У Беларусі павышаюць ролю Савета бяспекі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Савета бяспекі абмяркаваў павышэнне ролі гэтага калегіяльнага органа ў жыцці дзяржавы. «У тым ліку ў пытаннях абароны незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі, падтрымання грамадзянскага міру і згоды, процідзеяння экстрэмізму і тэрарызму — самае шырокае кола праблем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Роля і паўнамоцтвы Савета бяспекі павінны быць сувымерныя з рызыкамі і пагрозамі цяперашняга часу, падкрэсліў Прэзідэнт.

Лукашэнка расставіў акцэнты ў рэзананснай тэме

«Тым, хто сёння рэфлексуе ў сетках і мэсэнджарах наконт новага Дэкрэта і не валодае пытаннем, растлумачу. Савет бяспекі — гэта не адны сілавікі, як некаторыя тут пішуць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што сярод пастаянных членаў Савета бяспекі палова службовых асоб — цывільныя людзі: кіраўнікі ўрада, абедзвюх палат парламента і Адміністрацыі Прэзідэнта. «А калі ўзяць поўны склад Савета бяспекі — гэта наогул дзве трэці цывільных людзей», — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што гэты канстытуцыйны орган забяспечвае рэалізацыю паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы ў сферы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, у тым ліку як Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі. «Зразумела, што ў яго складзе ёсць і заўсёды будуць кіраўнікі асноўных сілавых структур», — адзначыў беларускі лідар.

У ліку пытанняў, якія абмяркоўваліся на пасяджэнні Савета бяспекі, была распрацоўка новага палажэння аб гэтым калегіяльным органе.

«Улічваючы агрэсіўныя спробы ператварыць Беларусь, паводле тэрміналогіі Злучаных Штатаў Амерыкі, у «дзяржаву, якая не адбылася», мы павінны замацаваць за Саветам бяспекі новыя канкрэтныя, жыццёва важныя функцыі. Такое пашырэнне паўнамоцтваў будзе садзейнічаць забеспячэнню стабільнай і бяспечнай работы ўсёй дзяржавы і кожнага чалавека, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Усё гэта пытанні абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу, пра якія і гаворыцца ў падпісаным мной 9 мая Дэкрэце».

Прэзідэнт падпісаў законы аб дзяржаўнай абароне і па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб змяненні закона «Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органа дзяржаўнай аховы». У абноўленым законе пашыраецца кола асоб, якія падлягаюць дзяржаўнай абароне. У яго ўключаны ваеннаслужачыя Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у выпадках выканання імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку; супрацоўнікі Службы бяспекі Прэзідэнта Беларусі і Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Беларусі; iншыя асобы ў сувязі з замахам на іх бяспеку; блізкія вышэйпералічаных асоб.

Такім чынам, меры абароны можна будзе прымяняць да любой асобы, якой пагражае небяспека ў сувязі з яе службовай дзейнасцю, у тым ліку да дзяржаўных служачых, суддзяў, работнікаў СМІ, членаў выбарчых камісій, іншых асоб, а таксама іх блізкіх.

Таксама законам устанаўліваецца магчымасць прымянення мер дзяржаўнай абароны і ў выпадку адсутнасці непасрэднай пагрозы замаху на жыццё, здароўе і маёмасць абараняемых асоб, удасканальваецца парадак прымянення асобных мер дзяржаўнай абароны. Так, напрыклад, уводзіцца магчымасць змянення знешнасці не толькі самой абараняемай асобы, але і яе блізкіх. Падставай для прымянення меры бяспекі ў выглядзе забеспячэння канфідэнцыяльнасці звестак можа быць уступленне або назначэнне абараняемай асобы на пасаду, знаходжанне яе на пасадзе.

Аляксандр Лукашэнка таксама падпісаў закон «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Дакумент уносіць змяненні ў законы, якія рэгулююць дзейнасць органаў унутраных спраў і шэрага іншых праваахоўных органаў і ваенізаваных арганізацый.

Падрыхтавана па матэрыялах  БЕЛТА

 

 

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.