Любыя палітычныя навацыі павінны ствараць умовы для развіцця суверэннай Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні сустрэўся з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі, каб падвесці вынікі яе дзейнасці. Гэта ўжо трэцяя сустрэча кіраўніка дзяржавы з рабочай групай. Вынікам яе дзейнасці павінен стаць той варыянт праекта Канстытуцыі, які ў далейшым будзе прапанаваны для разгляду Канстытуцыйнай камісіі і вынесены на рэферэндум.

«Я спадзяюся, што наша сённяшняя сустрэча напярэдадні нарады Канстытуцыйнай камісіі будзе падагульняючай. Мэта сённяшняга мерапрыемства — звесці разам усе выпрацаваныя прапановы, стварыць канчатковую канфігурацыю абноўленага Асноўнага закона. Зрабіць гэта так, каб яго палажэнні ўяўлялі сабой адзіную і стройную сістэму», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу членаў рабочай групы на тое, што любыя палітычныя навацыі павінны ў канчатковым выніку ствараць умовы для развіцця суверэннай Беларусі і дабрабыту грамадзян.

На папярэдняй сустрэчы з рабочай групай Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яму прадставілі новы дапрацаваны праект Канстытуцыі. Тады кіраўнік дзяржавы заўважыў, што эксперты рабочай групы падтрымалі не ўсе прапановы Канстытуцыйнай камісіі. «Гэта добра, што ёсць розныя пункты гледжання. Напэўна, любая канкурэнцыя, любыя пункты гледжання, якія маюць права быць, пры сутыкненні садзейнічаюць выпрацоўцы нармальных палажэнняў будучай Канстытуцыі. Толькі так, я лічу, мы выйдзем на дастойны праект Асноўнага закона, які, вядома жа, людзі ўжо чакаюць», — лічыць Прэзідэнт.

Лукашэнка прапанаваў правесці маштабнае сацдаследаванне па канстытуцыйнай рэформе.

«Думаю, трэба таксама правесці маштабнае сацыялагічнае даследаванне на гэту тэму, ахапіўшы розныя рэгіёны і слаі насельніцтва. Як мы рабілі напярэдадні Усебеларускага народнага сходу», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што органам улады важна ведаць меркаванне грамадзян, прычым не толькі па тэме канстытуцыйнай рэформы, але і па іншых актуальных для развіцця краіны пытаннях.

На сустрэчы з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму бежанцаў і падкрэсліў, што папракаць Беларусь у патуранні нелегальнай міграцыі — поўнае глупства. Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія месяцы беларускі бок забараніў уезд у краіну некалькім тысячам нелегальных мігрантаў, і гэта лёгка праверыць. «Калі немцы або амерыканцы хочуць пераканацца ў гэтым, калі ласка, у аэрапорце кожны чалавек на ліку», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адхіліў абвінавачанні ў адрас Беларусі аб нядопуску гуманітарнай дапамогі на граніцу бежанцам. Паводле слоў Прэзідэнта, такія абвінавачанні ў адрас беларускага боку выглядаюць больш чым дзіўна. Асабліва калі ўлічыць, што кіраўнік дзяржавы даручыў упарадкаваць і арганізаваць дастаўку і размеркаванне гуманітарнай дапамогі бежанцам на граніцы.

Усялякія абвінавачанні ў тым, што міграцыйны крызіс выгадны Беларусі, Прэзідэнт лічыць недарэчнымі і беспадстаўнымі, як і развагі наконт наўмыснага абвастрэння сітуацыі беларускім бокам і сцвярджэння, што Аляксандр Лукашэнка прымушае Захад гуляць па сваіх правілах. «Дык не гуляйце па гэтых правілах! Зрабіце наадварот. А наадварот у іх так: трэба забраць гэтых мігрантаў і мы выб’ем козыр з рук Лукашэнкі. Ну дык выбіце. Забярыце мігрантаў, і ў Лукашэнкі козыраў ніякіх не будзе. Што за бязглуздзіца такая, што за глупства? Ляпаюць там што папала», — адрэагаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што закрануў сітуацыю з мігрантамі на граніцы, паколькі «гэта адна з напружаных кропак у нашай краіне». Што датычыцца іншых важных тэм, якія апошнім часам былі на кантролі ў Прэзідэнта (заканчэнне ўборачнай кампаніі і забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання), то тут сітуацыя стабільная. «Тут у нас усё нармальна, тэмпы добрыя», — ахарактарызаваў абстаноўку Аляксандр Лукашэнка.

Падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА

 

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.