Надавалі Чарнобылю, надаём і санкцыям

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка наведаў Чачэрскі раён. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і Гомельскай вобласці, а таксама аб пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і аднаўленні пацярпелых тэрыторый.

Паездку ў Чачэрск Прэзідэнт Беларусі пачаў з азнаямлення з сітуацыяй у сельскай гаспадарцы. Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу падрабязна пацікавіўся ходам веснавых палявых работ, планамі на ўраджайнасць розных культур. Кіраўнік мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Отар» праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб сітуацыі ў сваёй гаспадарцы, а міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло далажыў аб ходзе палявых работ у цэлым па краіне. Затым Прэзідэнт наведаў малочнатаварную ферму мясцовай гаспадаркі.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў больш сур’ёзна займацца меліярацыяй. «Гэта дзяржаўнае пытанне. Дарогі, меліярацыя, урадлівасць зямель — гэта наша пытанне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што кожны год трэба меліяраваць 200 тыс. га зямель і шукаць на гэта сродкі з розных крыніц — чаго б гэта ні каштавала. «Гэта для мяне важнейшае пытанне», — заявіў ён.

Пры наведванні Чачэрскай цэнтральнай раённай бальніцы Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу поўнасцю забяспечыць патрэбнасці медыцыны ў лякарствах і тэхніцы: «Каб не было нейкіх спасылак на санкцыі і яшчэ нешта». Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што задача выконваецца.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай кабінета рэнтгендаследаванняў, міжраённага кабінета камп’ютарнай тамаграфіі, міжраённага аддзялення гемадыялізу, аперацыйнай малаінвазіўнай хірургіі, педыятрычнага аддзялення. Прэзідэнт пагутарыў з работнікамі бальніцы і пацыентамі. Дзеці, якія знаходзяцца на лячэнні ў стацыянары, атрымалі салодкія падарункі ад кіраўніка дзяржавы.

Беларускі лідар адзначыў, што пацярпелыя раёны добра аднаўляюцца, а захваральнасць грамадзян нават ніжэйшая, чым у іншых рэгіёнах. Тут таксама добрая нараджальнасць. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка дадаў: дзяржава будзе рабіць усё для развіцця пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС тэрыторый. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў на сустрэчы з жыхарамі Чачэрскага раёна.

У Чачэрску Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да мемарыяла «Памяць адселеным вёскам». «Не буду гаварыць, што мы перамаглі Чарнобыль, але па мардасах яму надавалі моцна. Мы справіліся з вырашэннем гэтай задачы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вы бачыце, што зроблена, але галоўнае, каб мы жылі на сваёй зямлі».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што старэйшае пакаленне можа расказаць, як было раней, і параўнаць з цяперашнім. А вось будучыня залежыць ужо ад моладзі. «І мы зробім усё, каб наша моладзь была сапраўднай, нашчадкам таго, што стварала старэйшае пакаленне, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Вам вялікая ўдзячнасць, што вы ў свой час засталіся тут жыць. Мы з вамі тут нямала зрабілі. Я перакананы ўжо: амаль усе вы разумееце, што мы тады зрабілі правільна».

Адносна санкцый Прэзідэнт заўважыў, што яны не толькі ўскладнілі абстаноўку, але і падштурхнулі шукаць выхады, адкрылі новыя магчымасці. «Мы аптымізуемся, глядзім, каб грошы траціліся куды трэба. Мы сёння з губернатарам гаварылі толькі аб адным: не аб скарачэнні фінансавання, а аб тым, каб, наадварот, Гомельскай вобласці дапамагчы, каб тут развівалася вытворчасць», — сказаў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што замест невялікіх разавых выплат асобным катэгорыям людзей лепш сканцэнтраваць сродкі і рэалізаваць важны і патрэбны праект, напрыклад, па будаўніцтве станцыі ачысткі вады ад прымесей жалеза.

«Калі мы не будзем гаварыць, што гэта льготы, гэта значыць, мы будзем вас падтрымліваць у два разы больш. Справа не ў ільготах, а ў тым, каб вам было дзе працаваць і нармальна зарабляць», — заявіў беларускі лідар, размаўляючы з жыхарамі Чачэрска.

БЕЛТА

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.