Імя Варвары Грэцкай з пасёлка Амяльное ведаюць фалькларысты і этнографы, а таксама цікаўныя да беларускай традыцыйнай культуры Беларусі і Расіі, нават з Еўропы і ЗША. 17 снежня Варвары Аляксандраўне споўнілася б 100 гадоў.
Нарадзілася яна ў 1925 годзе ў вёсцы Старое Закружжа Веткаўскага раёна. У 1926-м сям’я Грэцкіх пераехала ў пасёлак Амяльное, які, як і пасёлкі Падкаменне, Сярэдняе, Пянное, а таксама вёска Марозаўка, быў заснаваны малазямельнымі жыхарамі старога Закружжа. Трэба адразу адзначыць, што ў новаствораных населеных пунктах захоўвалася старазакружская фальклорна-этнаграфічная традыцыя.


У 1992 годзе ў сувязі з наступствамі аварыі на ЧАЭС і адсяленнем роднага пасёлка Амяльное Варвара Грэцкая пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Ветку, дзе пражыла да самай смерці, да 3 студзеня 2021 года. У памяці гэтай жанчыны захоўваўся, на жаль, даводзіцца вызначаць у мінулым часе, практычна ўвесь фальклорна-этнаграфічны рэпертуар Амяльнога: песні каляндарнага і сямейнага цыклаў, лірычныя, дзіцячыя, сірочыя песні, замовы, апісанні абрадаў і звычаяў, легенды, прыкметы, павер’і.
Паводле вызначэнняў фалькларыстаў і этнографаў, яна «выбітная», «адметная», «неардынарная», «таленавітая» і нават, як вызначыў беларускі філосаф Валянцін Акудовіч у прыватным лісце да мяне, «нешта ўнікальнае, богападобнае».
Мы з Варварай Аляксандраўнай сябравалі цягам апошніх шаснаццаці гадоў яе жыцця. Сустракаліся, размаўлялі, яна распавядала пра амяленскае жыццё.
Значная частка з таго, што пашчасціла ад яе запісаць, прыводзіцца мной у кнігах «Варвара Грэцкая як з’ява беларускай народнай культуры» (2015), «К каждаму разгавору прыказка ё…» З вопыту вывучэння дыялектнай фразеалогіі. Матэрыялы да фразеалагічна-парэміялагічнага слоўніка асобы. Варвара Аляксандраўна Грэцкая. Запісы 2005‒2017 гг.» (2017), «Паслядоўніца. Варвара Грэцкая — выбітны носьбіт беларускай народнай традыцыі» (2023), «Пясённіца». Асоба Варвары Грэцкай як увасабленне амяленскай фальклорнай культуры» (2025). Зместам першай з іх стала жыццё Амяльнога, увасобленае ў песнях, павер’ях, звычаях, прыкметах, абрадах, запісаных мною на працягу 2005‒2014 гадоў. У другой мы бачым жыццё Амяльнога, увасобленае ў прыказках і прымаўках. У «Паслядоўніцы» Варвара Аляксандраўна распавядае пра традыцыі сваёй сям’і, у апошняй кнізе — пра фальклорныя традыцыі Амяльнога.
Таксама былі шматлікія публікацыі ў такіх выданнях, як «Живая старина», «Антропологический форум», Palаeoslavica, «Белорусский фольклор: материалы и исследования», «Верасень», «Палац», «Дзеяслоў», «Апостраф», а таксама ў матэрыялах навуковых канферэнцый. Яе імя праз мае кнігі і публікацыі прыводзіцца ў працах вядомых фалькларыстаў і мовазнаўцаў, такіх як А. І. Аляшкевіч, А. Ф. Асенчык, Т. В. Валодзіна, Р. М. Кавалёва, У. І. Коваль, В. А. Лабачэўская, А. І. Холяўка. Мала хто з носьбітаў беларускай народнай традыцыі можа пахваліцца такой багатай бібліяграфіяй.
Традыцыйная культура Амяльнога — гэта агульная беларуская культура, увасобленая ў традыцыю адной асобна ўзятай вёскі. Унёсак Варвары Аляксандраўны ў яе захаванне пераацаніць немагчыма.
Генадзь ЛАПАЦІН
