Ляжы, мая страла…


Чалавек заўсёды адчувае сябе слабым перад прыроднымі стыхіямі. Нават і ў 21 стагоддзі. Таму нашыя продкі, якія адрозніваліся незвычайнай мудрасцю і назіральнасцю, абараняліся ад яе выпрацаванымі не адным пакаленнем спосабамі. Адзін з іх — абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы”, які адбыўся 21 мая, на Ушэсце, у вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна.
Мясцовыя спявачкі лічаць, што менавіта гэты саракавы дзень ад Вялікадня, у які і адбылося ўваскрашэнне Іісуса, лічыцца святым. Да гэтага часу жыхары віталіся “Хрыстос уваскрос!”. Здаўна людзі вераць, што абрад паспрыяе добраму ўраджаю — жыта не згіне ад прыродных стыхій. Звычайна да Ушэсця вясенне-палявыя работы завяршаюцца. Палі засеяны збожжам. Тады сялянам застаецца прасіць Бога, каб спрыяла добрае надвор’е. Сярод мясцовых жыхароў існуе і яшчэ адно павер’е — калі правесці гэты абрад, то на працягу ўсяго года захаваецца добры прыплод у гаспадарцы.
— Адзін год не пайшлі вясну праваджаць. Дык як толькі хмара найшла, падзьмуў моцны вецер і як трэсь, так і загарэлася суседская хата, — успамінае мясцовая жыхарка Марыя Карпенка.
Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” вельмі шануецца, таму ён і застаўся да сённяшняга дня на Веткаўшчыне. Сакральны сэнс абраду перадаецца з вуснаў у вусны ад маці да дачкі, ад бабулі да ўнучкі… Неверагодна, але натуральная пераемнасць традыцыі яшчэ існуе.
Засталося толькі сем жанчын-спявачак, якія спаўна здзейснілі традыцыю: Марыя Карпенка, Улляна Васькова, Таццяна Хамякова, Марыя Фяськова, Ганна Камісарава, Марыя Максіменка і Марыя Гутар. Пераапрануўшыся ў нацыянальныя касцюмы, жанчыны сабраліся ў абедзенны час каля сельскага Дома культуры. З розных канцоў вёскі некалькімі групамі, яны, узяўшыся пад рукі, пайшлі насустрач адна адной. Сустрэўшыся на галоўным перакрыжаванні вясковых вуліц, пачалі вадзіць карагод, гучна спяваючы абрадавыя песні-вяснянкі. Затым гурт вяковых жанчын накіраваўся да жытнёвага поля, якое раскінулася адразу за вёскай. Спявалі гучна ўсю дарогу “Як пушчу стралу”, “У майго таткі, да жыць хораша”, “Ой, моладзец, моладзец, харошы, прыгожы”, “Пашый-ка мне чаравічкі з камаровай кожы” і многія іншыя. Асаблівую цікавасць выклікае абрад закопвання “стралы”. У якасці “стралы” выкарыстоўвалі звычайныя грошы, жалезныя манеты, гузікі, шпількі, старыя непатрэбныя ключы ад хаты і іншыя прадметы ўжытку. А яшчэ і прыгаворвалі: “Ляжы, мая страла, да другога летця, я лета прыду, усіх прывяду”. Пасля абраду пахавання вяскоўцы і госці выканалі яшчэ адзін рытуал, які вылучаецца сваёй адметнасцю — гэта качанне ў жытнёвым полі з выкарыстаннем магічных слоў да заклікання добрага здароўя: “Каб ножкі не балелі, сустаўчыкі не скрыпелі, спінка не балела” і гэтак далей. Асабліва падабаецца гэтая забаўка дзецям, якія з імпэтам куляюцца з боку на бок у сакавітай зеляніне. Далучыліся да мясцовых спявачак і замежныя госці з Англіі. Яны ўпершыню прымалі ўдзел у мясцовым абрадзе, слухалі абрадавыя песні, дзівіліся багаццю і самабытнасці беларускай культуры. Над месцам пахавання “стралы” ўдзельнікі абраду звязалі пучкі з дзевяці каласкоў і панеслі з сабой дадому, каб пакласці за абразом. Лічыцца, што жытнёвы пучок дапамагае пры розных недамаганнях.
Калі вярталіся жанчыны з поля, заспявалі летнія песні, або песні сямейна-бытавога характару з падводкай, бо вясна ўжо скончылася, прыйшла пара прывячаць лета.
Яшчэ адна цікавая асаблівасць, якая тычыцца музычнага боку абраду “Ваджэння і пахавання стралы”, — рэфрэн, які паўтараецца пасля кожнага радка карагодных песень — “Ух!”.
Дарэчы, пра асаблівасці абраду можна гаварыць бясконца многа. Аднак, асабліва каштоўна тое, што моладзь стараецца захоўваць традыцыі нашых продкаў. А дапамагае ёй старэйшае пакаленне. Абрад “Ваджэнне і пахаванне стралы” на Ушэсце адбыўся не толькі ў Казацкіх Балсунах. У гэты ж дзень хавалі стралу ў Пералёўцы, Стаўбуне, Неглюбцы, а ў Пералёўцы адбыўся яшчэ і абрад “Свяча”.
Кацярына ХАЛІМОНЕНКА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.