Рабочая паездка Прэзідэнта на Мінскі трактарны завод

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў МТЗ, дзе азнаёміўся з развіццём як непасрэдна гэтага прадпрыемства, так і холдынга ў цэлым.

Цудоўны завод, брэнд нашай краіны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае значэнне Мінскага трактарнага завода, які з’яўляецца брэндам краіны. Аб гэтым ён заявіў, размаўляючы з работнікамі прадпрыемства. ААТ «Мінскі трактарны завод» уваходзіць у дзясятку сусветных вытворцаў адпаведнай тэхнікі. Амаль 90% трактароў рэалізуецца на экспарт. Больш як 15 тыс. чалавек працуюць у ААТ «МТЗ», яшчэ 7,5 тыс. чалавек — на прадпрыемствах холдынга.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што галоўнае ў вытворчасці — забеспячэнне высокай якасці прадукцыі. І ў гэтым залог далейшага развіцця і дабрабыту як самога завода, так і яго работнікаў. «Канкурэнцыя па вашай прадукцыі каласальная. Задача адна — якасць. Гэта галоўнае пытанне нашай машынабудаўнічай краіны і перш за ўсё МТЗ. Вось адзіная мая просьба і строгае патрабаванне да вас усіх», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды лепш у сябе на радзіме, менавіта тут грамадзяне і іх праца заўсёды будуць запатрабаваны. «Беражыце сваё прадпрыемства. Мы будзем рабіць усё для таго, каб вы працавалі. Будзем глядзець, як у вас будуць ісці справы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Таму жывіце. Не перажывайце. Ваша справа — працаваць. А ўлада, члены ўрада, кіраўніцтва прадпрыемства павінны зрабіць так, каб у вас былі ўмовы для работы», — падкрэсліў беларускі лідар.

Проста раскідваць грошы ніхто не будзе

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка акцэнтуе ўвагу, што выдзяленне сродкаў тым ці іншым прадпрыемствам магчыма толькі пад канкрэтныя выгадныя праекты і кантракты і на невялікі тэрмін.

«Я не кажу, як некаторыя: перадвыбарная кампанія пачалася ўжо, дык заяўляюць, што з верталёта будуць грошы раскідваць. У нас гэта не праходзіць, у нас людзі разумныя, усведамляюць, што з верталёта толькі лістоўкі можна раскідваць. Я вам гэтага не абяцаю, як гэта папулярна ні гучала б. Ні ў якім разе», — сказаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў важнасць таго, каб у цяперашніх умовах прадпрыемствы прадаўжалі працаваць, а гэта, адпаведна, і зарплаты ў рабочых калектывах. «На багатым Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, людзі каструлямі грымяць. Дзякуй богу, што мы гэтага пазбеглі, не закрыліся», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся станам спраў на асобных прадпрыемствах. Размова ішла аб забеспячэнні стабільнасці работы, наяўнасці рынкаў збыту, пытаннях аплаты працы. «Людзі павінны бачыць святло ў канцы тунэля. Калі яны гэта бачаць, будуць старацца», — адзначыў Прэзідэнт.

Мы не можам распрадаваць заводы, якія ствараліся пакаленнямі

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя людзі цяпер прапануюць распрадаць дзяржаўныя прадпрыемствы, а атрыманыя грошы накіраваць на рэформы. «Прыгожа гучыць. Але вы разумееце, што я сказаў? Не ўсе. Гэта значыць, што дзяржуласнасць, якая ў нас ёсць, у тым ліку гэты завод (ён жа дзяржаўны), заўтра прададуць і гэтыя грошы накіруюць на нейкія рэформы. Думаю (я ж не першы год Прэзідэнт ужо): напэўна, прададуць, але грошы не пойдуць на рэформы. Мы гэта ўжо бачылі ў Расіі. Грошы раскладуць па кішэнях, будзьце ўпэўнены», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што павальная прыватызацыя — не яго палітыка, хоць сам ён і не супраць продажу дзяржаўнай уласнасці. «Але спачатку скажыце, колькі вы заплаціце. А я падумаю, ці варта і ці патрэбна прадаваць гэта прадпрыемства», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

https://www.belta.by

 

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.