У мінулы чацвер, акурат на Ушэсце, над Стаўбуном гучаў разліў абрадавых песень. У вёсцы зладзілі абрад «Ваджэнне і пахаване стралы»

Вясковыя жанчыны, узяўшыся пад рукі, вадзілі карагоды і прыносілі дары зямельцы на добры ўраджай. У Стаўбуне вераць, што вадзіць ”стралу” патрэбна, каб дождж пайшоў, каб ураджай быў добры. Таксама абрад ахоўваў людзей ад маланак і пажараў.

Поруч са сталымі спявачкамі — моладзь. Самаму малодшаму ўдзельніку — Мішы Раманькову — споўнілася шэсць. Разам са сваёй сястрычкай Крысцінай ён «водзіць стралу» другі год. З маленства ў стрэльных карагодах Валерыя Жукава і Насця Васільева (на фотаздымку). Яны — удзельніцы фальклорнага калектыву «Спадчына», што працуе пры мясцовым ДК. Разам са сваімі сяброўкамі яны прадаўжаюць традыцыі продкаў і даюць будучыню абраду, які ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

І пакуль мы будзем чуць прыгожыя спевы, бачыць сярод удзельнікаў у шэсці ўздоўж вёскі, абрадавых карагодах у полі моладзь, абкручваць спіны зялёным жытам і качацца па зялёнай ніве, каб набрацца моцы і сілы ад прыроды, датуль традыцыя будзе жыць. Хочацца верыць, што стаўбунскія падлеткі стануць годнымі прадаўжальнікамі гэтай унікальнай культуры, якая налічвае не адну тысячу гадоў.

«Эта ж ахота была. Тады ж мір быў!.. Можа, тысяча чалавек была са ўсяго Стаўбуна. Было інцярэсна. І вадзілі, і хавалі, і пелі… Сперва ж бегалі шпінгалеты за бабамі, а тады ж давай карагоды хадзіць, давай пець. Ну так вот і прапелі ўсю жызню…» — у некалькіх сказах апісвае сваё жыццё карэнная стаўбунка Надзея Нікіцькіна. Сёлета яна адна з нямногіх сталых жанчын павяла стрэльны карагод. Прыйшла, кажа, «радзі людзей, штоб не забыцца старынушку». Гэта ў сялянкі найлюбімейшае свята.

У першым карагодзе, як ужо многа гадоў запар, спеў вядуць салісткі фальклорнага гурта «Стаўбунскія вячоркі». Вопытныя спявачкі Ганна Чуяшова, Улляна Аніськова, Надзея Нікіцькіна, маладзейшыя Святлана Парашчанка, Ніна Гарэленка «вялі стралу». Побач з імі, крок у крок, — маладзейшае пакаленне, удзельніцы гуртка «Спадчына». Дзяўчаты паўтараюць кожны рух жанчын, кожнае іх слова, дапамагаюць «стрэльным» спевам ліцца высока ў неба. Менавіта ім наканавана захаваць гэтую традыцыю і з гонарам перадаць наступным пакаленням. Сабраўшыся разам на галоўным перакрыжаванні вёскі, стаўбункі з песнямі накіраваліся па цэнтральнай вуліцы Леніна за аколіцу, да жытняга поля, каб адвесці ад населенага пункта бяду і няшчасце. Аднавяскоўцы, пачуўшы знаёмыя гукі, выходзілі за весніцы павітаць жанчын, а 90-гадовая Галіна Саламянкіна моцным голасам падхапіла стрэльну песню.

Самае цікавае і сакральнае — пераход ад ваджэння да пахавання стралы — было далей. Мінуўшы вясковыя хаты і разышоўшыся па жытнім полі, кожны выкапаў ямку і паклаў манеткі, металічныя гузікі, другія дробныя рэчы. «Мы сёння даём зямельцы дар — грошы, каб Гасподзь паслаў нам ураджай харошы», — прыгаворвае Святлана Парашчанка. Лічыцца, што такім чынам ад вёскі адводзяцца маланкі, зямле надаецца ўрадлівасць і таксама заклікаецца дождж. Абавязкова загадваюцца жаданні. Жанчыны ўпэўнены, што яны спраўджваюцца.

У гэтым годзе абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы» зусім не падобны да леташняга ці пазалеташняга. Звычайна на Ушэсце вёска гула ад наплыву шматлікіх гасцей з усёй Беларусі, суседняй Расіі, Злучаных Штатаў Амерыкі. Жадаючых стаць у карагод са стаўбунскімі жанчынамі і завесці: «Як пушчу стралу дай уздоўж сяла, ох і вой лялю, дай уздоўж сяла…У!» — былі дзясяткі чалавек; паглядзець на гэтае дзейства, якое заварожвае сваёй урачыстасцю і патаемнасцю, — яшчэ болей. Селёта чужых не было, за выключэннем фотакарэспандэнтаў, якія ўсяму свету расказалі — традыцыя ў Стаўбуне прадаўжае жыць, абрад прайшоў сярод сваіх, сярод людзей, якія сэрцам ідуць па слядах сваіх продкаў.

Ганна КОДАЛАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.