У Ветцы ў гэтым годзе ўжо вынесена 2 рашэння аб высяленні без прадастаўлення іншай жылплошчы

долгУ любыя часы не было і няма большай каштоўнасці для чалавека, чым дом, сваё жытло, дах над галавой. Можна легчы спаць не вельмі добра пад’еўшы, але калі няма самаго начлегу, зацішнага кутка, то ўсе астатнія каштоўнасці абясцэньваюцца. Таму няма большай матэрыяльнай страты, чым страта жытла. Аднак разумеюць гэта, здаецца, не ўсе, бо некаторыя трапляюць ў даўжнікі па кватэрным плацяжам, а некаторыя гэтыя даўгі даводзяць да таго, што прымаецца судовае рашэнне аб высяленні.

У Ветцы ў гэтым годзе ўжо вынесена 2 такіх рашэння — выселіць без прадастаўлення іншай жылплошчы.

Дзіўна: будучы бяздомны не мог не ведаць, чым усё скончыцца. Але не прадпрымаў рэальных спробаў заплаціць, а пасля вынясення рашэння суда абскардзіць рашэнне ў дзясяцідзённы тэрмін. На што спадзяваўся? Такое стаўленне да рэчаіснасці называюць страўсінай пазіцыяй: не бачу праблему, значыць, яна не існуе.

І вось ужо пад дзвярамі маласямейнага дома на вуліцы Кастрычніцкай у Ветцы стаіць прадстаўнік КЖУП «Веткаўскае», судовы выканаўца з паперамі на высяленне, ў строгай чорнай форме і карэспандэнт з фатаапаратам. Няма толькі самаго былога гаспадара жытла.

Уранні суседзі яго тут бачылі. А да прызначанага судовай пастановай часу былы жыхар камунгасаўскай кватэры збег. Легкадумнае спадзяванне на «а можа абыйдзецца» падказала бегчы ад праблемы. Можа, замкі ўскрываць не будуць, можа, неяк сітуацыя мінецца…

Вельмі неразумнае спадзявнне: акрамя старых даўгоў на неплацельшчыку К. павіс яшчэ і доўг за судовыя расходы, ды 5 базавых велічынь за высяленне. А як вы хацелі: людзі трацяць працоўны час на гэтую працэдуру, маральныя і фізічныя сілы, робяць за гора-наймальніка яго справу па вывазе яго ж скарбу. Як мінімум за працу грузчыка і перавозчыка плаціць трэба.

Час ідзе, а ні за дзвярамі ўжо з сёняшняга дня афіцыйна свабоднай жылплошчы, ні перад імі былы гаспадар не з’яўляецца. Значыць, зараз будуць зламаныя замкі, запрошаны два панятых, запісана маёмасць, ад лыжкі да ніжняй бялізны, і ўсё гэта вывезена. Законна, абгрунтавана рашэннем суда.

Выканаўчы дакумент — не жарт. Ад яго не схаваешся. Калі грамадзянін празмерна аброс даўгамі, запросы будуць дасланыя ва ўсе інстанцыі, якія могуць мець інфармацыю па наяўнай у даўжніка маёмасці. Зямельныя ўчасткі, транспартныя сродкі, аб’екты нерухомасці і гэтак далей. Калі будзе знойдзена нешта годнае для рэалізацыі (бытавая тэхніка, антыкварыят і г.д.), гэта прададуць, а грошы пойдуць за доўг. На даўжніка накладаецца шэраг абмежаванняў, у тым ліку і на выезд з краіны.

Час ішоў, выселены жыхар не з’яўляўся, хоць яго бачылі многія. Натарыусы з суседняй канторы, рабочыя, што працавалі дыскавымі піламі на замене бардзюраў ля дома, сусед. Нехта падказаў, што К. можна сустрэць ля пункту прыёму другаснай сыравіны. І вось прадстаўнікі служб і арганізацый кіруюцца туды.

Аднак і там гора-кватэраздымшчыка не было. Наведвальнік і прыёмшчык сказалі, што не бачылі К., але неяк непераканаўча, няўпэўнена. Што ж, горш толькі яму самому: зараз пры сведках зрэжуць замкі.

Усё так і адбылося б, але высветлілася, што каб вывезці маёмасць даўжніка, трэба мець куды — памяшканне з замком. На той момант падыходзячага не аказалася. Таму замок на дзвярах даўжніка застаўся непарушаным.

Радавацца, што «пранясло», К., аднак, рана. І бессэнсоўна: судовы выканаўца прыйдзе праз 10 дзён ужо ў апошні раз. Гэтая нечаканая адтэрміноўка нічым К. не дапаможа. Проста пагасіць доўг ужо нельга. Нельга проста выплаціць за працэдуру высялення і далей застацца тут жыць:

— Цяпер ужо немагчыма нешта адыграць назад. Дзесяць дзён пасля вынясення рашэння можна было, але чалавек гэты шанец не выкарыстаў, — пракаментаваў судовы выканаўца аддзела прымусовага выканання Веткаўскага раёна Дзмітрый Яцухна. І гэтыя дадатковыя паўтара тыдні для выселенага нічога не зменяць. Калі К. зноў не будзе дома, то абыйдземся і без яго.

Што тут скажаш? І шкада чалавека, і прыкра за яго: усё было ў яго руках, можна было нешта зрабіць. Яшчэ раз востра разумееш: нельга даводзіць сітуацыю да таго, каб з арэнднай кватэры цябе «папрасілі» без прадастаўлення жытла, прасцей кажучы, на вуліцу. Ды і доўг за кватэру прыватызаваную не гарантуе спакою: кватэра можа быць рэалізавана за даўгі, а на астатнія грошы будзе прапанавана набыць нейкі дах над галавой. Верагодней за ўсё, недзе далёка і без сучасных выгодаў, кшталту сельскай хаты.

Дзесяць дзён К. правядзе ў турбоце і на нервах. Лепшы варыянт для выселенага цяпер толькі мірна з’ехаць самому. На вялікі жаль для яго, а таксама на радасць для тых, хто чакаў жытла, рашэнне незваротнае. Для чаргавікоў жа вестка можа стаць прыемнай: дагэтуль свабоднага камунальнага жытла ў горадзе было меней за колькасць пальцаў на адной руцэ. Яшчэ адна кватэра выпала на рынак наёмнага фонду. Камусьці пашчасціць. А нехта будзе шкадаваць аб сваёй неабачлівасць. Але ўсё па закону: закон суровы, але гэта — закон…

P.S. Паўторная спроба высялення будзе зроблена 17 сакавіка: камунальнікі забяспечаць сродкі для выдварэння маёмасці К., яе захавання да вывазу гаспадаром. І прысутнасць былога жыльца не абавязковая.

Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.