Лепшы музей краіны

Правядзенне рэспубліканскага конкурсу «Пазнай Беларусь» з’яўляецца своеасаблівай справаздачай і адзнакай лепшых у турыстычнай галіне нашай краіны. Сёлета конкурс сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў — болей адной тысячы. І вось напярэдадні Новага года ў Міністэрстве спорту і турызму падвялі вынікі конкурсу і ўзнагародзілі яго ўдзельнікаў за ўклад у развіццё турыстычнай прывабнасці краіны. Прыемна, што сваё пачэснае месца на конкурсе заняла наша Веткаўшчына. Так, у намінацыі «Музеі і аб’екты адпачынку» лаўрэатам конкурсу журы адзінагалосна прызнала Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. А дакладней — яго дружны і таленавіты калектыў, які вы бачыце на здымку.

Аб тым, якой цаной супрацоўнікам Веткаўскага музея дасталася гэта перамога, нам расказаў кіраўнік установы Пятро Цалка.

— Гэты год для турыстычнай галіны аказаўся дастаткова складаным: дзесьці паменьшылася колькасць рэальных наведвальнікаў, камусьці прыйшлося згарнуць грандыёзныя выставачныя і культурніцкія планы, хтосьці ўвогуле сыйшоў «на мель». 2020-ты падкінуў складаныя задачкі і супрацоўнікам нашага музея, — шчыра прызнаўся яго дырэктар. — Калі раней Веткаўскі музей быў дастаткова запатрабаваным (за папярэдні год наведвальнасць выставачных залаў наблізілася да 20 тысяч чалавек), то ў гэтым у музей прыйшла толькі палова ад мінулагодняй колькасці.

Дзе ж падзеліся астатнія? Як растлумачыў Пятро Цалка, адказ далёка шукаць не прыходзіцца — эпідэмія каранавіруса прымусіла людзей знізіць турыстычную актыўнасць і сядзець дома. І што рабіць у такім выпадку музею, асноўная задача якога не толькі зберагаць мастацкія каштоўнасці, але і папулярызаваць іх у грамадстве? Веткаўскі музей знайшоў выхад і здзейсніў адзін са сваіх лозунгаў — «Калі вы не ідзеце ў музей, то музей прыйдзе да вас!». Напрацягу года веткаўчане актывізавалі сваю дзейнасць у інтэрнэт-прасторы: лекцыі, майстар-класы, экскурсіі, акцыі, аўтарскія анлайн-праекты «Среда общения» і «Стройныя суботы», «Ноч музеяў: “Начны дазор”»… Чаго толькі не ладзілася за гэты год у музеі! І ўсё дзеля таго, каб чалавек, які застаўся дома, у першую чаргу не забываў, што ён «чалавек культурны». Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: як толькі хваля эпідэміі каранавіруса супакойвалася — сцены музея напаўняліся ўдзячнымі наведвальнікамі, шчырымі ўсмешкамі і гучнымі словамі падзякі.

Расказваць пра праекты, якія ў музеі ўжо адбыліся, і распавядаць пра задумкі на будучыню Пятро Цалка можа бясконца. А таму раіць лепш сачыць за навінамі на сайце музея, у сацыяльных сетках (#vetkamuseum) і чытаць на старонках «Голаса Веткаўшчыны».

Самае каштоўнае, што магло адбыцца ў гэтым годзе, гэта разуменне еднасці калектыву, суперажыванне і ўзаемадапамога. Толькі лепшы музейны калектыў можа прывесці свой музей да перамогі, і калектыў Веткаўскага музея ў чарговы раз даказаў свой прафесіяналізм у высакароднай справе захавання, папулярызацыі і адраджэння культурнай спадчыны нашай краіны!

С. ВЯТАСЛАЎ.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.