Ветка — жыццё, шчасце, Радзіма мая!
Наш горад мае адзін з самых найцікавейшых музеяў у Рэспубліцы Беларусь. З музеем непарыўна звязана імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава, яго першага дырэктара.
4 кастрычніка 1925 года (паводле звестак у пашпарце) у Ветцы у сям’і стараабрадцаў нарадзіўся гэты выдатны чалавек. 4 кастрычніка 2010 года яму споўнілася б 85 гадоў.
На працягу ўсяго свайго жыцця Фёдар Рыгоравіч захапляўся мастацтвам, даследваў гісторыю. І не толькі захапляўся, але і сам, у карцінах, нават у прадметах побыту імкнуўся уславіць наш свет. Чаму я акцэнтую ўвагу на тым, што Фёдар Рыгоравіч Шкляраў быў выдатным мастаком? Дзеля таго, каб зразумець, з чаго пачалася яго асоба? Не адкрыю нічога новага, калі скажу, што пачатак усяму — любоў. Любоў да прыгажосці. Любоў да Радзімы, да людзей, якія жывуць побач, да гісторыі свайго краю. Інакш — адкуль бы з’явілася імкненне ў Ф.Р. Шклярава захаваць, зберагчы, абараніць дзівоснай прыгажосці кнігі, абразы, аклады?
З 1950-х Фёдар Рыгоравіч Шкляраў пачаў збіраць уласную, “хатнюю” калекцыю прадметаў быту, археалогіі, старадрукаў, рукапісаў, ікон. Як ён сам казаў, хацеў сабраць усё найцікавейшае на веткаўскай зямлі і паказаць іншым, здзівіць усіх. Сапраўды, яго калекцыя праз некаторы час стала добра вядомай, цікавай для пісьменнікаў, журналістаў, краязнаўцаў, выкладчыкаў, мастакоў, грамадскіх дзеячаў. Да яго ў той час прыязджалі шматлікія госці. Па словах І.Ю. Смірновай, якая некалькі гадоў працавала поруч з Ф.Р. Шкляравым: “Той, хто сустракаўся з ім, памятае, што аповед пра любы прадмет, які беражліва трымаў у руках, ён пачынаў з Гісторыі — гісторыі набыцця, гісторыі цэлых сем’яў і родаў, з гісторыі краіны. Гэта былі не проста аповяды, а дыялогі, дзе суразмоўцу задаваліся шматлікія пытанні, якія прымушалі задумацца, інакш ацэньваць звыклыя з’явы жыцця. Нездарма так часта Фёдар Рыгоравіч згадваў словы А.С. Пушкіна: “Павага да мінулага — рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікунства”.
Для тых, хто пабыў у Ф.Р. Шклярава і не застаўся раўнадушным, ён завёў кнігу водгукаў, упрыгожыў яе ў стылі веткаўскіх рукапісных кніг. У гэтай кнізе ёсць запісы тых даўніх часоў, напрыклад: “На такіх вось людзях трымаецца свет” (Т.П. Самсонава, член Саюза архітэктараў СССР). “Цяжка ўявіць, калі не ўбачыць, што адзін чалавек можа па драбніцах сабраць такія вялікія каштоўнасці матэрыяльнай культуры нашага вялікага народа…” (Ф. Чашчын, журналіст, пісьменнік Малдавіі). Для таго, каб убачыць унікальную калекцыю, да Ф.Р. Шклярава прыязджалі вядомыя мастакі Арлен Кашкурэвіч, Барыс Забораў, Іван Рэй, Мікалай Казакевіч, вядомыя пісьменнікі, творчыя людзі Беларусі, Расіі, іншых рэспублік.
У 1970-х гадах Ф.Р. Шкляраў працаваў мастаком па тканінах на веткаўскай ткацкай фабрыцы. Менавіта ў той час Ф.Р. Шкляраў адкрыў для ўсяго свету самабытнае неглюбскае ткацтва. У якасці сваіх малюнкаў па тканінах ён браў узоры з тых неглюбскіх ручнікоў і посцілак, якія атрымлівалі дыпломы і прызавыя месцы на міжнародных выстаўках у Маскве, Мінску, Ленінградзе.
28 лістапада 1978 г. з’явілася Пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні ў Ветцы музея народнай творчасці. Музей размясціўся ў двухпавярховым доме ў гістарычным цэнтры Веткі на Чырвонай плошчы — помніку архітэктуры ХІХ ст, доме былога купца Ц.П. Грошыкава. Быў распачаты яго рамонт і рэканструкцыя па праекту архітэктара Л.І. Асенняга.
Ф.Р. Шкляраў перадаў у музей 500 экспанатаў з уласнай калекцыі. Тым самым быў пакладзены пачатак камплектаванню фондаў музея. У 1983 г. ён падарыў найбольш каштоўную і унікальную калекцыю старадрукаваных і рукапісных кніг ХVІ-ХІХ стст. У яе складзе — кнігі першых беларускіх і рускіх друкароў І. Фёдарава, П. Мсціслаўца, А. Радзішэўскага. І не адзін раз пасля таго Ф.Р. Шкляраў дарыў музею рэдкія і каштоўныя прадметы.
Ф.Р. Шкляраў пераадолеў шматлікія цяжкасці і непаразуменні з мясцовай уладай, прыклаў шмат намаганняў для таго, каб адкрыўся Веткаўскі музей народнай творчасці. Першая экспазіцыя была адчынена 1 лістапада 1987 г. У гэтым жа годзе Фёдару Рыгоравічу было прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры”.
Значная частка абразоў, кніг, створаных на Ветцы, і тых, што тут захоўваліся, была вывезена ў музеі і бібліятэкі Санкт-Пецярбурга, Масквы падчас навуковых экспедыцый, якія наладжваліся работнікамі гэтых устаноў у 1960-1970 гг. Веткаўскі музей народнай творчасці узнік як неабходнасць, патрэба захавання матэрыяльных і духоўных каштоўнасцяў менавіта на той зямлі, дзе яны ствараліся.
З самага пачатку супрацоўнікі Веткаўскага музея пад кіраўніцтвам Ф.Р. Шклярава разгарнулі актыўную экспедыцыйную працу на тэрыторыі Веткаўскага і суседніх з ім раёнаў. Для прыкладу, у 1983 годзе, калі быў набыты уласны транспарт, было зроблена больш 60 паездак. У выніку гэтага калекцыі музея хутка папаўняліся новымі экспанатамі, збіраўся багаты матэрыял па традыцыйнай культуры. У 1983 г. музей набыў кнігу І. Фёдарава “Апостал”, выдадзеную ў 1574 г. У гэтым жа годзе, які ЮНЕСКА аб’явіў годам І. Фёдарава, больш ніхто ў свеце не адшукаў выданняў першадрукара.
Падчас наведвання музея многія па-добраму здзіўляюцца прыдумкам Фёдара Рыгоравіча: ручку дзвярэй на 3-м паверсе ён зрабіў з кавалка рога лося, пры ўваходзе на 2 паверх мы штораз чытаем радасны жыццясцвярджальны надпіс ”Мір вам”. І, урэшце, нібы аўтограф Ф.Р. Шклярава — надпіс на драўляных варотах каля музея, пакінуты як запавет: “Ветка — жизнь, счастье, Родина моя!”
1 лістапада 1987 г. урачыста была адкрыта першая экспазіцыя музея.
У жніўні 1988 г., незадоўга да сыходу, Ф.Р. Шкляраву было прысвоена званне “Заслужаны работнік культуры БССР”. Веткаўскі музей народнай творчасці з гэтага часу быў уключаны ў міжнародны турыстычны маршрут, яго наведвальнікамі сталі грамадзяне рэспублік СССР і замежных краін.
У Веткаўскім музеі ёсць навуковы архіў, дзейнічаюць дзве аўтарскія праграмы па музейнай педагогіцы, працуе аддзел рэстаўрацыі і адрадджэння рамёстваў.
У 2004 г. Веткаўскі музей уключаны ў турыстычны маршрут “Залатое кальцо Гомельшчыны”.
У 2-м рэспубліканскім конкурсе “Зведай Беларусь” у намінацыі “Лепшы музей года” ВМНТ быў адзначаны спецыяльнай граматай “За захаванне і адраджэнне традыцый”. За плённую працу ў вывучэнні і прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры ў студзені 2009 г. Веткаўскі музей атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Музейная справа”.
Адзін з нядаўніх ганаровых наведвальнікаў Веткаўскага музея народнай творчасці — Стэфан Эрыксан, пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь. У кнізе водгукаў, распачатай Ф.Р. Шкляравым, ён падзяліўся ўражаннямі, зрабіў запіс на беларускай мове: “Шаноўнае спадарства! Вялікі дзякуй за цікавую і натхняльную экскурсію па вашым унікальным музеі. Я вельмі ўражаны багаццем традыцый вашай зямлі.” 6 кастрычніка мінулага года музей наведаў пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Колькасць наведвальнікаў Веткаўскага музея народнай творчасці з кожным годам узрастае. Так, у 2009 г. іх налічвалася 11 533, са студзеня па верасень 2010 г. — 11439. Гэтыя лічбы — сведчанне таго, што цікавасць суайчыннікаў і гасцей Рэспублікі Беларусь да культурнай спадчыны, гістарычнага мінулага Веткаўскага раёна павялічваецца.
Дзякуючы таму, што Ф.Р. Шкляраў прыклаў вялікія намаганні для стварэння і наступнай дзейнасці Веткаўскага музея, духоўныя і матэрыяльныя культурныя скарбы, якія захоўваюцца ў ім, натхняюць сучаснікаў на стварэнне будучыні, напоўненай гармоніяй, мірам і прыгажосцю.
Ларыса РАМАНАВА.