Дзень, калі можна пабачыць анёлаў

Гэты дзень у нашых вёсках называюць па-рознаму: Уваскрэшанне Хрыстова, Паска, Вялікдзень. Жыхары нашых вёсак прыход гэтага дня атаясамлівалі з сыходам на зямлю. Як распавядае Вера Мікалаеўна Хрушчова з пасёлка Расуха: “Паску чцылі очэнь. І пост. Тады не дае матка нічога жырнага: бульбачку, капусту, агурэц. Паску ждом: як усё адно — Бог з неба сойдзя!” У гэтага сапраўды вялікага свята ёсць свае прыярытэты і свае сімвалы. І, безумоўна, у жыхароў нашых вёсак ёсць пра яго свае ўспаміны і ўяўленні.

“Гэта і прырода ўваскрэсла…”
Чаму Вялікдзень? “Хрыстос уваскрэс. Гэта жыццё пасля смерці. Гэта вера ў тое, што і людзі ўваскрэснуць таксама. Гэта не толькі Бог уваскрэс, а гэта і прырода ўваскрэсла, сонца ўваскрэсла, стала дараваць сваё цяпло. Людзі радаваліся, што зіму перажылі”. (Ад жыхаркі горада Гомеля Ганчаровай Зінаіды Міхайлаўны, родам з пасёлка Лазараў.)

“Сонца, якое радуецца, што Паска”
“Першае, на што трэба было паглядзець у велікодны дзень, гэта сонца — сонца, якое радуецца Пасцы. Старыя людзі так гавораць: “Сонца іграіцца, гуляя, прыгая так красіва. Усходзя ярка-ярка так. Рада, што Паска. Сонца тожа вісяліцца: Хрыстова Паска”.

Велікоднае сонца — відовішча, паглядзець на якое выходзілі цэлымі сем’ямі. Нават дзетак будзілі:
“Я ішла на работу… Ой, красіва!.. Пабудзіла я сначала свякруху, ужэ замужам была, мне ўжэ была дваццаць адзін год… Кароў ішла даіць… У чатыры часы сонца ўсходзіла… Як жа красіва!.. Мне здаецца: і так сонца падпрыгня… Асабенна ў правы бок… Сюды паверніцца сонца… Прышла, да гавару на свякруху: “Мам, хадзіці-ка сюды…” Свякруха вышла і гаворя: “Давай Наташку будзі…” Ета саседку. Я ўзбудзіла саседку. А тады, там у нас багамольная была, я пашла іе ўзбудзіла і сама ад іе двара пашла на работу. І вы знаіця, яно разнымі святамі… Розавы, жоўты… Такія прая-віліся тыя святы… Я сама была… Сонца іграла…” (Ад Зінаіды Якаўлеўны Лапіцкай з вёскі Гарысты.)

“Счас пакажыца красная, счас — розавая, палавінка зялёнага… І так во і мінялася. Ішчэ закопцім сцяклінку, і на сцякліну глядзім. Мяняіцца яно, іграя, радуецца, што Хрыстос Васкрос, дак радуецца сонца — то зялёная, то розавая, усякімі сартамі”. (Ад Ефрасінні Фролаўны Суслінай з вёскі Колбаўка.)

На Паску хадзілі сонца глядзець?
“Да. Як яно іграіцца, гуляя так красіва. Усходзя ярка-ярка так. Сонца тожа вісяліцца… Хрыстова Паска. Сонца прыгая: рада, што Паска”. (Ад Варвары Іванаўны Шэхавай з вёскі Вараб’ёўка.)

На Благавешчанне — у вышэйшай ступені істотна. Паміж далучаных да радасці былі і абраныя. Яны бачылі не проста сонца, яны бачылі анёлаў:

“Знаіця, нашы радзіцілі, нас мама ўчыла ўсігда. Вот утрам рана на Пасху, кагда сонца ўсходзіт, мама нас паднімала рана і вывадзіла на двор і гаварыт: “Сматрыця, как іграіт сонца!” Слушайця! Эта удзівіцільная яўленія была, как іграла сонца! І як яно “іграла”? Ну, как вам сказаць! У маіх глазах: перылівы такія, я не магу дажэ сказаць, ано вот так іграла (сделала кругообразные движения руками). Еслі абрысаваць, можыт быць, дажэ крылышкі ангелаў. Я ні магу сказаць, што ангел там был, а вот эці крылья. Я ні відзіла галавы, но ваздушныя крылья былі на сонцэ. І на столька перылівалась, вот іграла сонца. Так ано спакойна, сонца. Вот пасматрыця на сонца: нікакова нічыво, а тагда ано была ні то ленты, ні то палучалась, што крылышкі ангелочка. Я счытала, што эта крылышкі ангелаў. Ўсігда я сматрэла і пачэму-та мне такоя ўнушэнія была”. (Ад Надзеі Пятроўны Шаршнёвай з вёскі Жалезнікі.)

Пабачыць анёла і сапраўды маглі толькі абраныя:
“Была я малінькая… З пяці гадоў я ў храм гасподні пачала хадзіць… І так любіла Госпада бога… І тада павячэяім… І ляглі спаць… Як раз у іюлі месяцы было… Я радзілась дваццаць чацвёртага іюня… І вот ляжу… А я любіла проціў кута спаць… А мы — шэсць душ… Сям’я бальшая… А я ў вакно гляжу на месячку, на звёздачкі гляжу… І тады думаю: “Госпадзі, што эта такоя? Вот прыляціць, як дзіцёнак… У міне ангел ё… І так ляціць… І яркае, яркае, яркае такое… І крылышкі такія… Прама ка мне… Улыбаіцца… Я так гляжу… І не спужалася… І не спала… і не то што ў ва сне… І прама ка мне, ка мне… у нас было багата ікон… І да кута, і на кут… Кала мяне матка спала, дак я ўгодна Госпаду богу і дастойны Госпаду Богу… І Гасподзь вас храніць. Хаця эта рэдкасць… Рэдка каму бывая”. У міне ангел ё. Бацюшка Андрэй гаворя: “Я замічаю, што вас Гасподзь жалея”. Я гаварю: “Знаіця, бацюшка, душа чуствуя… Я па сваей душэ чуствую, што жалея”. (Ад Ніны Пятроўны Варанцовай з вёскі Ягаднае.)

Узнікла аналогія з тым, як вызначыў анёл Гаўрыіл Дзеву Марыю, калі прышоў да яе з весткай ад Бога: “Радуйся, Дабрадзейная. Блаславёная Ты паміж жонкамі…” Жанчыны нашых вёсак не аднойчы заўважалі, што на Дабравешчанне сонца таксама іграе:

“Я часта бачыла, як сонца гуляя… На Паску і гуляя на Благавешчанне… Бацька нас будзя… Раней паесці і выціць, як сонца гуляя. Нам ужэ ў вакно відна: “Ой, сонца узыходзя!” Мы скарэй на агарод і глядзім, як сонца гуляя: “Ой, красіва!” І шары… І зялёныя! І красныя ! І сінія! Красіва…” (Ад Соф’і Сяргееўны Лебедзевай з пасёлкі Зялёная.)

“Я ў гэта не верыла. Але аднойчы на сваі вочы пабачыла яркія разнакаляровыя блікі. Абавязкова ўсім дзецям шылася сукенка якая, хлопцам — рубашка. Атрэз тканіны нейкай купляўся і з той тканіны шылася некаму рубашка, некаму плацце, каму на шорты карман прышываўся з той тканіны. На гэта свята трэба высці на вуліцу ў новай вопраткі. Бегалі з рання да хросных, да знаёмых, павіншаваць, яечка падараваць, у падарунак яечка атрымаць. Жанчыны не працавалі, сядзелі купкамі, вялі размовы. Былі такія счаслівыя. Мужчыны рабілі з дрэва нейкі латок, варотцы ставілі і каталі яечкі. І атрымлівалі, хто колькі выйграў.

Ішчэ білі наўбіткі. Хадзілі адзін да аднаго ў госці. У кожнага было сваё застолле. Кожны стараўся неяк выдзеліцца, пачаставаць. І гэта была вера, што які гэты дзень, гэта значыць і на ўвесь год такое будзе. Бог пашле. Нельга нават было працаваць. Нават печ не тапілі. Усе стравы гатаваліся загадзя”.

“Нада крашаная яйцо…”
Нават самыя незаможныя сем’і лічылі ў гэты дзень абавязковым пачаставацца фарбаваным яйкам:
“Я раскажу, еслі па праўдзе, вы не паверыця, мы пайдзём, зімля аттаець, ідзём бульбу сабіраць, гнілую, зімняю, прашлагодняю, і матка нам здзелае па ладачцы і па адным яічку зварыла. Бацьку забралі на вайну, а нас чэцвіра была ў маткі”. (Ад Любові Фёдараўны Маісеевай з пасёлка Дзігацель.)

“Мы пытаім: “Баб, звары яец нікрашаных к Вялікадню”. Яна гаворя: “Нільзя. Госпадам Богам запряшчона. Ісуса ж Хрыста распіналі, кроў цякла з яго. Нада крашаная яйцо. Сядзіш разгавецца: асвечаная яйцо. Хоць церькву ў нас тады спалілі немцы, не было, дак яна вынясе ўранні, устаня рана-рана, а то і ноч моліцца Богу, а тады вынясе, і ўсігда чось дождзік малінькі пракапая, ета самы схадок ужо. Дак яна гаворя: “Во, ужо Гасподзь Бог пасвяціў усім. То ў цэрькві. Глаўная, Гасподзь Бог пасвяціў яйцы”. Вынясе, яны паліжаць, яна ўнясе, палупя, парэжа, на тарэлачку ці ў місачку: “Бярыця!” Штоб кажды перва яйцо з’еў, а тады ўжо… перва яйцо з’еш крошачку, яна крошачкамы парэжа, каждаму, колькі чылавек, столькі яна парэжа. З’ясі яйцо, тады ўжо пахрыстосаюцца: “Хрыстос васкрэс!” — пацалуюцца. Як яйцо з’ядуць, тады ўсё астальноя ядуць”. (Ад Варвары Аляксандраўны Грэцкай з пасёлка Амяльное.)

“У “наўбіткі” ігралі…”
Але разам з тым велікодныя яйкі арганічна ўпісваліся ў велікодныя гульні і забавы. Вакол велікодных яек ладзіліся нават шматдзённыя турніры. З дапамогай яек высвятлялі, чаго варты чалавек у гэтым жыцці:

“Усе бралі яйца. Цэлыя яйца, небітыя. У “наўбіткі” ігралі: чыё яйцо разаб’ёцца… Счыталась, што тот пабедзіл, ч’ё яйцо не разбілась. І я так пабаялась, штоб эта яйцо ні разбілась. Мне так хацелась, штоб маё яйцо крэпчэ была другіх. І ўсе стрымілісь, штоб пабіць яйца ўсех аднім яйцом. Еслі адно яйцо разбіла ўсе яйцы, эта такоя таржэство была для этава чылавека. І была очэнь грусна, кагда… Вот у міня, дапусцім… “Вот ты — хлюпік!.. Хлюпік!..” Счыталась, што еслі яйцо разбілась, то ты — хлюпік”. (Ад Надзеі Пятроўны Шаршнёвай з вёскі Жалезнікі.)

“Вы не раз не прыходзілі, ні раз ні глядзелі, як тут сабіраюцца яйцы біць? Тут жа спакон вякоў усё Хальчо сабіралася тута-ка, ля Аўрама яйца біць. А бацька мой расказываў, як нашы дзяды празнавалі… Ужэ дома яны разгавеяцца і бяруць поўныя карзіны яіц, тры дзясяткі ілі чатыры… Бацка гаварыў: “У нас было пяць братоў, дак мы ўжэ каробку біром і ідом к цэркві… Плошчадзь там… І ля цэркві цэлую нядзелю да праводнага васкрысення білі яйцы са ўсяго Хальча. І ўжэ дамоў этыя яйцы не забіралі, а прама там астаўлялі, назаўтрага прыходзіш, ніхто не трогаў ні аднаго яйца. Я прыхожу, начынаім зноў біць”. Гульня была “у яйцы” — шупікі. Хто каробку можа шупікаў прынесць, а хто каробку праіграе этых яйцаў. Чаму — шупікаў? Эта, еслі я — нос на нос, нос разбіты ў цябе, а ў мяне астаўся нос, патом варочаіш пушку. Еслі ты яйцо разбіў — эта ўжэ шупік. І так вот цэлаю нядзелю… Прароднае прайшло, тады этыя карзіны забіраюць і пашлі”. (Ад Емельяна Аўраамавіча Бабкова з вёскі Хальч.)

“Хто пачысця падпечча, тому яйцо лішняя будзя”
Лішняе велікоднае яйцо можна было не толькі выйграць, але і зарабіць. І як сведчаць успаміны маіх суразмоўнікаў, ва ўсіх вёсках гэта адбывалася аднолькава:

“Такі ўжэ парадак наводзілі. Тады два раза ў год пол мылі: к Раждяству і к Паске. І дажэ дзяды расказывалі нашы і бабы, у хату пускалі парасёнка карміць. Эта так не было, як счас, што з тай шчоткай ходзяць і красату наводзяць. Помню вот так: куры былі пад печчам. Куры там і апраўляліся… Матка так гаварыла: “Хто пачысця падпечча (ну, эта — курыны памёт), тому яйцо лішняя будзя”. Еслі па аднаму — два будзя… Значыцца, еслі мне яйцо ілі два на Паску, значыцца, мне тры будзя. Я такі быў, што я ўсё ўрэмя чысціў падпечча. Мне ўжэ матка лішняя яйцо дасць”. (Ад Емельяна Аўраамавіча Бабкова з вёскі Хальч.)

“Рылігіі папрыносілі…”
Але разам з тым мае суразмоўнікі ўспамінаюць гады, калі дзяржаўная ўлада знішчала народную культуру: калі людзей “адвучалі хрысціцца і маліцца”, забаранялася не толькі адзначаць вялікія рэлігійныя святы, але нават “хадзіць па шчодрах” у Каляды і на могілкі на Радуніцу, дзеці школьнага ўзросту нават баяліся выйсці на вуліцу з пафарбаваным яйкам, а тым больш прынесці яго ў школу.

“Прынясе хто… Мы знаім ужо, што будуць учацялі ругацца, што крашаныя яйцы нясеш. Но плойма ё плойма! Прыдзіма: “Пакажы якія ў цябе яйцы!” У цыбулі ўсі, а хто ў красцы розавай: “Ой! Красівая! Ну, двай памяняім! У цябе, можа, дома ё”. Учыцілка прыходзя: “Хто з яйцамы прышоў?” Ну, усі ж маўчаць, хто прынёс, хто не прынёс — да ўсі ж прыносілі. Хлопцы — тыя — хітрыя, схаваюць у калошы, завяжаць аборкай унізу, а мы куды схаваім? Яна ў сумках паглядзіць: “Січас жа ідзі выкінь!” Ну, жалка ж яйца выкінуць: “Я ня буду выкідаць!” Яна яйцо забірая. Куды яна іх дзяе? Я ня знаю. “Рылігіі папрыносілі сюда! Рылігіозныя яйца”. Дзеўкі большыя ў ліфікі хавалі. А ў нас ліфікаў шчэ не насілі, па дзвянаццаць-па адзінаццаць гадоў, да ня знаім куды хаваць, да па партах палазя, а тады ўжо дзірэктару даложа, у каго… Тый прыходзя: “Зачэм сюда прынасіла рылігіозныя яйцы?” Маўчыш, утупішся, што мы будзім гаварыць. А ціпер, во, бачыш, век міняіцца”. (Ад Варвары Аляксандраўны Грэцкай з пасёлка Амяльное.)

Чэсныя радзіцелі
Пасля велікоднага абеда застаюцца крошкі і шалушкі. Як распавядаюць жанчыны: “Еслі аставалась што, не выкідывалі ні ў мусар, ні куды. Эта ж пасвячонае… Яны ад святой паскі, ад святога яічка”. У гэтай публікацыі я прыводжу адзін з самых, на мой погляд, найпрыгажэйшых аповедаў пра гэта.

“Із маёй стараны, я так бы сказала, што і сабакі хочуць крошак. Патаму шта, вы чуіця, як Гасподзь сказаў, што із справядлівасці жэншчына сказала, што ні то шта міня сажалець, і сабакам жа крошкі сыпюць, так жа і еты стол бальшую будзя чэсць імець, еслі сабраць ету скацерачку, што заслата, вынесць трухануць. І пцічка ўхваця, і сабака ўхваця, і каму толькі… Мы на падаконнікі сыпім, і пцічкі, і ўсякія сінічкі — усе-усе лятаюць. Я гавару: “Можа, і сястра мая, і матка мая прылятая. Патаму шта, яны знаюць, што мы многа любім, і ўсех-усех будзя пасылаць Гасподзь. Гасподзь абы-куды ні пасылая людзей харошых і пцічак, каторыя яны годны Богу. Патаму шта бачыш, як Ной паслаў перваю пціцу, яна нічога ні прынясла, а ўтарую пціцу паслаў, яна ўжэ ўсю справідлівасць прынясла. Дажэ ветачку намаслянаю ў клюве прынясла. Так жа сама і ета, усе пцічкі, усе лошадзі, вы ж разглядзіця, як другія гавораць: “Ні веру!” — “Як жа ты, — кажу, — ні верыш? Еслі каждая ўсё жывоя па-свойму ўсё здзелана. Богам здзелана. І ўсё так ё.

Так што ваша сястра і матка, як птушкі прылятаюць?
Да. Ета так. Прылятаюць уместа пцічак. Я і гавару на сына: “Саша, сыпні, дзетачка, сыпні!” Я як малюся за етых людзей, каторыя ўмершыя, дак гавару: “Завіця тых, каторым некуды прыхіліць галаву. І тых завіця с сабой”…“І тут, — гавару, — сып пабольшы, штоб…”

Паядзяць і скацерку “вытряхаюць”?
Ну, вытрусіш, тут усе пакушаюць… І пцічкі… А ніхто ж ні зная, чыя сястра, чыя матка, а Гасподзь пцічкамы душу ету. Усе прылятаюць на празнік, ка ўсім прылятаюць чэсныя, правідныя радзіцелі. Ка ўсем. І, як садісся есць, снедаць, абедаць, вічэраць, і гавары: “Чэсныя, правідныя радзіцілі, хадзіця… Ну, абедаю — абедаць, вічэраю — вічэраць… Хадзіця к нам”. Ета, як і пцічкам сыпіш, дак завеш… Дак сыпаць, ты ні ўсігда пасыпіш, а як ты есць усягда садзісся да завеш — ета харашо. Чэсныя, правідныя радзіцілі прыходзяць абедаць, вічэраць і снедаць”. (Ад Наталлі Ягораўны Радзькоўскай з вёскі Бабічы Чачэрскага раёна)

“Валачобныя — людзі добрыя…”
Вялікдзень не абмяжоўваўся адным днём… А распаўсюджваў свой уплыў і на наступныя дні:
“На Вялікадня… Як ужо яйца красныя, на другі дзень ці на трэцці бегаяць пад вакно, пяюць… “Валачобныя” хадзілі пелі… На трэцці дзень Паскі ў нас ходзяць валачобныя пяюць. Ходзяць прыбраныя, пад вакном ходзяць пяюць. Яму ўжэ па пары яец выносяць. Валачобнікаў ждалі… “Хоць бы прышлі да папелі…” Пад вакном яны пяюць:
“А чый ета дом да жалезнінькі?
Хрыстос васкрос,
Сын Божжы!
А хто ж у етым даму ходзя па двару
Да красная дзевачка (ці хлопчык).
А на том жа храсту стаяў сокал,
Хацеў хлопец сокала ўбіць.
— А не бі ж ты міне,
Знадаблюсь я табе
Пры худой гадзінцы.
Хрыстос васкрос,
Сын Божжы!”

Паску пасвецяць, тада на другі дзень ці на трэцці бягаць па падвоканню”. (Ад Ефрасінні Фролаўны Суслінай з вёскі Колбаўка.)

Генадзь ЛАПАЦІН.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.