Праект бюджэту на 2022 год абмеркавалі на нарадзе ў Прэзідэнта

Праект бюджэту на наступны год абмеркавалі 3 снежня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў: нягледзячы на беспрэцэдэнтны націск звонку, у краіне здолелі захаваць эканамічны рост і не дапусціць пераносу большасці праблем на штодзённае жыццё людзей.

«Вось гэта галоўная задача. Якія б ні былі санкцыі, як бы на нас ні націскалі, што б з намі ні спрабавалі зрабіць, мы павінны прымаць такія меры, каб людзі гэтых санкцый не адчулі. Прынамсі, каб гэтыя санкцыі і меры звонку не вызначалі жыццё людзей. Запомніце: гэта галоўнае», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вынікі дзесяці месяцаў дэманструюць, што валавы ўнутраны прадукт павялічыўся прыкладна на 2,5 працэнта, расце прамысловая вытворчасць (больш за 7 працэнтаў), прычым практычна ва ўсіх яе падгалінах. Больш за 60 працэнтаў беларускай прамысловай прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Пры гэтым у глабальным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Беларусь займае 46-е месца сярод 152 краін. Такія даныя ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці, растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і праблем у краіне нямала. Але на 90 працэнтаў яны прыўнесены звонку. Прэзідэнт спыніўся на негатыўных тэндэнцыях, якія непакояць не толькі яго. «Гэта перш за ўсё датычыцца цэн», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Упершыню за некалькі гадоў інфляцыя перавысіла прагнознае значэнне 5 працэнтаў, а цэны на сацыяльна значныя тавары ў сярэднім выраслі амаль на 7 працэнтаў. Па некаторых таварах першай неабходнасці зафіксавана павышэнне ад 10 працэнтаў да 100 працэнтаў. Пры гэтым вытворцы сацыяльна значных тавараў і суб’екты гандлю знайшлі пралазы, якія даюць магчымасць абыходзіць уведзеныя цэнавыя абмежаванні і павышаць цэны. Прэзідэнт папрасіў прэм’ер-міністра і старшыню праўлення Нацыянальнага банка асабліва спыніцца на гэтым пытанні ў час дакладаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: нельга дапусціць таго, каб цэнавыя фактары пераходзілі ў наступны год. «Там і без гэтага хопіць праблем: пачынаючы ад рызык пашырэння так званых санкцый, да якіх рэгулярна заклікае Захад, і заканчваючы пагрозай распаўсюджвання пандэміі, гэтага муціруючага віруса, — сказаў ён. — Гэта дадатковы цяжар на і без таго перагружаны фонд сацыяльнай абароны і медыцынскую сферу ў цэлым».

Прэзідэнт Беларусі выказаўся аб праекце бюджэту на 2022 год і падкрэсліў неабходнасць эканоміі і скарачэння неабавязковых расходаў. «Варта памятаць, што людзям патрэбны не лічбы і паказчыкі. Нашых грамадзян хвалююць блізкія ім пытанні: зарплата, работа, цэны. У гэтым кантэксце і прашу весці наш дыялог — ці дастаткова запланавана мер па кантралюемых мной пытаннях», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў нарады.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь апынулася ў цэнтры глабальнага процістаяння, якое цяпер разгарнулася паміж Захадам і Расіяй. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калектыўны Захад перайшоў ужо ад прэтэнзій да больш жорсткіх патрабаванняў і ўльтыматумаў. «Ад нас патрабуюць, каб Беларусь стала такой, як Украіна. Цытую: «дэмакратычнай, перспектыўнай, развітой» дзяржавай, як Украіна. На што выразна два дні таму ім было адказана: мы ніколі не станем Украінай. Таму што мы — беларусы, у нас уласнае бачанне нашых перспектыў», — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сітуацыі процістаяння калектыўнаму Захаду трэба выстаяць, чаго б гэта ні каштавала. «А выстаім толькі тады, калі будзем адзіныя і маналітныя. Таму дысцыпліна, стараннасць павінны стаць у аснову. Не павінна быць доўгіх, працяглых размоў, угавораў. Рашэнне прынята — выконвайце. Калі ідзе такая бойня, нарады не збіраюцца, каб параіцца, у якім напрамку будзем дзейнічаць. Часам рашэнні трэба прымаць імгненна», — растлумачыў Прэзідэнт.

«Людзі хочуць жыць нармальна, і мы павінны ў любой сітуацыі забяспечыць гэта нармальнае жыццё», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

 

Падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.