У садку №1 вучаць ганарыцца Беларуссю

Абуджаць цікавасць да культуры свайго народа, яго мовы неабходна з ранняга дзяцінства, упэўнены выхавацелі дзіцячага садка №1 горада Веткі. Багаты матэрыял для гэтага дае народная культура: фальклор, рамёствы, святы і абрады, мастацкая літаратура. І  педкалектыў актыўна ім карыстаецца.

Так, у садку ў кожным групавым памяшкані створаны цэнтры для азнаямлення з беларускай культурай.  Усе яны адрозніваюцца адзін ад аднаго і па складу матэрыяла, і па яго якасці. У другой малодшай группе, напрыклад, вырабілі лэпбук на тэму “Мая Радзіма — Беларуь”. Там сабраны не толькі ілюстрацыі і гульнявыя заданні, але і паўнацэнныя гульні. Яны часцяком праводзяцца на занятках па фізкультуры ці падчас прагулак на свежым паветры.

Найбольш эфектыўна азнаямленне выхаванцаў з гісторыяй роднага краю адбываецца праз метад праектаў. Адна з апошніх работ была прадстаўлена на раённым конкурсе “Я — даследчык”. Дзяўчаты з групы інтэгрыраванага навучання пад кіраўніцтвам выхавальнікаў даследавалі, чаму Ветка завецца Веткай.

Каб пазнаёміць дзяцей з беларускай традыцыйнай культурай, у садку праводзяцца народныя святы. Самыя любімыя сярод выхаванцаў — Каляды і Гуканне вясны. Шмат новых ведаў яны набываюць і падчас наведвання Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Навуковыя супрацоўнікі распавядаюць ім аб прадметах быту і інтэр’ера беларусаў, пра культуру і звычаі праваслаўнай беларускай вёскі і стараабрадніцкай Веткі. Часцяком дашкольнікі бавяць час за беларускімі народнымі казкамі, апавяданнямі і вершамі айчынных аўтараў. Творы ім чытаюць дарослыя.

Сёння калектыў садка працягвае работу над новымі формамі і метадамі знаёмства дашкольнікаў з родным краем. Беларусь ёсць за што любіць, і задача дарослых — паказаць дзецям найлепшыя здабыткі нашай спадчыны, каб яны ганарыліся тым, што яны беларусы — нацыя з багатай гісторыяй і непаўторнымі традыцыямі.

Вольга ТУРАВЕЦ, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.