21 лютага ва ўсім свеце адзначылі Дзень роднай мовы. Ва ўстановах адукацыі Веткаўскага раёна прайшлі тэматычныя ўрокі і мерапрыемствы.
У Шарсцінскай базавай школе Дзень беларускай мовы склаўся асабліва запамінальна. Ён прайшоў пад назвай «Які гэта цуд — мова мая родная!».
Пачаўся дзень з адкрыцця выставы «Вакол 100 беларускіх слоў”. Пасля вучні сталі ўдзельнікамі флэш-моба «Знаўцы роднай мовы».
Да інтэлектуальных выпрабаванняў далучыліся і дарослыя. У гэты дзень супрацоўнікі школы разам з дзецьмі праверылі свае веды ў інтэрактыве «Роднае — народнае», дзе расказалі пра любімыя брэнды, вырабленыя ў Беларусі. Вучні малодшых класаў прынялі ўдзел у акцыіі «Зрабі ласку, пачытай беларускую казку!».
Пазней паэтычны сход пад назвай «З любоўю да роднага слова» сабраў аматараў беларускіх вершаў. Кожнаму ўдзельніку прадставілася магчымасць праявіць свой талент і выразіць шчырую любоў і ўдзячнасць роднай мове праз вершаваныя радкі. Журы выбрала лепшага чытальніка.
У акцыі «Лепшы грамацей» прынялі ўдзел не толькі вучні, але і дарослыя: настаўнікі і персанал школы. Усе пісалі дыктоўку. Чэлендж «Сэлфі з любімай беларускай кнігай» сабраў усіх у бібліятэцы.
Кожны народ ганарыцца сваёй краінай і клапатліва ахоўвае скарб, атрыманы ў спадчыну, — нацыянальную мову. Аднак часам узнікае неабходнасць надаць ёй крыху больш увагі, чым звычайна. Сёлета ў вучняў Шарсцінскай базавай школы гэта атрымалася.
В. А. Чэрнушэвiч.
