Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 студзеня сабраў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў для абмеркавання шэрага дакументаў, якія закранаюць розныя сферы жыцця грамадства.
Аб Дзяржінвестпраграме і камерцыйных праектах
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што не павінна быць перакосаў, асабліва ў цяперашніх умовах пандэміі COVID-19, якая ўсё прадаўжаецца, няпростай абстаноўкі ў свеце. Магчыма, будаўніцтва тых ці іншых аб’ектаў, якія не дадуць хуткай фінансавай аддачы, можна было б перанесці на наступныя гады.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў праекце Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы прадугледжана будаўніцтва прыкладна 130 аб’ектаў на суму больш як Br600 млн. «Гэта не грошы для дзяржавы. Але тым не менш і тут павінна быць эканомія. Таму што гэта прыклад для іншых. Калі мы наверсе не ўмеем эканоміць і вычленіць найбольш важнае і неабходнае для развіцця, тады і губернатары, і старшыні выканкамаў будуць кіравацца тымі ж прынцыпамі», — сказаў Прэзідэнт.
Па камерцыйных праектах кіраўнік дзяржавы паставіў аналагічныя пытанні. «Свабодных, шалёных грошай няма. Тым больш для тых аб’ектаў, якія самі павінны прыносіць даход. А любое зацягванне тэрмінаў іх рэалізацыі — гэта фінансавыя страты, якія нехта будзе вымушаны аплаціць», — папярэдзіў беларускі лідар.
Аб падтрымцы аграэкатурызму
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзякуючы створаным у апошнія гады ўмовам узнік новы сектар эканомікі, які атрымаў магутнае развіццё. Размова пра аграэкатурызм. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, за 14 гадоў колькасць аб’ектаў аграэкатурызму вырасла ў 80 разоў — з 34 да амаль 3 тыс. У 2020 годзе яны прынялі больш за паўмільёна гасцей.
Урад выступае за прадаўжэнне дзеючых умоў для аграэкасядзіб і захаванне льготнага крэдытавання да 2030 года. «Я не супраць падтрымліваць, тым больш гэта было маё рашэнне, і я стаяў ля вытокаў зараджэння аграэкатурызму. З чаго зыходзіў: трэба вёсцы даць дадаткова глыток паветра. Хіба гэта не шлях падняць вёску? Стварылі адпаведныя ўмовы. Я не супраць падтрымліваць іх і далей. Але мы ні ў якім разе не павінны ісці далей за пяцігодку. Мы ж прымаем усе праграмы максімум на пяцігодку, давайце пяцігодкай і абмяжуемся», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён даручыў ураду ў бліжэйшы час дасканала вывучыць функцыянаванне аграэкасядзіб, каб не выйшла так, што падтрымка аказваецца тым, хто пад прыкрыццём турыстычных паслуг займаецца іншым бізнесам.
Аб капітальнай задачы для прысутных
«Капітальная задача для ўсіх прысутных — унясіце самыя строгія меры за парушэнне заканадаўства па падаткаабкладанні. Унясіце амерыканскія законы, якія дзейнічаюць у Злучаных Штатах Амерыкі. Давайце прымем іх. Ніхто крытыкаваць не будзе — апора дэмакратыі. Там падаткаабкладанне рэгулюецца строга, і за нявыплату падаткаў там шалёныя тэрміны. А ў нас цэлыя галіны адыходзяць у цень, і мы на гэта спакойна глядзім», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
У развіццё тэмы Аляксандр Лукашэнка выказаўся і пра зарплаты ў канвертах. Ён падкрэсліў, што за такія парушэнні таксама павінна быць сур’ёзная адказнасць.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады з кіраўніцтвам Савета Міністраў даручыў дапрацаваць Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2021 год. У праграме застануцца тыя праекты, якія могуць у бліжэйшы час даць рэальную аддачу ў стварэнні новых працоўных месцаў, паступленні падаткаў у мясцовыя бюджэты і падтрымцы раёнаў, якія адстаюць у развіцці.
Падрыхтавана па матэрыялах https://www.belta.by
