Вось і сталі нашы дзеткі першакласнікамі
На бягучым тыдні 241 школьнік афіцыйна стаў першакласнікам. Свята пасвячэння ў вучні адбылося ва ўсіх навучальных установах раёна.
Пачатак навучання на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі — важнейшы этап у развіцці дзіцяці. Учарашнім малышам трэба прывыкнуць да змен у рэжыме дня і распарадку вучэбных заняткаў у школе, навучыцца ўзаемадзейнічаць з аднакласнікамі і педагогамі. Задача настаўніка ў гэты час — выклікаць цікавасць да вучобы, да школы, дапамагчы дзецям перамагчы страх перад невядомым.
Найбольш складаным перыядам для маленькага першакласніка з’яўляецца самы пачатак навучання. Для хуткай адаптацыі да новай сацыяльнай ролі «вучань» у верасні праводзіцца інтэграваны курс «Уводзіны ў школьнае жыццё».
На ўроках хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з правіламі школьнага жыцця, асвойваюць агульнавучэбныя ўменні і навыкі. На занятках у першым класе шмат нагляднасці, займальнага матэрыялу, дыдактычных гульняў і гульнявых практыкаванняў, актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя камп’ютарныя тэхналогіі, без якіх не абысціся ў сучасным адукацыйным працэсе.
Курс працягваўся 20 вучэбных дзён. Скончыўся ён святам «Пасвячэнне ў вучні». Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем дэманстравалі набытыя за гэтыя дні ўменні і навыкі. Пажадаем вучням далейшых адкрыццяў у цікавым падарожжы па краіне Ведаў.
Вольга КАЛІНКОВА, настаўнік 1-га класа Данілавіцкага дзіцячага сада-пачатковай школы.