Главная страница » Ідзе страла ды ўздоўж сяла

Ідзе страла ды ўздоўж сяла

На ўсходзе Беларусі і ў некаторых іншых раёнах да нашага часу адбываецца вельмі архаічны абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы» з выхадам у азімае поле. Але ж асабліва характэрны такія рытуальныя дзеянні для вёсак Веткаўскага раёна — Стаўбуна, Казацкіх Балсуноў, Янова, Неглюбкі. Сёлета ён тут адбыўся 25 мая.

img_0004-1024x696 Ідзе страла ды ўздоўж сялаЖанчыны вадзілі карагоды, качаліся па жыце і закопвалі ляльку ці нейкую рэч накшталт пярсцёнка ці грэбня. Абрад мае ў сваёй аснове засцерагальную магію, скіраваную на максімальную ўрадлівасць і абарону ад грамавых стрэл і пажараў. У сівыя часы практыкаваліся нават чалавечыя ахвярапрынашэнні. Сёння такую ахвяру замяняюць сімвалічнымі прадметамі.

Непарушную сувязь з продкамі, дзякуючы аўтэнтычнаму абраду, падтрымліваюць сёння на Веткаўшчыне ў аграгарадку Стаўбун. У дзень Ушэсця Хрыстова, якое святкуюць на саракавы дзень пасля Вялікадня, жанчыны збіраюцца ў вялікі гурт і накіроўваюцца на поле. Каб прыняць удзел у абрадзе, у Стаўбун прыязджаюць аматары народных звычаяў з розных рэгіёнаў. Найперш, каб адчуць святочную атмасферу і на свае вочы ўбачыць тое самае пахаванне стралы. Як гэта адбываецца?

apn4dbdwwmm-1024x768 Ідзе страла ды ўздоўж сялаУдзельнікі з песнямі ідуць праз вёску на жытняе поле, дзе закопваюць у зямлю металічныя прадметы з просьбамі аб дабрабыце, дажджы і багатым ураджаі. Гэта, па павер’ях, можа абараніць родную зямлю ад розных нягод.

img_0004-1024x696 Ідзе страла ды ўздоўж сялаАсаблівая ўвага — да так званых стрэльных песень. Яны нечым нагадваюць кліч-маленне. З іх дапамогай вяскоўцы пасылаюць увысь просьбу, каб навальніцы з дажджамі і агністымі стрэламі маланак не нашкодзілі гаспадарам, каб абараніць дамы, пасевы і каб ураджай быў шчодры. «Ідзе страла ды ўздоўж сяла…» — адна з такіх песень, якую заводзяць у карагодзе.

ekidakvtxp4-1024x768 Ідзе страла ды ўздоўж сялаЯшчэ адно абавязковае дзейства — качанне ў жыце. Па ўяўленнях продкаў, гэта дапаможа здабыць здароўе ад матухны-зямлі. Кульмінацыя абраду — само «пахаванне стралы». Удзельнікі закопваюць каласкі ў зямлю з пажаданнямі захавання дома і маёмасці. Таксама прыкопваюць ля карэньчыкаў жыта дробныя прадметы: гузікі, шпількі, манеты.

ekidakvtxp4-1024x768 Ідзе страла ды ўздоўж сялаНаогул, паняцце «страла» — гэта і нябесная маланка, і пажар, і вайна, і хваробы. Прычым удзельніцы старажытнага звычаю не проста спяваюць стрэльныя песні, а яшчэ і абавязкова вераць, што іх замовы чутны нават Богу. Інакш як растлумачыць такія з’явы? Ледзь жаночая частка вёскі пасля службы ў царкве і хрэснага ходу пачынае прасіць неба аб добрым ураджаі — праз імгненне можа пайсці лівень!

o5llrn6nwo0-1024x768 Ідзе страла ды ўздоўж сялаЦікавая асаблівасць: у абрадзе прымаюць удзел толькі жанчыны. Даследчыкі лічаць, што гэта сведчанне эпохі матрыярхату. Дарэчы, каля Стаўбуна археолагі выявілі сляды знаходжання чалавека, якія адносяцца да перыяду аж 11-тысячагадовай даўнасці. Хто ведае, магчыма, з той пары і бярэ карані даўні звычай, які засцерагае зямлю беларусаў ад усякай бяды.

Марына КУЗЬМІЧ.

Фото разных лет из Яново и Столбуна.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *