У Веткаўскім раёне праходзіла дыялекталагічная экспедыцыя

У Веткаўскім раёне праходзіла дыялекталагічная экспедыцыя, арганізаваная Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Супрацоўнікі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі гэтай установы кандыдаты філалагічных навук Ю.В. Маліцкі і В.А. Шклярык наведалі аграгарадкі Малыя Нямкі, Навасёлкі, Неглюбка, Старое Сяло, Стаўбун, Янова і вёску Пералёўка, дзе запісалі на дыктафон размовы амаль з двума дзясяткамі мясцовых старажылаў.

У выглядзе тэкстаў гэты моўны матэрыял будзе апублікаваны ў кніжных выданнях «Беларуская дыялекталогія» і «Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона», выхад з друку якіх запланаваны на 2022 год. Акрамя таго, атрыманыя запісы будуць дэталёва прааналізаваны, што дазволіць зрабіць вывады наконт магчымых змен у гаворках Веткаўскага раёна. Аднак ужо цяпер можна сказаць, што шэраг адметных рыс у маўленні жыхароў краю захоўваецца.

Па-першае, як і раней, раён падзяляецца на дзве часткі ў залежнасці ад наяўнасці/адсутнасці ў мясцовых гаворках мяккага гука «р». Напрыклад, у маўленні старажылаў са Старога Сяла і Навасёлак, як і ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, гук «р» заўсёды цвёрды (варыць, гавару, згарэлі, прывязу), а вось у Неглюбцы і Янове ў асобных выпадках удалося пачуць мяккі «р» (абряд, горе, пріедзім, цяперь). Так гавораць таксама на ўсходзе Віцебскай і Магілёўскай абласцей нашай краіны. Па-другое, у Веткаўскім раёне распаўсюджана даволі рэдкая для Беларусі форма творнага склону назоўнікаў множнага ліку: вілкамы, дравамы, нагамы, рукамы замест нарматыўных вілкамі, дровамі, нагамі, рукамі. Па-трэцяе, ужываюцца мясцовымі старажыламі і некаторыя адметныя словы: напрыклад, кладаўё як назва могілак і шыгаль як назва ігліцы. У Беларусі так мала дзе гавораць. Натуральна, аналіз зробленых падчас экспедыцыі запісаў дазволіць выявіць таксама іншыя асаблівасці гаворак Веткаўскага раёна.

Плённая праца па зборы дыялектнага матэрыялу стала магчымай дзякуючы спрыянню прадстаўнікоў мясцовых улад і работнікаў сферы культуры. Так, у вырашэнні транспартнага пытання і планаванні выездаў дапамогу аказалі намеснік старшыні Веткаўскага райвыканкама Н.А. Дарашэвіч, начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Веткаўскага райвыканкама Д.І. Ісачанка, а таксама навуковы супрацоўнік Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава А.В. Скідан.

Непасрэдна ў населеных пунктах камунікаванне са старажыламі арганізавалі супрацоўнікі мясцовых устаноў культуры: А.І. Маскаленка, А.Л. Болбасава (аг. Старое Сяло), А.А. Лакоза (аг. Навасёлкі), С.І. Парашчанка, Н.Ф. Гарэленка (аг. Стаўбун), А.М. Дзямчыхіна (аг. Неглюбка), Л.В. Данілкіна (аг. Янова), З.П. Гарбачова (аг. Малыя Нямкі), І.Д. Мінава (в. Пералёўка). Удзельнікі экспедыцыі і адміністрацыя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі выказваюць удзячнасць як адзначаным людзям, так і шаноўным бабулям і дзядулям, якія пагадзіліся на размову з даследчыкамі.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.