Ніхто не будзе аспрэчваць думку, нават аксіёму, што з такімі паняццямі, як сям’я і прафесія, звязана ўсё жыццё чалавека, менавіта яны і вызначаюць наш лёс. Неаспрэчная ісціна і ў тым, што чалавек лічыцца шчаслівым, калі з радасцю ідзе на работу і з радасцю спяшаецца дадому.
Больш за 40 гадоў працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Неглюбскай сярэдняй школе Ірына Віктараўна Шавялёва. Як складаецца яе лёс? Ці лічыць яна сябе шчаслівым чалавекам? Чаму менавіта гэтую прафесію выбрала для сябе?
Аб іншым лёсе жанчына ніколі і не марыла, бо яна з дынастыі педагогаў. Дзядуля і бабуля працавалі настаўнікамі спачатку ў вёсцы Янова, а потым у Стаўбуне, на сваёй малой радзіме. Дарэчы, у гэтай вёсцы і нарадзілася Ірына Віктараўна. Яе бацькі таксама прысвяцілі сваё жыццё навучанню і выхаванню вясковых дзяцей. Забягаючы наперад, скажу, што дзве дачкі настаўніцы — таксама выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры.
У 1975 годзе па заканчэнні школы І. Шавялёва паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. У 1980-м па размеркаванні прыехала працаваць у Неглюбку. Шмат выпускнікоў мясцовай школы з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць сваю настаўніцу, прыходзяць да яе ў госці, віншуюць з рознымі святамі. Ірына Віктараўна ў сваю чаргу ганарыцца кожным з іх.
Вучні Ірыны Шавялёвай не раз займалі першыя месцы на раённых алімпіядах па беларускай мове, былі ўдзельнікамі і абласных этапаў, атрымлівалі дыпломы на літаратурных і іншых конкурсах. Не дзіўна, што ў паважанага настаўніка ёсць паслядоўнікі, і не толькі сярод былых навучэнцаў. Старэйшая дачка, Іна, — выкладчык вышэйшай катэгорыі ў гомельскім ліцэі, яе любяць дзеці і вельмі паважаюць калегі. Малодшая, Наталля, працуе таксама настаўнікам разам з маці ў Неглюбскай сярэдняй школе.
Ці не гэта шчасце?
Анастасія ЧУШАВА.
