Трэба прыходзіць, пакуль мы жывыя…

Ёсць тэрыторыя, якая існуе побач з нашым імклівым, гучным, напоўненым рознымі падзеямі жыццём. Гэта — асобны паралельны Сусвет. Тут ёсць свае “вуліцы”, “завулкі”, вузкія сцежкі, на якіх не пачуеш гучных размоў. Некалькі абгароджаных метраў зямлі, магіла, імя, крыж — пазнавальныя знакі для вечнасці. Паводле некаторых традыцыйных беларускіх уяўленняў, на могілкі не прынята прыходзіць пасля абеду: нельга трывожыць нябожчыкаў, бо ў гэты час яны працуюць (і на тым свеце!)

Некалькі дзён назад, калі на сваіх паветраных самалёціках-павуцінках ляцелі амаль нябачныя павучкі, разам з Валянцінай Данілаўнай Луневай я прыйшла да веткаўскіх стараабрадніцкіх могілак. Хацелася яшчэ раз убачыць вялікія, чорнага колеру гранітныя помнікі, якія стаяць на магілах веткаўчан Лістападавых, наро-джаных ў сярэдзіне ХІХ ст. Хацелася яшчэ раз убачыць магілу заснавальніка Веткаўскага музея Фёдара Рыгоравіча Шклярава. 4 кастрычніка гэтага года яму споўнілася б 88 гадоў.

“Святыя радзіцелі! Вы тут спачывайце і нам плёну давайце!” — з такімі словамі, перахрысціўшыся, ступіла праз браму могілак. “Гэтыя словы,— вучыла Вера Яўхімаўна Патапнёва з пасёлка Чамярня Веткаўскага раёна, — трэба абавязкова казаць, калі заходзіш на могілкі, а таксама, калі выходзіш з іх.”

Не толькі ў Беларусі, літаральна ў кожнай краіне на Зямлі прынята з вялікай павагай ставіцца да сваіх продкаў, ушаноў-ваць памяць аб іх, а таксама месцы пахавання. Ёсць шматлікія традыцыі, дзякуючы якім не забываюцца папярэднікі. У некаторых афрыканскіх плямёнаў чарапы нябожчыкаў прынята захоўваць на паліцах у спецыяльных для гэтага збудаваных дамах (яны ахоўваюцца на працягу дзесяцігоддзяў). Магчыма, на погляд еўрапейцаў, гэта дзікунская традыцыя, але ўсё ж… У многіх краінах, напрыклад, у Кітаі, дабрабыт людзей наўпрост звязваецца з тым, як даглядаюцца магілы роду.

Так ці інакш, могілкі — частка нашага жыцця, звязаная з мінулым, сённяшнім днём і будучыняй. Пры ўсім тым — частка гарадскога ландшафту. І, самае галоўнае, адносіны да чысціні на могілках — адзін з асноўных паказчыкаў культуры, здароўя грамадства.

Стараабрадніцкія (“маскальскія” — яшчэ так кажуць) могілкі ўражваюць сваёй даўнасцю, старасвецкасцю. У самым цэнтры ўзвышаюцца дзве агромністыя ліпы. “Калісьці даўней на гэтых ліпах буслы гняздзіліся, гнёзды былі. А тады нешта перасталі прылятаць”, — успамінае Валянціна Данілаўна. — Ліпам, можа, гадоў сто, а то і болей будзе. Я сюды, калі была маленькая, часта прыходзіла з маімі аднагодкамі.”

Самая старая частка могілак, па яе словах, — тая, дзе цяпер — параўнальна пустое (ад магіл) месца. Тут расце высокая трава, ёсць некалькі пахаванняў ХХ ст. І тут жа, магчыма, знаходзіцца самая старая магіла ў Ветцы. “Под сим каменем погребено тело Раба Божьего Гомельского Купца Симеона Ильича Машковского, представившегося… октября 1869 года на 58 году от рождения его,” — надпіс выбіты на краі чорнага гранітнага “саркафага”, які стаіць у густой траве. Згаданага каменя нідзе не бачна, як і крыжа. Відавочна, што Сямён Ільіч Машкоўскі быў народжаны ў 1811 годзе.

— А вось тут, — кажа Валянціна Данілаўна, — пахавана маці Дзмітрыя Міхайлавіча Кавалёва. Звалі яе Кацярына Іванаўна. Нарадзілася яна ў 1890 годзе, памерла ў 1971. Кавалёў — наш знакаміты паэт. Майго дзеда сястра, Таццяна Назараўна Лунева, вельмі сябравала з ёй.

Тут, на могілках, пахавана маці самой Валянціны Данілаўны, Ірына Якаўлеўна Лунева, 1930 г.н., якая была выдатнай апавядальніцай, захавальніцай старых веткаўскіх традыцый. Як прыгожа яна ўмела расказваць пра Ветку! “У меня была бабушка, это — мамина мать, Ирина Савватеевна. У них семья была — девять детей, и она очень любила по утрам пить чай. Ставили самовар. Она всегда пекла — сдобники назывались раньше, но они скоромные, масла клали туда. Пекли сдобники… Приходили к ней соседки, пили чай, она угощала, и очень была гостеприимная. Но она рано умерла, в сорок пять годов. Самовары были большие, по ведру. Я ещё помню, мне восемь годов было, так к деду ходили. Он жил в Борьбе. У него было полгектара усадьба: яблоки, сливы, груши и ульи — он пчеловод был. Держал коника, корову. Хорошо дед жил. Так мы в гости к нему ходили, он нас и мёдом угощал. И всегда, я помню, стоял большой-большой самовар на столе. Они вот, напьются, потом захотят опять, подогревают его, кипятят. И опять чай пьют — часто, это ж были старообрядцы. Они чай любили, старики. Моя тётка, бывало, как вычистит кирпичом самовар, натрёт кирпича, тряпочку помочит… Как вычистит самовар! Блестит, как золотой. А тогда чай поставят. А воду в Ветке брали с речки, она мягкая, да светлая была. Тогда реки были чистые. Так чай пьёшь, он мягкий такой, приятный. С колодца воду брали только для расхода. А на чай — только с речки. Бывало, я к ней приду, так она: “Иди-ка мне воды принеси с речки!” Я — за ведро… Её огород упирался в речку. Вода светлая, прозрачная!”

Падыходзім да вялікага спілаванага дрэва, крона якога завісла на агароджы адной з магіл. Відаць, што дрэва было спілавана сёлета. На яго галінках яшчэ трымаецца сухое лісце. Непадалёк ляжыць вялікая куча смецця. Такіх кучаў на могілках — некалькі. Увогуле, гэтыя веткаўскія могілкі нагадваюць забытае месца, забытае намі, людзьмі. Ёсць і добра дагледжаныя магілы, але такіх параўнальна мала. Дзе-нідзе ускрай пахаванняў можна заўважыць пустыя бутэлькі. Непадалёк ад могілак — прадуктовы магазін. Для тых, хто часта заглядвае ў бутэльку, больш зручнага месца, каб ціха пасядзець, у гэтай частцы Веткі не знойдзеш. Няхай бы й згадвалі веткаўчане нябожчыкаў — хоць і такім чынам, але ж навошта засмечваць святое месца? Зусім блізка ад уваходу на могілкі стаіць кантэйнер для смецця. Відаць, многія людзі забываюць аб яго існаванні ці проста лянуюцца данесці да яго смецце, якое прыбіраюць з магіл перад Вялікаднем і Радаўніцай. Куды прасцей пакінуць яго ў кустах. І забыць пра гэта.

— Раней мы з маці прыходзілі сюды не адзін раз. Высякалі кожны год парасткі бэзу. Ён зноў і зноў адрастае. Тут вось магіла без крыжа стаіць. Мы і яе прыбіралі. Да многіх магіл ніхто не прыходзіць, можа, усе блізкія ў нябожчыка памерлі. Але ж такога беспарадку, як цяпер, раней на нашых могілках не было! — дзівіцца Валянціна Данілаўна. — Я да свайго дзеда, калі яго пахавалі, часта прыходзіла, плакала. А тады бабкі тут у нас на вуліцы жылі, мне сказалі: нельга так часта прыходзіць, нельга нябожчыкаў турбаваць. А вось па справе — дык трэба на могілкі прыходзіць: кветкі прынесці, магілку падправіць. Трэба прыходзіць, пакуль мы жывыя…

Я таксама дзіўлюся ўбачанаму і адчуваю сваю віну за пакінутасць, занядбанне могілак, хоць ніхто з маіх родных, сяброў тут не пахаваны. Не было ў нашым родзе стараабрадцаў. Толькі вось з радзімай маёй Бабулі — вёскай Бабічы, што ў Чачэрскім раёне, звязана прозвішча Цепляковы. Гэтае прозвішча пазначана на старым помніку на даўняй частцы могілак. Помнік ляжыць на зямлі, абвіты плюшчом. І цяпер у Бабічах жыве шмат Цепляковых.

На могілках знайшлі супакой знакамітыя веткаўскія майстры, рэзчыкі па дрэве: Леанід Лявонавіч Галафаеў, які некалькі гадоў працаваў у музеі, Кузьма Барысавіч Карасёў, які для многіх веткаўскіх дамоў зрабіў ліштвы. Пахаваны тут Іван Іванавіч Лявонцьеў. Цудоўныя экскурсіі, праведзеныя ім у музеі, праз многія гады памятаюць госці горада, што прыязджаюць яшчэ і яшчэ адзін раз. Людзі, якія жывуць вельмі далёка ад нас, імкнуцца адкрыць для сябе культуру Веткі! Светлая памяць аб вышэйзгаданых таленавітых майстрах сваёй справы, якімі заўсёды славілася наша мясцовасць…

Ёсць фізічныя хваробы, ад якіх можа пакутваць як адзін чалавек, так і грамадства. Але ж больш небяспечныя, на маю думку, — духоўныя, псіхічныя, ад якіх намнога цяжэй вылечыццца. Хваробы, на якія хварэюць многія веткаўцы, — страта гістарычнай памяці, абыякавасць да таго, што адбываецца навокал. Гэта калі чалавек пераўтвараецца ў зомбі, ён няздольны думаць і сам кіраваць сабой. За яго гэта робяць іншыя. Вось загадалі рабочым КЖУП “Веткаўскае” навесці парадак на веткаўскіх вуліцах, і яны, ніколькі не сумняваючыся, высеклі невялікія парасткі бэзу прама каля палісадніка і варотаў дома Валянціны Данілаўны Луневай, нават не запытаўшы дазволу ў гаспадыні дома. Яна іх расціла, каб аддаць знаёмым: людзі хацелі пасадзіць бэз каля сваіх дамоў. У Ветцы, падобна на тое, неафіцыйна аб’яўлена забарона на пасадку гэтых прыгожых дрэўцаў. Між тым, на многіх веткаўскіх вуліцах, далей ад цэнтра, каля платоў пры прысядзібных участках растуць самыя розныя кусты, трава, якія, атрымліваюцца, нікому не замінаюць. А вось на Чырвонай плошчы 5-6 разоў за вясну-лета скошваецца трава, якая нават не паспявае падрасці як след. Гэта — адзін маленькі эпізод з сучаснага жыцця Веткі. А вось яшчэ адзін.

Каля пасёлка Чамярня (блізка да Серыкавай гары) на полі захавалася з дзесятак курганаў. Гэта — пахаванні радзімічаў, якія жылі тут на працягу некалькіх стагоддзяў. У 1880 гг. этнограф Е.Р. Раманаў зафіксаваў тут аж 200 курганоў. Прыкладна за сто гадоў знікла 190 курганаў (!) — у асноўным былі развораны трактарамі, каб мець больш зямлі і адпаведна большы ўраджай у калгасе. А курганы гэтыя выстаялі аж сем стагоддзяў! Іх не знішчылі шматлікія войны, а знішчыла прага чалавечай нажывы ў мірны час. Самая вялікая каштоўнасць — чалавечае жыццё і памяць аб ім моцна абясцэніліся ў ХХ ст., а таксама ў нашыя дні.

Беларусь, як ніводная еўрапейская краіна, можа “ганарыцца” стратай многіх-многіх гістарычных помнікаў. Можа, таму жыццё наша непаўнавартаснае, бо як жыць, калі знікае памяць, самасвядомасць? Відаць, нам ніколі не жыць так камфортна, так прыгожа і заможна, як жывуць цяпер грамадзяне Сінгапура. Маленькі штрых з побыту гэтай краіны: любы чалавек, няхай ён будзе на самай высокай пасадзе ці на малой, за кінуты недапалак, смецце на вуліцы абавязкова заплаціць штраф — 1000 долараў. Усе роўныя перад законам. У гэтым горадзе-краіне — паўсюль чысціня, прыгажосць, пра якія можна толькі марыць.

Маўчаць веткаўскія “святыя радзіцелі” — для нас. Церпяць. Церпіць зняважаны фотаздымак нябожчыка Івана Вяроўкіна, пахаванага на стараабрадніцкіх могілках. Фотаздымак на яго крыжы быў для кагосьці мішэнню. Па ім стралялі не адзін раз — відаць, дзеля забавы, ці каб падвысіць сваё майстэрства. Цэлым, некранутым кулямі (ад усяго твару) засталося адно вока Івана Вяроўкіна. Побач з яго магілай — магіла яго жонкі. Добра, што на яе крыжы няма фотаздымка. Інакш дасталося б і яму.

Лунаюць дзесьці, у іншым вымярэнні, нятленныя, вечныя душы нябожчыкаў, дзівяцца нашаму крывадушнаму, неспакойнаму мітусліваму жыццю: “Ці чулі, у 2013 годзе у Ветцы конкурс аб’яўлены на напісанне лепшага гімна горада?” — “А дзеля чаго? Навошта?” — “Каб сябе уславіць — як добра і шчасліва горад жыве, ды каб нас успомніць, каб Паэзіяй падперці гнілы плот, што падае: жывая сіла Паэзіі, як нішто ў свеце, не паддаецца гніенню. Таму — кожнай хаце — па гімну, кожнай вуліцы, установе, прадпрыемству, гаспадарцы. — па гімну. І ўсе будуць жыць у шчасці!” — “Дык паэзія ж па загаду не пішыцца, ды й людзі цяпер у словы не вераць. Трэба паперу эканоміць, лес — нацыянальнае багацце берагчы. Многае людзі не зберагаюць у сваім жыцці. Праз некаторы час шукаюць яго — ды марна…” —“ А мы дык будзем чакаць свята горада: ці ж мы — не частка Веткі, не яго слаўнае мінулае? Можа, і на Дзяды, 2 лістапада, нашы ўнукі пра нас успомняць”?

Р.S. На просьбу Галіны Рыгораўны Нячаевай да Міхаіла Пятровіча Савостава прыбраць спілаванае дрэва з могілак рэакцыя была вельмі хуткай: праз некалькі дзён пасля яе званка рабочыя КЖУП “Веткаўскае” прыбралі дрэва з могілак, але не давялі справу да канца.

Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.