Мой самы шчаслівы дзень

Мой самы шчаслівы дзень Быў дзень 8 мая. У гэты дзень наша часць кубанскіх казакаў выйшла на раку Эльбу і злучылася з саюзнымі войскамі. Разам з амерыканцамі, англічанамі мы радаваліся блізкай нашай перамозе. Кожны салдат душой адчуваў, што набліжаецца канец чатырохгадовай крывапралітнай вайне.

Атрымаўшы невялікі адпачынак, мы ўсе сталі рыхтаваць сябе да сустрэчы гэтага дня. Размясціўшыся на берагах Эльбы, мы думалі аб блізкай сустрэчы са сваімі роднымі і знаёмымі, са сваімі любімымі. Усе адчувалі, што гэты дзень, дзень сустрэчы, не за гарамі. Аб гэтай сустрэчы думаў і я. У думках я быў у сябе на радзіме, у роднай Ветцы, каля роднай маці, каля любімай чарнавокай дзяўчыны. І гэтыя пачуцці ад блізкай сустрэчы натхнялі кожнага байца, кожнага афіцэра на любы подзвіг у імя перамогі. У думках аб радзіме, аб сустрэчы прайшоў дзень 8 мая і раніца 9 мая. Але якая яна была незвычайная, якая радасная! I вакол — тысячы алых сцягаў. Радыё прынесла нам радасную вестку аб безагаворачнай капітуляцыі.

У віншавальнай прамове камандзір часці Герой Савецкага Саюза генерал Крукаў сказаў нам:

— Дарагія сыны мае, мы з вамі зрабілі ўсё, што ад нас патрабавала Радзіма, мы паставілі на калені гітлераўскую Германію. Гэты дзень быў самым радасным днём у маім жыцці.

Л. І. АСІПКОЎ, гвардыі лейтэнант. “Сталінская праўда”, 9 мая 1946 г.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.