Свята, якое вучыць любіць Радзіму

Грамадска-культурная акцыя «Маёй краіне» ўжо пяты год крочыць па нашай вобласці. Яна заклікана кансалідаваць грамадства і арыентаваць яго на рэалізацыю канкрэтных спраў на карысць роднай краіны. За яе дзейнасцю можна сачыць у афіцыйнай групе Вконтакте па хэштэгу #МАЁЙКРАІНЕ.

Пачыналася ўсё ў 2016 годзе са збору фотаматэрыялаў з усіх куточкаў вобласці, якія ілюстравалі калектыўныя і асабістыя працоўныя і творчыя перамогі, прапагандавалі нацыянальныя, культурныя і гістарычныя каштоўнасці беларускага народа, а таксама расказвалі пра дабрачынныя, экалагічныя марафоны і акцыі. У 2017 годзе акцыя набыла іншае гучанне. Людзі, аб добрых справах якіх расказвалі праз Сеціва, аб’ядналіся разам і сустрэліся афлайн. Канцэрты, якія ўключалі ў сябе конкурсы, спаборніцтвы, патрыятычныя, экалагічныя і дабрачынныя праекты, на адкрытых пляцоўках прайшлі ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці. Не абмінулі і Ветку. На гарадской плошчы прайшлі спартыўнае свята «Сямейныя старты», спаборніцтва «Роллер-фэст», супрацоўнікі Госаўтаінспекцыі паказвалі спецпрылады, якія дапамагаюць ім падтрымліваць парадак на дарогах — мерапрыемства расцягнулася на ўвесь дзень.

У гэтым годзе акцыя “Маёй краіне” — не проста свята ў кожным куточку Гомельшчыны. Гэта магчымасць сустрэцца з цікавымі людзьмі, тымі, хто любіць Беларусь, верыць у сваю краіну, у нашых працавітых людей, у сілу і энергію ўсёй беларускай нацыі. На Веткаўшчыне гэта сустрэча адбылася 30 ліпеня.

Усё дзейства разгарнулася на гарадскім стадыёне, дзе яшчэ да гучання першых акордаў прайшлі спаборніцтвы па футболе паміж школьнымі камандамі і эстафеты. Раённае аб’яднанне «Чырвоны крыж» таксама запрасіла дзятву да гульні, а актывісты АСВОДа тлумачылі, як правільна паводзіць сябе каля вады. Тым часам на бегавых дарожках з’явіліся выставы. Лепшыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дэманстарвалі Веткаўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і аддзяленее дзённага прабывання для інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Побач з імі размясцілася выстава Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. На гэты раз сваю экспазіцыю неглюбскіх ручнікоў супрацоўнікі музея дапоўнілі борцю і прыладамі пчалярства.

Па другі бок стадыёна вырас дзіцячы гарадок. Батуты, надзіманыя горкі, салодкая вата, папкорн і шмат іншых забаў поўнасцю завалодалі ўвагай дзятвы. Бацькі толькі і паспявалі наглядаць за сваімі малымі гарэзамі.

— Мы з вялікім задавальннем прыходзім на ўсе святы, што ладзяцца ў Ветцы, — распавядае маладая маці Юля Барсукова. — Сыну, зразумела, больш за ўсё падабаюцца батуты, а я чакаю, калі на сцэне з’явяцца госці з Мінску.

Дарэчы, гасцей у мінулы чацвер было шмат. Пакуль веткаўчане, памахваючы сцяжкамі з нацыянальнай сімволікай і сімволікай Веткаўскага раёна, ўладкоўваліся на самых лепшых месцах, валанцёры Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі прапаноўвалі землякам напісаць на невялікіх аркушах паперы пажаданні сваёй краіне. Тым часам на галоўнай сцэне выступалі калектывы і салісты Веткаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Ад іх музычную эстафету прынялі артысты Гомельскай абласной філармоніі. Песні савецкай эстрады, сучасныя хіты, а таксама інструментальныя кампазіцыі на гармоні і электрабалалайцы Веткаўшчына сустрэла дружнымі апладысментамі і выдатным настроем. А калі з мікрафонам у руцэ з’явіўся хэдлайнер мерапрыемства, беларускі спявак Саша Нэма, Ветка пусцілася ў пляс. Найбольш смелыя дзяўчаты і хлопцы танчылі побач з артыстам, які, каб быць бліжэй да слухачоў, выступаў на пляцоўцы перад сцэнай, фатаграфаваўся з нашымі землякамі, а ў невялікіх перапынках паміж музычнымі кампазіцыямі жартаваў з імі. Лейтматывам усяго свята была любоў да роднага краю.

— Мне вельмі спадабалася! Лета. Добрае надвор’е, выключныя песні… Класны канцэрт! — падзялілася сваімі эмоцыямі веткаўчанка Наталля Айвазбалян.

Між іншым, канцэрт, які цягнуўся больш за дзве з паловай гадзіны, праляцеў, як адно імгненне. А на памяць аб ім акрамя светлага ўспаміну засталося шмат добрых фотаздымкаў, якія захавалі добрыя эмоцыі нашых землякоў.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.