Васількі і жыта на касячку

Відаць, іх многа. Часам іх проста не заўважаеш, бо яны — тут жа, перад табой, і таму — абмінаеш іх увагай. Аднойчы ў размове вучні веткаўскай гімназіі самымі прыгожымі мясцінамі назвалі раку Сож і гарадскі сквер на Чырвонай плошчы.

Адзін з сімвалаў нашай прыгажосці — гэта лес, у які, праўда, забаронена ўваходзіць жыхарам Веткі ды жыхарам большасці вёсак Веткаўскага раёна. Гэтак жа сама — вада, азёры, крыніцы, сапраўдную цану якіх ведаюць у наш час нямногія. Тыя, хто ведае, сцвярджаюць:

Лес — гэта храм,
у ім акрыяе Хам.
Лес — гэта святарнае месца,
для душаў аблудных меса.

Анатоль Сыс, аўтар гэтых радкоў (з верша “Пан Лес”), адну са сваіх кніг назваў гэтаж жа, як і верш. Лес для паэта быў сімвалам ачышчэння, прасвятлення чалавечай душы, выратавання грамадства ад хвароб і хамства:
Бо нельга паганіць храм,
бо нельга святое нішчыць.
Куды ж тагды прыйдзе
Хам ад хамства душу ачысціць?

“Ключы — як чалавек”, — кажа Ніна Данілаўна Шахоўская, якая жыве ў Фёдараўцы.

Сімвалы прыгажосці ў беларусаў — гэта ільняны ручнік на Чырвоным Куце і сам “блакітнавокі” лён, аб якім даўней у веткаўскіх вёсках спявалі песні. Дарэчы, у гэтым годзе ў нашым раёне няма ніводнага поля, засеянага ільном, спакон веку традыцыйным для Беларусі.

Сімвалы прыгажосці — гэта, вядома, хлебная ніва, васілёк побач з жытнім коласам.

Максім Багдановіч у 1913 годзе стварыў геніяльны твор “Апокрыф” — спробу даць адказ: што важней для чалавека: мець спажытак для душы, ці спажытак для цела? Паэт аддае перавагу першаму. Паводле “Апокрыфа”, па нашай зямлі ў час жніва, нікім не спазнаны, разам са святымі, Пятром і Юр’ем хадзіў Ісус Хрыстос. Пазнаў іх толькі музыка, які падышоў да святых са словамі: “Сорамна мне, бо сягоння дзень працы; усе клапоцяцца каля зямлі; адзін я нікчэмны чалавек”. Хрыстос адказаў яму на гэта: “Не смуціся ў сэрцы сваім. Ці ж не твае песні спяваюць яны цяпер, у часе жніва! …Запраўды кажу я табе: надыйдзе чалавеку гадзіна горычы, і чым ён разважыць тугу сваю, апроч песні твае?” Варта нагадаць прытчу, якой (паводле “Апокрыфа”) навучаў Ісус Хрыстос:

“…Агляніцеся навокал! Ці ж не ніва калыхаецца каля нас? Цяжка каля яе працаваў гаспадар, і вось бачыць: паміж збожжа ўзраслі васількі. І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо паўнаважкія каласы маглі б узрасці тут паміж ва-сількоў. Але яшчэ з малацця краса іх прыйшлася мне да душы. І таму я не вырву яе з каранём і не выпляню, як усялякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё. Так казаў сабе гаспадар у сэрцы сваім! І не падняў ён рукі на васількі. Я ж кажу вам: добра быць коласам; але ШЧАСЛІВЫ ТОЙ, КАМУ ДАДЗЕНА БЫЦЬ ВАСІЛЬКОМ. БО НАШТО КАЛАСЫ, КАЛІ НЯМА ВАСІЛЬКОЎ? І, кажучы так, пачуў Ён песню жнеек і прамовіў: слухайце, што кажуць словы гэтай песні. Яе складалі людзі, якія ведаюць, чаго варты хлеб. Яны ж пачулі, што словы той песні кажуць: няма лепш цвяточка над васілёчка. І далей ужо моўчкі пайшлі яны”.

У Веткаўскім раёне спакон веку шанавалі красу зямную — спажытак для душы, багацці зямныя, а таксама з павагай ставіліся да людзей, якія што-дзень “клапаціліся каля зямлі”. Так, згадваючы свае дзіцячыя гады, Валянціна Міхайлаўна Канавалава, якая жыла даўней у в. Жалезнікі, расказвае: “У маёй бабы, Саўкінай (па мужу) Варвары Фядосаўны, васількі з жытам стаялі ў куўшыне. Яна жыла ў Хлусах (пазней — в. Някрасава Веткаўскага раёна — Л.Р.). На Куту ў хаце быў вугалочык — касячок называўся. Еты вугалок занавешваўся падузорнічкам. Былі і беленькія, і вышываныя, кружавам абдзеланыя. Увярху ставілі іконы. Пад іконамі, унізу, дзелалі касячок, на самым вуглу. На яго ставілі куўшын, у куўшыне — жыта і васількі. Стаялі яны цэлы год. На еты касячок, паўз куўшын, клалі свечкі, ставілі святую ваду. Куўшын стаяў на касячку, засланым бумагай. Так было ў тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят першым, у шасцідзесятых гадах. У кожнай хаце так дзелалі, усё прымудраліся. Тады ж етыя васількі ў жыце раслі, было аж сіняе поле. А ціпер і аднаго васілька ў жыце не знойдзеш”.

У былой в. Сівенка Веткаўскага раёна ўслаўлялі залаты жытні колас:

***
Харашо вясной, да поля чыстая,
вой-лі вой-лю-лі, да поля чыстая.
Мурагом, травой да поля ўкрашана,
вой-лі вой-лю-лі, да поля ўкрашана,
усё цвяточкамі, да ўсё душыстымі.
А ў сырой зямле да рож-красавіца,
вой-лі вой-лю-лі, да рож-красавіца,
к небу чыстаму да падымаіцца,
вой-лі вой-лю-лі, да падымаіцца,
залатой колас да расцвітаецца,
вой-лі вой-лю-лі, да расцвітаіцца,
залатой колас да наліваіцца,
вой-лі вой-лю-лі, да наліваіцца,
к небу чыстаму да падымаіцца
вой-лі вой-лю-лі, да падымаіцца,
залатой колас да наліваіцца,
вой-лі вой лю-лі, да наліваіцца,
залатой колас да паспіваецца,
вой-лі вой лю-лі, да паспіваіцца.
У поле жнейкі йдуць, да сабіраюцца,
вой-лі вой-лю-лі, да сабіраюцца,
залатой колас да ізжынаецца.
(Паводле Марыі Ягораўны Дзеравяшкінай, 1927 г.н., нар. у в. Сівенка).

Таму, хто любіць зямлю, клапоціцца пра яе, сам Гасподзь Бог дапамагае:

“Даспяе жыта, пшаніца. Мы жном, прымерна, у нашым сяле будам жаць. Тады абжынкі дзелалі. Калісь і мы дзелалі. Дажнеш сваю палоску, бараду здзелаеш. Садзішся палуднаваць і кажаш: “Святыя Барысы і святы Ілля-прарок, хадзі к нам палуднаваць!” Ужо дажалі і ўжо “бараду” здзелалі, ужо радуюцца і пяюць. Дзе праворныя людзі ды харошыя, там у змену зжата і каласкі падабраны, і харашэнечка усё паложана. А дзе плахія былі людзі, лянівыя, у тых і каласкі ляжаць на полі, і “барада” не дзеланная, там усё не дзеланнае. Тады ўжо Гасподзь пасылаў Мацер Божую, ды хадзіла. Па багатай паласе ідзець дзеўка — каса на плячах, і песенкі пяе, што ўсё убрата. А ў беднага ходзе дзеўка распушчаная, клычаная, у каласы ўплуталась. Дак ідзе чалавек і кажа: “Багачу і Бог памагае: ходзе па той паласе дзеўка да і песенкі пяе, што ўсё убрата. А ты, бядняк, праспаў, праляжаў… і ўсе каласкі ляжаць. А Гасподзь жа даваў усім роўную пайку. Рабі. Ты ж для сябе робіш. І ты даўжон яшчэ і чалавеку даць, калі багач, што чалавек не пад’еўшы і не можа. Но немачнаму нада памагаць. (Паводле Марыі Лаўрэнаўны Марозавай, 1925 г.н., в. Стаўбун).

Падрыхтавала Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.