Белы дом на скале

Тут, ля Лысай гары, дзе старыца цячэ,
Панскі парк над Сажом успамінам сячэ.
Гецаў, Бабушкін яр, Белы дом на скале.
І гасцінец стары — вётлы, нібы ў вадзе.

Як піша ў сваёй даследчай працы вядомы беларускі гісторык і этнограф Лакотка, Халецкія для будаўніцтва палаца выбралі зручнае месца з прыгожымі краявідамі. Ён быў узведзены на правым крутым беразе Сожа, над поплавам. З прасторнага балкона, упісанага ў порцік, адкрываліся цудоўныя краявіды на шырокі поплаў з серабрыстай стужкай ракі, абшары лясоў. Прыемна было тут цёплым вечарам дыхаць паветрам з бароў, любавацца зіхаценнем вады, слухаць прыгонных музыкаў.

У пачатку 19 стагоддзя Халецкія пачалі ўзвядзенне самага буйнога ў Магілёўскай губерні палаца, які мог параўнацца толькі з палацам Румянцавых у Гомелі. Сам палац адлюстроўваў у сабе кампактны двухпавярховы будынак у класічным стылі. Недахоп сродкаў у Халецкіх верагодна адчуваўся, таму другі паверх быў зроблены з дрэва. Па традыцыі цэнтр параднага пасаду быў выраблены прыгожым порцікам іанічнага ардэру. На ўзроўні першага паверху — шэсць вялікіх чатырохгранных слупоў, на якіх мясціўся балкон другога паверху. Па перыметру тэрасы ўстаноўлены восем простых калон, якія падтрымлівалі адкрыты балкон. Менавіта тут у летнія цёплыя вечары ладзілі канцэрты і танцы. Па баках ад сядзібнага дома знаходзіліся два аднапавярховыя флігелі з порцікамі. За палацам, на крутым схіле, умацаваным пасадкамі бэзу, былі створаны шэсць тэрас з кветнікавымі клумбамі і дэкаратыўнымі кустарнікамі. Наўкол палаца быў разбіты цудоўны пейзажны парк агульнай плошчай каля 15 гектараў. Ён займаў навакольныя прырэчныя ўзвышшы і цягнуўся ўздоўж Сажа да самой вёскі Радуга амаль на два кіламетры. Да параднага двара вяла шырокая ліпавая алея. Побач з палацам быў пасаджаны вялікі фруктовы сад.

Бег час, мяняліся гаспадары. З уладальнікаў Хальча найбольш цікавай асобай быў апошні гаспадар мястэчка — Жыгімонт Войніч-Сенажэцкі. Ён весела адпачываў і слава аб балях і паляваннях, якія ладзіліся ў Хальчанскім палацы ў пачатку 20 стагоддзя, гучала на ўсю Усходнюю Беларусь. Найбольшым шыкам карысталася паданне аб шлюбе Жыгімонта з дачкой аднаго з мясцовых паноў, якая на наступны дзень са слязамі збегла ад мужа ў бацькоўскую хату. Але гаспадар Хальча не занадта быў гэтым занепакоены і наступным разам здзейсніў чарговую вандроўку ў Амерыку, адкуль прывёз аўтамабіль — адзіны ў акрузе на той час. Пасля 1917 года ён назаўсёды пакінуў родныя мясціны і перабраўся да сваёй сястры Людвікі Валкавіцкай ў Гародню, што была пад панскай Польшчай. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе яны былі арыштаваны органамі НКУС і ў хуткім часе растраляны.

А Хальчанскі палац у 1920-я гады перадалі пад дзіцячы інтэрнат, а пазней — пад кантору мясцовага саўгаса. У 1943 годзе тэрыторыю палаца і парка абнеслі плотам з калючым дротам і наладзілі тут калонію для рэпрысіраваных “ворагаў народа” — “Воля”. Сярод зняволеных былі і мужчыны, і жанчыны з дзецьмі. Яна праіснавала да 1954 года. І толькі напачатку 1970-х гадоў мастацтвазнаўцы змаглі дабіцца перадачы палаца Гомельскаму абласному краязнаўчаму музею, адбылася яго павярхоўная рэстаўрацыя.

…І вось мы тут, каля Белага Дома. Выгляд некалі шыкоўнага, незвычайна прыгожага палаца сёння стварае адчуванне безнадзейнага запусцення. Апынуўшыся паблізу гэтых сценаў, вокнаў і падобных да злавесных астрожных сутарэнняў склепаў, нават мы, маладыя людзі, самі таго не жадаючы, уваходзім у стан, што мяжуе паміж смуткам і трывогай.

Подых мінуўшчыны асабліва востра адчуваецца тут увосень, калі прырода рыхтуецца да зімовага спачынку. Тады нібыта патанаеш у навакольных прысадах каля палаца, заўважаеш, што тут шмат недагледжаных, высахлых дрэў. І побач нібы праносяцца ў тумане міфічныя здані Халецкіх і Радзівілаў…

Але ў той дзень нам давялося пабачыць не толькі здані, але і прамых нашчадкаў шляхціцаў Халецкіх. У свой радавы маёнтак наведаліся Усеўкраінскі грамадскі староста Валянцін Мікалаевіч Халецкі, яго жонка Люба, дачка Яна, сын Ян і зяць Уладзімір. Зараз яны пражываюць у Кіеве. Кожны год, кідаючы ўсе справы, сямейства Халецкіх імкнецца да Хальча, да тых мясцін, дзе ўзнікла іх прозвішча, дзе на працягу стагоддзяў фарміраваўся знакаміты старажытны беларускі род. Уражанні ад сустрэчы непаўторныя. На наша пытанне аб лёсе радавога памесця В.М. Халецкі адказаў так: “Наш род вельмі вялікі і знакаміты. Гэта паважаныя сем’і, што жывуць на Беларусі, Украіне, Польшчы і Францыі. Мы жадалі, калі б нам вярнулі нашу маёмасць не дзеля таго, каб толькі зафіксаваць нашу ўласнасць. Згадваючы гістарычную спадчыну мы б пераўтварылі наследны палац, вядома рэстаўрыраваўшы яго, у нацыянальны музей”. Пакуль Халецкія атрымалі адмоўны адказ.

Што будзе далей? Гэтае пытанне мы задалі сматрыцелю таго, што мы называем “помнікам архітэктуры” і што ахоўваецца дзяржавай, — Алесе. “Плануецца вялікая рэстаўрацыя, але калі гэта будзе, зусім невядома”, — пачулі мы ў адказ.

Вялікі беларускі мастак, піяніст, кампазітар, педагог Напалеон Орда, юбілей якога адзначаўся ў 2008 годзе, у час сваіх вандровак па мясцінах Беларусі не абмінуў і Хальч. Ён пакінуў для гісторыі карціну цудоўнага кутка роднай яму Бацькаўшчыны. Орда быццам прадчуваў, што нейкая навалач можа знішчыць палац і парк. Мы пэўны час імкнемся па ўсіх каналах знайсці рэпрадукцыю малюнка Орды, але пакуль безпаспяхова.

…Белы дом на скале! Спадчына, надзея і самаўвасабленне мястэчка Хальч. Калі ж яно адбудзецца?

Міхаіл КОСМЫКАЎ.  На здымку: ад часу маёнтак абрушваецца.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.