Палажэнні абноўленай Канстытуцыі забяспечаць развіццё Беларусі ва ўмовах выклікаў і пагроз дзяржаўнасці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нядаўнім пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі.
«Мы падыходзім да лагічнага завяршэння працэсу канстытуцыйнай рэформы. Вельмі важна, што ён пачаўся не ў кабінетах, а ў працоўных калектывах, на дыялогавых пляцоўках у рэгіёнах. Практычна ўсе ідэі і прапановы, якія там абмяркоўваліся, ляглі ў аснову змяненняў у Асноўны закон. На сённяшні дзень яны развіты, дапоўнены і дапрацаваны Канстытуцыйнай камісіяй, рабочай групай, прафесійнымі юрыстамі, правазнаўцамі, прайшлі шырокае абмеркаванне ў грамадстве», — сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што рэферэндум як форма народнага волевыяўлення ў гісторыі суверэннай, незалежнай Беларусі тройчы адыграў лёсавызначальную ролю. «Сёння надышоў час узмацніць Асноўны закон палажэннямі, якія будуць забяспечваць развіццё Беларусі ва ўмовах новых выклікаў і пагроз нашай дзяржаўнасці А тое, што яны будуць, ніхто ў гэтай зале, ды і за яе межамі не сумняваецца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, новыя небяспекі будуць узнікаць пастаянна, і апошнія падзеі ў Казахстане — непасрэднае таму пацвярджэнне. «Калі сказаць літаральна — чарговы сігнал трывогі для нас, для Расіі, іншых краін постсавецкай прасторы. Ды і не толькі для іх», — заўважыў беларускі лідар.
Ён канстатаваў: націск на Беларусь па самых розных напрамках не спыняецца і не спыніцца.
«На маючым адбыцца рэферэндуме, я ўпэўнены, народ зробіць правільны выбар, абдуманы і мудры. Гэта будзе вырашаць народ. Усё, што мы маглі зрабіць (і яшчэ ў нас час ёсць), мы зрабілі. Мы данеслі народу сутнасць і аддалі лёс краіны ў рукі беларускага народа. Няхай прымае рашэнне», — сказаў Прэзідэнт.
«Але пытанне не ў гэтым. У тым, што гэты выбар ужо не падабаецца Захаду. Вы ведаеце, што заўсёды і ўсе рэферэндумы і якія б там ні былі выбары не ўспрымаліся там яшчэ да пачатку іх правядзення. Успомніце мінулыя часы: мы яшчэ не пачалі кампанію якую-небудзь, яны яе перакрэслілі ўжо. Ім усё не падабалася. Гэтак жа будзе і цяпер, не стане выключэннем маючая адбыцца кампанія», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што не выключаны правакацыі з мэтай падставіць краіну пад дадатковыя санкцыі або нават шантаж ваеннымі сродкамі. «Ён пачаўся ўжо — верталёты, беспілотнікі, расстрэл знакаў пагранічных, перасячэнне нашай граніцы, — заўважыў беларускі лідар. — Заяўленае раней часовае прыбыццё ў Еўропу натаўскіх войскаў стала пастаяннай прысутнасцю. Нават нарошчваецца гэты кантынгент».
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтых умовах галоўным сродкам забеспячэння стабільнасці і далейшага развіцця краіны з’яўляюцца перш за ўсё асабістая адказнасць кожнага чалавека за лёс дзяржавы і калектыўны імунітэт да маніпулявання грамадскай свядомасцю.
«Безумоўна, вертыкалі ўлады, эканамічнаму блоку, праваахоўным органам неабходна прыняць дадатковыя меры па забеспячэнні бяспекі і спакойнага жыцця людзей у будучы перыяд», — дадаў Прэзідэнт.
На пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што у крымінальны працэс прапануецца ўвесці «завочнае» вядзенне па крымінальных справах у адносінах да абвінавачаных, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Такія падыходы, паводле яго слоў, даўно практыкуюцца ў многіх краінах, у тым ліку еўрапейскіх.
«Не думаю, што новаўвядзенне закране нейкую значную колькасць нашых грамадзян. Відаць, гэта адзінкі з ліку так званых збеглых. Яны, на жаль, ёсць. Будзе над чым падумаць тым, хто мае намер нашкодзіць краіне, людзям, эканоміцы, а потым «схавацца» за мяжой», на нядаўнім пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі падкрэсліў беларускі лідар.
Падрыхтавана па матэрыялам БЕЛТА
