчыны. Неглюбскія ручнікі, якія створаны мясцовымі ткачыхамі на драўляных кроснах, пабачылі ўвесь свет. На міжнародных выставах Нью-Йорка, Манрэаля, Токіа, Парыжа, Бруселя яны былі адзначаны залатымі медалямі, а амерыканскі музей Метраполітэн прыдбаў іх для сваёй калекцыі. У 2016 годзе неглюбскай народнай тэкстыльнай традыцыі быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а найлепшы ўзор майстэрства неглюбскіх ткачых рэкорднай даўжынёй у 30 метраў як абярэг нашай краіны быў падараваны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
Народнае арыгінальнае рамяство не забываецца новым пакаленнем і актыўна папулярызуецца. Доказам гэтаму з’яўляецца правядзенне штогадовага свята ткацтва «Кросенцы».
Вось што цікавага адбудзецца на фестывалі 20 жніўня…
Распачнецца свята неглюбскага ткацтва ў 12.00. З гэтага часу будуць працаваць: інтэрактыўныя пляцоўкі і фотазона; выставы майстроў народна-мастацкіх промыслаў Веткаўскага раёна; гандлёвыя пляцоўкі; выступы ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці калектываў Веткаўскага раёна.
Месца правядзення: пляцоўка каля сельскага цэнтра ткацтва аг. Неглюбка.