З 21 па 25 жніўня ў Неглюбцы адбудзецца этнаграфічны “летнік” традыцыйнага неглюбскага ткацтва «Кросенцы»

З 21 па 25 жніўня ў Неглюбцы адбудзецца этнаграфічны “летнік” традыцыйнага неглюбскага ткацтва «Кросенцы». Да ўдзелу запрошаныя ўсе, хто жадае дакрануцца да жывых традыцый мясцовага ткацтва. Цікаўнасць да “Кросенцаў” ужо праявілі некаторыя жыхары Гомеля, Брэста, Мінска.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, Веткаўскі цэнтр культуры і народнага ткацтва пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Па словах арганізатараў, удзельнікаў мерапрыемства чакае незабыўны тыдзень паглыблення ў тэхналогію і сімволіку традыцыйнага ткацтва. Лепшыя неглюбскія майстры і іх пераемнікі з Веткаўскага музея будуць дзяліцца таямніцамі неглюбскага ткацтва напрацягу пяці дзён.

У праграме “летніка” значацца майстар-класы па «снаванні», «навіванні» і «накіданні» традыцыйных кроснаў; майстар-класы па ткацтве з асваеннем трох тэхнік ткацтва; майстар-класы па вырабе жаночых аксэсуараў — «неглюбская гарлячка» і «кубак», выраб «аброчнага» ручніка і «абраканне». Акрамя таго, на  тыдні будзе арганізаваны «панёўны дзень». Знаўцы неглюбскага арнаменту Галіна Нячаева і неглюбскага строю Пятро Цалка прачытаюць змястоўныя лекцыі.

“Летнік” падаруе сустрэчы з самымі старымі і самымі маладымі носьбітамі неглюбскай традыцыі ткацтва. На працягу тыдня будуць гучаць традыцыйныя неглюбскія спевы, адбывацца танцы і этна-вечарына. Абавязковай у праграме будзе і фотасесія ў неглюбскіх строях.

У Неглюбскім цэнтры ткацтва будзе ладзіцца выстава традыцыйнага тэкстылю з Веткаўскага, Чачэрскага, Добрушскага, Буда-Кашалёўскага і Гомельскага раёнаў Беларусі, а таксама традыцыйнага тэкстылю з Украіны і Расіі.

“Летнік” праводзіцца пад дэвізам “Спазнаем традыцыю разам!” Далучайцеся!

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.