Пчаляр з Антонаўкі

sladkoe_remeslo
Жыццё — гэта скарб, які ёсць і ў багатага, і ў беднага. І ў залежнасці ад таго, наколькі яго шануе яго ж уладальнік, можа быць як салодкім, так і горкім. Але ж пры гэтым ва ўсіх яно адно. Традыцыя — гэта як адлюстраванне ўнутранага свету чалавека. Яна ёсць і па сёння, але ў кожнага асабістая. Па праваслаўнай традыцыі мёд можна есці толькі пасля мядовага Спасу. У гэтым годзе свята прыйдзецца на 14 жніўня.
Віктар Шыцікаў — адзін з тых, хто радуе людзей якасным мёдам. Пчалярствам Віктар Пятровіч займаецца ўжо каля 15 гадоў. Гісторыя яго як пасечніка пачалася з лоўлі аднаго роя пчол.
…Вярнуўся Віктар разам з дваюрадным братам з арміі ў маі 1994 года. З працай было цяжкавата. Доўга думалі браты чым заняцца, каб зарабіць трохі грошай. Аднойчы захацелася адчуць смак дзяцінства, паспытаць мёду. Знайшлі ў двары стары пакінуты вулей, які належаў бацьку Віктара, зацягнулі яго на гарышча і на некаторы час забыліся на яго. Праз пэўны прамежак часу вярнуліся браты на гарышча, прысланілі вуха да вулля, а там — жыццё — пчолы гудуць. Ішоў час, пчаліныя сем’і павялічваліся…
Віктар нарадзіўся ў вёсцы Антонаўка ў вялікай дружнай сям’і. Зараз ён з жонкай Ірынай і прыгожымі дочкамі Сашай і Вікай жыве ў вёсцы Стаўбун. Дзяцінства яго было вясёлае і цікавае. Рос будучы пасечнік ў сям’і разам з пяццю братамі. Прыкладна з васьмі гадоў хлопчыку даводзілася дапамагаць бацьку спраўляцца з пчоламі. Бабуля расказвала, што ўсе мужчыны ў іх родзе былі пчалярамі.
Пасека ў Віктара качавая (пераезная). Маючы ў гаспадарцы трактар, Віктар з жонкай з самага рання перыядычна вывозяць пчол на меданосныя палі. Разам вандруюць па верасе, рапсу і іншых меданосах. Увечары вяртаюцца дадому.
Бацька Віктара калісьці казаў, што ў справе пчалярства бываюць як радасці, так і непрыемнасці, але ўсё-такі радасцей больш. Таму пры няўдачах не трэба хвалявацца, а мэтазгодна пачынаць спачатку. Гэтаму запавету прытрымліваецца Віктар і дагэтуль. Пчолы “капрызныя”, патрабуюць грунтоўных ведаў і руплівага догляду. Маючы ў скарбніцы бацькоўскі вопыт, мужчына не забываецца і на дадатковую адукацыю. Дома на кніжных паліцах шмат спецыяльнай літаратуры па пчалярству. Вельмі дапамагае і Інтэрнэт.
Паступова захапленне перарасло ў сямейны бізнес. Жонка старанна дапамагае і паволі асвойвае нялёгкую навуку догляду за пчоламі. Аднойчы, калі мужа не было дома, жанчыне прыйшлося самастойна ўпраўляцца з пчалінай гаспадаркай. Як на бяду, адна з пчаліных сем’яў вырашыла разраіцца. Ірына не разгубілася і сабрала пчаліную сям’ю. Трохі пакусалі, але ж пчолы не разляцеліся. Цяпер у Шыцікавых 60 вулляў і 59 пчаліных сем’яў.
Праца ў пчаляра сезонная. Праўда, летам Віктар разам з жонкай працуе ад цямна да цямна на пасецы, нават абедаюць па чарзе, бо калі ненарокам прапусціш момант раення і пчолы разляцяцца, то тады можна застацца без мёду. Гэта фізічна цяжкая праца, таму жанчыны паасобку вельмі рэдка трымаюць пасеку. Адна рамка з мёдам важыць ад 3 да 4,5 кілаграма. Паспрабуй падымі! Акрамя таго, трэба навучыцца не баяцца пчол. Насякомыя гэта вельмі добра адчуваюць.
Пчолы, вядома, любяць мёд, а таму вельмі пільна ахоўваюць сваё багацце. Таму ў перыяд медазбору, а таксама калі чужыя пчолы пасягаюць на вулей, пчолы асабліва злыя і трывожныя. Яшчэ адна навука ад вядомага пчаляра: не трэба стаяць на шляху пчалы, калі яна нясе пылок на лапках у вулей, ёй і так цяжка. Не любяць пчолы і рэзкіх пахаў. Асабліва востра яны рэагуюць на пах шампуню, піва, алкаголю, поту, таму працаваць у вуллі трэба толькі цвярозым і з чыстымі рукамі, без парфумерыіі.
Сям’я Шыцікавых пампуе мёд два разы ў год, каб атрымаць якасны і спелы прадукт. Летам, дзесьці 12, 14 чэрвеня, так званы майскі, ці спелы мёд (пячатны) — пчолы запячатваюць спелы мёд васкавой крышачкай, каб ён не набраў вільгаці. І яшчэ дзесьці ў пачатку жніўня — разнатраўны. Актыўна прымае ўдзел у качцы мёду малодшая дачка Віка. Дзяўчынцы даспадобы націскаць на кнопку электроннай медагонкі. Медагонка месціць у сябе 46 рамак і за 9 хвілін напампоўвае бідон мёду. Абсталяванне Віктар Пятровіч з мэтай аблягчэння працы набыў аўтаматычнае, еўрапейскае.
Удзельнічае пасечнік амаль ва ўсіх кірмашах раёна і вобласці. На мядовы Спас бывае ў Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці, дзе традыцыйна кожны год праходзіць святочны кірмаш, на які з’язджаецца вялікая колькасць пасечнікаў з розных куткоў Беларусі. Але дасведчаны пасечнік адчувае сябе ўпэўнена, бо выстаўляе на торг толькі самы якасны і лекавы мёд.
Духмяны, свежы мёд заўсёды карыстаецца попытам у пакупнікоў. А кошт гэтага прадукту вымушае многіх прадпрымальнікаў задумацца аб пачатку сваёй справы, звязанай менавіта з пчалярствам. Павялічыць рэнтабельнасць бізнесу дапамагае засваенне вытворчасці не толькі мёду, але і іншых прадуктаў пчалярства — праполісу, пяргі, воску, пылка і пчалінага яду. Праўда, у гэтай справы, як і ў любога іншага бізнесу, ёсць свае падводныя камяні і тонкасці, ведаючы якія прадпрымальнік зможа пазбегнуць памылкі і не толькі паспяхова “адбіць” першапачатковыя выдаткі, але і атрымаць прыбытак.
Марыць Віктар Пятровіч павялічыць пасеку, зрабіць яе больш сучаснай, мабільнай. Гэта дазволіць транспарціраваць вуллі з пчоламі на розныя меданосныя палі. Вялікую справу для пчаляроў зрабілі б і калгасы, калі б пачалі вырошчваць грэчыху і доннік — культуры, якія з’яўляюцца выключнымі меданосамі. Дарэчы, клімат для гэтага ў нас вельмі спрыяльны. Ды і пчолкі, рупліва апыляючы гэтыя травы, павялічылі б на трэць ураджайнасць.
Кацярына ХАЛІМОНЕНКА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.