Аб святых мясцінах нашай зямлі

Працягваецца творчае супрацоўніцтва Веткаўскага музея і навучальных устаноў нашага горада. Вось і сёння ў зале, дзе звычайна праводзяцца заняткі паводле інтэрактыўнага праекта для дзяцей «Спазнаю гісторыю рукамі», адбыліся заняткі па новай тэме «Крыніцы ў Веткаўскім раёне», замоўленай выхавацелямі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі.

Падчас экспедыцый, якія праводзіліся Веткаўскім музеем па Гомельшчыне, Магілёўшчыне, Бранскай вобласці (Расія), супрацоўнікамі было запісана даволі многа цікавых аповедаў, легенд, звязаных са з’яўленнем крыніц, іх назваў. І, вядома, былі аповеды пра абрады, святкаванні, якія праводзілі і праводзяць жыхары той ці іншай вёскі каля крыніц.

Гэтыя намоленыя месцы дзе-нідзе ў Беларусі называюць прошчамі. Самі крыніцы, азёры, а таксама мясцовасць, дзе яны знаходзяцца, уяўляюцца мясцовымі людзьмі як святыя мясціны. Да крыніц, каля якіх звычайна стаяць аброчныя крыжы з аброчнымі ручнікамі, прыходзяць людзі, каб памаліцца Богу, Маці Божай, папрасіць аб нечым важным. На тое ж яны і «ключы», «жыўцы» — так называюць крыніцы ў нашых мясцінах. І да вады звяртаюцца з надзеяй, са словамі: «Святая вадзіца, усяму свету памашніца! Памагала ты ўсяму свету, памажы і мне…»

Дзякуй Богу і людзям за тое, што на Веткаўшчыне ёсць крыніцы каля Шарсціна, Пералёўкі, Янова, былой Навілаўкі, Антонаўкі, у Навасёлках, Неглюбцы, Стаўбуне, Вялікіх Нямках ды некаторых іншых вёсках. Людзі клапоцяцца пра тое, каб крынічкі не знікалі, чысцяць іх, стараюцца зрабіць новыя зрубы замест старых, якія аджылі свой век. Фотаздымкі асобных крыніц Веткаўскага, Чачэрскага, Кармянскага раёнаў, зробленыя ў 2010-я гады, дзеці ўбачылі на відэапрэзентацыі «Нашы крыніцы».

Хлопчыкі і дзяўчынкі — выхаванцы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці — паспрабавалі самі выкласці аснову «калодзежа» — так, як гэта рабілі жыхары Веткаўскага раёна сто, дзвесце гадоў назад. Звычайна, каб пяском не замывала дно крыніцы, калодзежа, каля струменя вады — «жыўца», будаўнікі — «капацелі» клалі дубовае донца, або невялікія брускі. Донца магло ляжаць некалькі дзясяткаў гадоў. Сцены калодзежа таксама найчасцей рабілі з дубовых брусоў, якія перад тым доўга трымалі ў вадзе, каб знік горкі прысмак драўніны. Такі калодзеж стаяў вельмі доўга…

На аброчных ручніках і не толькі можна ўбачыць узоры, якія сімвалізуюць ваду, без якой няма жыцця. На неглюбскіх ручніках, а таксама на ручніках, вытканых у вёсках суседняй Браншчыны, гэта — «крывуля». На асобных ручніках можна ўбачыць геаметрычныя фігуры, якія ўяўляюць аснову калодзежа, тыя самыя дубовыя брусы, якія кладуцца з чатырох бакоў…

Можа, і запомняцца назвы ўзораў на ручніках, вытканых у мінулым стагоддзі, дзецям, якія прыйшлі на заняткі. Хто ведае, можа, яшчэ надарыцца момант, каб успомніць старыя тэхналогіі, даўнія традыцыі. Да нашага часу існуе прымаўка: усё новае — гэта забытае старое.

А пакуль у калекцыі ткацтва і народнага адзення Веткаўскага музея працягваюць сваё жыццё два ручнікі, убачаныя дзецьмі на занятках. Адзін з іх, з «крывуляй» ды іншымі ўзорамі, выткала ў 1920–30-х гадах Ганна Восіпаўна Рыхлік (1898–1978 гг.) у пасёлку Лецяхі Краснагорскага раёна. Другі, з «калодзежамі», быў вытканы ў 1950–60-я гады ў Казацкіх Балсунах Агаф’яй Васільеўнай Куранной.

…І працягнецца нітачка ведаў у будучыню.

Ларыса РАМАНАВА. Аўтар фота Алена ПІЧУХА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.