Цёплы, але дажджлівы вераснёвы дзень час ад часу ўсміхаўся нам сонейкам, вітаў водарам грыбоў і прэлага лісця. Здаецца, на шляху між Веткай і Добрушам гэты водар асаблівы: на малой радзіме ён набывае дадатковыя выразныя адценні нечага роднага, блізкага і вельмі смачнага. Едзем да прадзядулі на магілку.
Едзем упершыню, таму правільней будзе сказаць: шукаем. Сучасныя сродкі навігацыі не дапамагалі аніяк. Падказкі тэлефонных кансультантаў — бабулі і таты — неяк разыходзіліся з той лясной рэчаіснасцю, якую мы назіралі з-за акна аўтамабіля. Пакуль я шукала хоць нейкія прыродныя арыенціры, прыгадваліся факты з сайта pamyat-naroda.ru і аповеды бабулі пра яе тату — працавітага, адказнага, шчырага прадзядулю Стэфана, які частаваў мяне самымі смачнымі ў свеце грушамі.
…З самага дзяцінства ведаю гісторыю пра тое, што на Вялікай Айчыннай вайне прадзядулю выратавала ад смерці іконка, якая была ў яго кішэні дзесьці ля сэрца. Менавіта туды пацэліла куля. Іконка прыкрыла сабой прадзядулю, адбіла кулю сваёй жалезнай асновай і сілай моцнай веры, якая была ў сэрцы майго продка. З гэтай іконкай прадзядуля вярнуўся з вайны. Захоўваў яе, выціснутую ад кулі, як сведку здзейсненага Богам цуда. «А што гэта за іконка, бабуля?» — аднойчы спытала я. Бабуля мяркуе, што там была выява або трох анёлаў, або свяціцеля Васілія Вялікага, святога Грыгорыя Багаслова і Іаана Златавуста.
Прадзядуля Стэфан родам з Тарасаўкі — невялікай вёсачкі, што знаходзіцца ў Веткаўскім раёне. Калі я нарадзілася, прадзядуля ўжо жыў у Ветцы. Пазней чарнобыльская трагедыя разагнала нашу сям’ю па розных кутках Беларусі. Прадзядуля нікуды не паехаў. Часам адчуваю сябе насеннем з дрэва, што засталося тут, на Гомельшчыне, у Ветцы. Насенне разляцелася ў розныя бакі, упала на глебу, прарасло, дало плён. Вось цяпер я, насенне прадзядулі Стэфана, еду да яго, роднага і дарагога, разам з мужам і дачушкай…
Лясныя могілкі! Зварочваем з дарогі ў лес. Ідзём. Працягваем пошукі. Тэлефануем да таты. Апісваем дакладна, што бачым. Ёсць агароджа? Значыць, не тыя. Вяртаемся ў машыну. Едзем далей. Квэст працягваецца. Шукаем, акропленыя веткаўскім дажджом.
…Прадзядуля нарадзіўся ў 1904 годзе. Скончыў чатыры класы гімназіі. Ажаніўся з маёй прабабуляй Дамінікай Максімаўнай. У іх было чацвёра дзяцей. Самая малодшая — мая бабуля Марыя. Яна нарадзілася ў 1938 годзе. Вайну крыху помніць. Помніць, што на зіму сыходзілі ў лес. Бралі з сабой карову. Вярталіся вясною. Жылі ў бліндажы, бо ў іх хаце размяшчаўся нямецкі штаб. На дварэ — акопы… А прадзядуля ў гэты час ваяваў.
Ён узнагароджаны двума медалямі «За адвагу», а таксама ордэнам Чырвонай Зоркі. Першы медаль «За адвагу» атрымаў 5 лістапада 1943-га за тое, што на пераправе праз раку Сож у ваколіцах Веткі, стоячы па калена ў вадзе, нягледзячы на шквальны агонь праціўніка, рабіў пешаходны мосцік. Другім медалём «За адвагу» прадзядулю ўзнагародзілі як радавога сапёра 23 лютага 1944 года. Пад моцным кулямётным і мінамётным агнём праціўніка ў Парыцкім раёне ён зрабіў праход у агароджы з дроту і абясшкодзіў 27 мін, такім чынам праклаў шлях для наступаючай пяхоты. Вяртаючыся з задання, пад агнём праціўніка перавязаў і вынес з поля боя раненага камандзіра стралковага ўзвода. У баі прадзядулю кантузіла. Магчыма, гэта тады іконка выратавала яму жыццё.
Ордэн Чырвонай Зоркі з’явіўся на грудзях прадзядулі ў ліпені 1944-га. На працягу трох гадзін наш герой будаваў пешаходны мосцік на разбураным чыгуначным мосце на рацэ Бярэзіне ў ваколіцах Бабруйска. Пад моцным артылерыйска-мінамётным агнём праціўніка. Стоячы ў вадзе.
…Спыняем машыну. Ідзём да грыбнікоў. Пытаем пра лясныя могілкі. Грыбнікі кажуць, што недалёка адсюль іх бачылі. Трэба прайсці ці праехаць у глыб лесу. Так і робім. Знаходзім старыя могілкі — без агароджы, як і казаў тата. Ідзём управа. Бачу знаёмыя вочы, што глядзяць на мяне з вечнасці.
Прывітанне, родны!
ЛІСТ ДА ДЗЯДУЛІ
Ахоўваюць сосны, дзядуля, твой вечны спачын.
З галін іх ляціць калыханка ў ціхую вечнасць.
Ты з вечнасцю зараз, дзядуля, адзін на адзін.
Я веру, што раны вайны табе вечнасць залечыць.
Яны неўміручыя, праўда, былі пры жыцці?
Было з імі цяжка, хоць іх бінтавалі любоўю.
У вечнасць, дзядуля, табе прывітанне ляціць:
Малітва нашчадкаў тваіх. Любім! Помнім!
Алена КАЗЛОВІЧ.
