На озере Ореховка Ветковского района прошла акция «Дадим рыбе вздохнуть»

vetkovski_raion_spasem_ribuНа вадаёмах краіны ўсталяваўся тоўсты, стабільны слой лёду. Рыбакам шчасце, але рыбе бяда: у некаторых вадаёмах утвараецца дэфіцыт кіслароду ў экасістэме, так званая прыдуха, якая выклікае гібель рыбы. Напрыклад, у возеры Арэхаўка, што каля Веткі, утрыманне кіслароду ўпала з належных 4-7 мг на дэцыметр кубічны да ўсяго 1,2 (па стане на 10 лютага). Такія паказчыкі атрымалі ў Гомельскай абласной лабараторыі аналітчныга кантролю. Мала кіслароду і ў некаторых іншых азёрах раёна, напрыклад, у Старым Сяле і на гарадскіх стаўках, але там робіцца больш палонак рыбакамі. Арэхаўка ж — не такое папулярнае месца, а тэрыторыя яго нашмат большая.

У сувязі з гэтым лабараторыя, прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, таварыства выратавання на водах, Гомельскага абласнога камітэта аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, а таксама дабраахвотнікі з ліку аматараў зімовай рыбалкі зладзілі 17 лютага комплекснае мерапрыемства супраць замору рыбы.

На Арэхаўку з’ехалася больш за дзясятак машын розных службаў. Байцы МНС рэзалі бензапіламі палонкі-майны.  У мэтах бяспекі рыбакоў, а таксама каб палонкі не замярзалі, наверх клаліся рэйкі і сена. Такіх проймаў было зроблена больш як дзесяць. А лёд на возеры аказаўся тоўсты: на адной з палонак замералі — 35 сантыметраў.

Арандатар рыбных угоддзяў з Гомельскага раёна Цімафей Кукса бязвыплатна прадаставіў сваю помпу, з дапамогай якой быў зроблены «фантан», які аэраваў ваду, а потым назад вяртаў яе ў возера. Усяго пара гадзін работы такога прыстасавання плюс зробленыя палонкі зрабілі вадаём, прыгодным для жыцця рыб.

На мерапрыемства прыбылі прадстаўнікі абласных і рэспубліканскіх тэлеканалаў і газет, што сведчыць аб значнасці падзеі для аховы прыроды ў рэгіёне.

У Арэхаўцы, кажуць рыбакі, ёсць плоткі, акуні, гусцёрка, шчупак. Для іх агульнымі намаганнямі небяспека задыхнуцца-прапасць мінулася. Засталося толькі не трапляцца на кручкі, але ў гэтым ужо інтарэсы прыроды і людзей не супадаюць…

Арыя ГАТАЛЬСКАЯ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.