Няма сэнсу хістаць Беларусь
26 мая прайшла важная сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з парламентарыямі, членамі Канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржаўнага кіравання. У гэты дзень кіраўнік дзяржавы выступіў з заявай, пасля чаго адбылася дыскусія па шырокім коле пытанняў.
Нядобразычліўцы Беларусі перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу ўдушэння. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы. Прэзідэнт адзначыў, што як кіраўнік дзяржавы лічыць сваім абавязкам падрабязна агучыць перад народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю пазіцыю па працэсах, што адбываюцца вакол краіны, і абазначыць напрамкі будучага развіцця зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца.
«Як мы і прагназавалі, нашы нядобразычліўцы звонку, ды і ўнутры краіны, змянілі метады атакі на дзяржаву. Яны пераступілі мноства чырвоных ліній, перайшлі межы разважлівасці і чалавечай маралі. Гэта ўжо не інфармацыйная вайна, гэта гібрыдная сучасная вайна. Трэба зрабіць усё, каб яна не перарасла ў гарачую, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Яны не могуць нам прабачыць ні тратылу (выяўленага спецслужбамі ў Беларусі. — Заўвага БЕЛТА), ні «манкуртаў», таму баяцца новых выкрыццяў у паказаннях як збеглых, так і ўнутраных. У бліжэйшы час мы прадставім грамадскасці ўсё, што яны нагаварылі, у тым ліку і нядаўна затрыманыя».
«Менавіта таму яны перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу ўдушэння. Ідзе пошук новых слабых месцаў, і гэта накіравана не толькі на нас: мы для іх палігон, эксперыментальная пляцоўка перад кідком на Усход. Апрабаваўшы ў нас, яны пойдуць туды», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што адзін з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў, які, працуючы за мяжой, «падняўся» на беларускай праблематыцы, ужо на ўсю моц працуе супраць Расіі. Гэта, падкрэсліў Прэзідэнт, паказвае сапраўдную мэту заходніх стратэгаў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў інцыдэнт з самалётам Афіны—Вільнюс. «Як мы павінны былі зрабіць, асабліва на фоне каскада пагроз аб мініраванні нашых аб’ектаў? Вы жывяце ў Беларусі і ведаеце: кожны дзень «мініруюць» то школы, то ўніверсітэты, то прадпрыемствы. Ды і самалёты з ІР-адрасоў у Польшчы, Літве і Латвіі. У кожным выпадку мы рэагавалі адэкватна атрыманай інфармацыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што алгарытм дзеянняў у такіх надзвычайных сітуацыях толькі адзін: неадкладная пасадка самалёта і выратаванне людзей. «Мы дзейнічалі ў строгай адпаведнасці з авіяцыйнымі правіламі бяспекі. Гэта прызнаюць спецыялісты і эксперты. Але рашэнне прымалі не мы. Па ўсіх правілах і інструкцыях рашэнне прымае камандзір экіпажа, і мы прапанавалі дапамогу. Камандзір экіпажа чвэрць гадзіны думаў, раіўся з гаспадарамі (мы гэта ведаем) і супрацоўнікамі аэрапорта ў Вільнюсе. Няхай апублікуюць гэтыя даныя. Не мы ж іх павінны публікаваць. Вы ўяўляеце, 15 хвілін у такой сітуацыі (можа, нават больш) ён сазвоньваўся і раіўся», — адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да сусветнай супольнасці: няма сэнсу хістаць Беларусь.
«Мы павінны захаваць сваю краіну і перадаць сваім дзецям у нармальным стане. Мы не можам перадаваць праблемы дзецям і ўнукам, мы іх павінны вырашыць. Таму што час выбраў нас. Мы апынуліся на перадавой новай не халоднай, ужо ледзяной вайны. І выстаяць можа тая дзяржава, якая не паддасца гібрыднаму націску, — сказаў беларускі лідар. — Наш моцны бок — шчырасць, сумленнасць і прыстойнасць. Але яны ж і наша слабае месца, якое яны выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах. Але звяртаюся да ўсёй сусветнай супольнасці: няма сэнсу хістаць Беларусь!» — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што з’явілася прынцыповасць пазіцыі беларускага народа па шэрагу пытанняў, зацягнуліся брэшы бяспекі, узмацнілася абароненасць тых катэгорый, ад каго залежаць стабільнасць і развіццё. «Нас імкнуцца разарваць і перацягнуць. Але важна ўстаяць і тым самым стаць мацней. Я не раз гаварыў: суверэнітэт і незалежнасць каштуюць дорага. Сёння кожны беларус не на словах, а на справе можа адчуць цану нашай незалежнасці на фоне абвастрэння канкурэнцыі ў свеце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Падрыхтавана па матэрыялах БЕЛТА