Тыдзень прайшоў пад дэвізам «Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску». Актыўны ўдзел у яго правядзенні прынялі вучні ўсіх класаў, а таксама настаўнікі.
Свята пачалося флэшмобам пад назвай “Наша мова — нашы карані”. Усе жадаючыя саджалі беларускамоўнае дрэва. 21 лютага вызначаўся самы згуртаваны дуэт настаўніка і вучня (настаўніца малодшых класаў Анастасія Уладзіміраўна Зычкова і вучань 8-га класа Павел Бабкоў). Быў праведзены займальны ітэрактыў пад назвай “Адна галава добра, а дзве лепш”. Кожны мог прайсці цікавы тэст за камп’ютарам, праверыць свае веды ў вобласці беларускай мовы.
Для малодшых школьнікаў у сераду быў прапанаваны прагляд анімалістычнага беларускамоўнага мультыплікацыйнага фільма “Піліпка”. Далей усіх чакаў займальны перапынак — выстава “Не маўчы па-беларуску”.
23 лютага — Свята мужчын. Сярод мужчынскай паловы нашай школы быў абраны “Беларускі супермэн» (вучань 9-га класа Данііл Дзедушкаў). Справа была за малым — напісаць добра дыктоўку.
Наступнага мерапрыемства як настаўнікі, так і дзеці чакалі з захапленнем. Усе далучыліся да конкурсу чытальнікаў вершаў пад назвай “Лірыка на высокіх абцасах”. Цудоўна, прыгожа і шчыра ўдзельнікі прачыталі на памяць свае любімыя вершы.
Закрыццё тыдня азнаменавалася фальклорна-музычнай гасцёўняй “Край свой родны абыду, скарбы розныя знайду!”, дзе кожны змог праявіць сябе.
Па выніках тыдня самыя актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі, падарункамі, сертыфікатамі «На 10 балаў».
В. ЧЭРНУШЭВІЧ.
