Непаўторныя ручнікі Неглюбкі

Больш як 30 гадоў дзейнічае краязнаўчы куток у Неглюбскай сярэдняй школе. Яго матэрыялы актыўна выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе і пазакласнай рабоце. Дырэктар Неглюбскай сярэдняй школы Сяргей Герасіменка адзначыў:

— Прымяненне краязнаўчага матэрыялу магчыма як на ўроках гісторыі Беларусі, так і на ўроках сусветнай гісторыі ў кантэксце такіх тэм, як Вялікая Айчынная вайна, вайна ў Афганістане, культура, побыт і рэлігія насельніцтва БССР у першай палове XX стагоддзя, а таксама на ўроках па тэме «Наш край». Для таго каб уцягнуць вучняў у работу па прадмеце, неабходна дасканала прадумаць метады і прыёмы падачы краязнаўчага матэрыялу на розных этапах урока і падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. На мой погляд, найбольш эфектыўнымі прыёмамі на ўроках гісторыі з’яўляецца ўключэнне ў тлумачэнне новага матэрыялу звестак краязнаўчага характару, выкарыстанне іх у якасці апераджальных заданняў для вучняў, арганізацыя самастойнай работы для падрыхтоўкі паведамленняў і дакладаў, правядзенне ў музеі экскурсій па тэме ўрока.

У Неглюбскай школе распрацавана шэсць тэм экскурсій. Гэта аглядная экскурсія, «Летапіс роднай школы», «Векапомныя дні 1941–1945», «Родны край», «Неглюбскія ўзоры», «Час выбраў нас».

— Экскурсіі дапамагаюць пазнаёміцца з гісторыяй нашай вёскі, роднай школы, даведацца пра ўдзел землякоў у Вялікай Айчыннай і афганскай войнах, убачыць прадметы сялянскага побыту і адзення, — расказаў Сяргей Пятровіч. — Для якаснага выкарыстання матэрыялаў і экспанатаў на ўроках гісторыі вызначаем іх сувязь з агульна-гістарычным працэсам, іх значэнне для гісторыі краіны…

Спадчына аб’ядноўвае

У Неглюбскай школе больш за 30 гадоў працуе аб’яднанне па інтарэсах «Спадчына». Адзін з яго прынцыпаў — знаёмства з гісторыяй праз мясцовы матэрыял, які знаходзіцца ў школьным краязнаўчым кутку. Для вучняў, як падкрэсліваюць настаўнікі, вельмі важна патрымаць у руках музейныя рэчы, якія даюць магчымасць адчуць сувязь часоў і пакаленняў. Юныя краязнаўцы займаюцца стварэннем радавога дрэва, шукаюць сямейныя рэліквіі і паданні, ствараюць часовыя музейныя экспазіцыі. Яны збіраюць матэрыялы па гісторыі школы, малюнкі, фотаздымкі, прадметы школьнага жыцця, знаёмяцца з мясцовым перыядычным друкам, сустракаюцца са знакамітымі людзьмі роднага краю: неглюбскімі ткачыхамі, ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, знакамітымі людзьмі роднай вёскі… Школьнікі папаўняюць свае веды па гісторыі роднай вёскі, тапаніміцы, вывучаюць архітэктурныя помнікі, віды мясцовых рамёстваў, у тым ліку ткацтва. Дырэктар школы гаворыць, што вучні звяртаюць увагу і на асаблівасці мясцовай гаворкі, абрады і традыцыі жыхароў Неглюбкі, іх стравы, прылады працы.

— Нашы юныя краязнаўцы складаюць планы інтэрв’ю, разгадваюць крыжаванкі, удзельнічаюць у конкурсах і пошукавых экспедыцыях, праводзяць віктарыны і тэматычныя сустрэчы, пішуць сачыненні на адну з прапанаваных тэм: «Тут мае карані», «Хто я?», «Нам засталася спадчына», працуюць з літаратурай і дакументамі, з экспанатамі музейнага кутка, — расказаў Сяргей Пятровіч. — Члены аб’яднання па інтарэсах удзельнічаюць у краязнаўчых алімпіядах, выставах і даследчых праектах, у народных абрадах і святах «Ваджэнне стралы», Калядкі, Купалле, Масленіца. Юныя краязнаўцы былі ўдзельнікамі рэспубліканскіх конкурсаў «Наш край», «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся», «Лепшы турыстычны паход», «Летапіс маёй сям’і» і інш.

Неглюбскія краязнаўцы вядуць збор прадметаў мясцовай матэрыяльнай культуры: прылад працы, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту. Здабытыя матэрыялы выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы дакладаў і паведамленняў на ўроках, падчас тэматычных класных гадзін, канферэнцый, пры выпуску краязнаўчых газет, стварэнні прэзентацый пра родны край і яго жыхароў, папаўненні экспазіцый краязнаўчага кутка.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.