Розныя традыцыі Веткаўшчыны

Падчас правядзення міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» у Ветцы дзённая яе частка прайшла на Краснай плошчы горада, дзе сабрала экспазіцыі школьных музеяў з усяго раёна. На адкрытай пляцоўцы Старасельская і Прыснянская школы дэманстравалі прадметы народнага побыту, характэрныя для іх мясцовасці, а навучэнцы Яноўскай базавай школы правялі майстар-клас па вязанні дыванкоў.

З Неглюбкі была прывезена калекцыя традыцыйнага ткацтва. Сярод узораў тэкстыльнай спадчыны — ручнікі, абрусы, сурвэткі і пакрывала. Госці ўбачылі частку экспазіцыі музея Стаўбунскага школьнага лясніцтва — чучалаў дзікіх жывёл, якія насяляюць навакольныя лясы. Школьнікі з Радугі расказалі пра гісторыю сям’і Героя Савецкага Саюза М.Р. Батракова, чыё імя з гонарам носіць іх установа адукацыі. Сярэдняя школа №1 г. Веткі імя А.А. Грамыкі прадставіла частку экспазіцыі свайго музея баявой і працоўнай славы. У Хальчанскай школе музея пакуль няма, але дзеці, натхнёныя гісторыяй роду Халецкіх і балямі, якія некалі праходзілі на высокім беразе Сожа, закружылі гасцей у вальсе. Дырэктар гімназіі Сяргей Любімаў запрасіў на аўтарскую выставу веткаўскіх пейзажаў.

Віртуальны тур па адселеных вёсках

Падчас круглага стала з удзелам супрацоўнікаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і педагогаў раёна настаўніца беларускай мовы і літаратуры Хальчанскай базавай школы Алена Мігаль выступіла з прэзентацыяй віртуальнага туру. Разам з калегай, настаўніцай гісторыі Аленай Літвінавай, яна распрацавала экскурсію па месцах вайсковых пахаванняў на тэрыторыі Веткаўшчыны.

— Мы распрацавалі экскурсію ў дадатку izi.travel. Дадатак усталёўваецца на тэлефон, выбіраецца тур і пры набліжэнні да аб’екта аўтаматычна ўключаецца экскурсія. Ёсць магчымасць праслухаць галасавыя запісы і прагледзець фотаздымкі. Асаблівасць туру ў тым, што значная частка раёна сёння забруджана радыяцыяй, многія вёскі адселены, няма доступу да помнікаў, якія знаходзяцца ў той зоне. Але падчас падарожжа побач, нават за 20 кіламетраў, можна прачытаць звесткі пра гэтыя помнікі. Гэта зроблена для таго, каб захаваць памяць. На сёння ў туры 42 аб’екты, ёсць магчымасць пашырыць віртуальную экскурсію, — расказалі пра сваю распрацоўку настаўніцы.

Педагогі абмеркавалі з навуковымі супрацоўнікамі, захавальнікамі фондаў, спецыялістамі аддзела рэстаўрацыі Веткаўскага музея вопыт стымулявання вучняў, педагогаў, бацькоў у стварэнні і развіцці школьных музеяў, а таксама праблемныя пытанні, з якімі даводзіцца сутыкацца.

— Дзейнасць музейных пакояў і школьных музеяў, а таксама вопыт навукова-даследчай і культурна-адукацыйнай работы ва ўстановах адукацыі неабходна паказваць і папулярызаваць, — лічыць дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Пётр Цалка. — Кансалідацыя музейнай грамадскасці школьных музеяў і нашага музея станоўча адаб’ецца на павышэнні прафесійнага майстэрства вучняў і педагогаў, якія займаюцца арганізацыяй музейных пакояў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.