У Мінску з удзелам веткаўчанак на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбыўся рэспубліканскі семінар-панарама вопыту «Развіццё інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах дашкольнага выхавання»

У Мінску з удзелам веткаўчанак на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбыўся рэспубліканскі семінар-панарама вопыту «Развіццё інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах дашкольнага выхавання».

На аснове загаду Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Аб эксперыментальнай інавацыйнай дзейнасці ў 2019/2020 навучальным годзе ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці г. Веткі» працягваецца інавацыйная дзейнасць па рэалізацыі праекта «Укараненне мадэлі арганізацыі патрыятычнага выхавання ва ўстановах дашкольнай адукацыі». Так, удзел у рэспубліканскім семінары прадстаўнікоў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава Л.Д. Раманавай і Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці А.В. Пічухі стаў часткай гэтага праекта.

Як навучыць шанаваць сваю зямлю? Як выхаваць дзіця сапраўдным чалавекам? Якім чынам навучыць асобным практычным дзеянням? Якім чынам зрабіць прышчэпку ад зла, абыякавасці, бязвер’я, нянавісці, ляноты?

Гэтыя пытанні заўжды былі і ёсць аднымі з галоўных як для бацькоў, так і для выхавацеляў і педагогаў.

Урэшце, многія беды і непрыемнасці нашага жыцця пачынаюцца тады, калі людзі забываюць, што яны — людзі, перастаюць цікавіцца культурай, гісторыяй роднага краю. Бывае, што чалавек, які мае некалькі вышэйшых адукацый, далёка не заўсёды можа быць чалавекам выхаваным: ад яго дзеянняў могуць пакутваць і блізкія людзі, і грамадства. А найперш — ён сам.

Асабіста мне надзвычай цікава было даведацца, якія новыя ідэі, формы і метады працы з дзецьмі з’явіліся ў сучасных педагогаў.

На семінар прыехалі выхавацелі з розных гарадоў Беларусі. У іх складзе былі: метадысты інстытутаў развіцця адукацыі, раённых (гарадскіх) навучальна-метадычных кабінетаў, якія курыруюць дашкольную адукацыю, члены секцыі дашкольнага выхавання рэспубліканскага клуба «Крышталёвы жораў», кіраўнікі ўстаноў дашкольнага выхавання. Прысутнічалі таксама студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Асноўнай часткай семінара стала прэзентацыя матэрыялаў, атрыманых у выніку рэалізацыі вышэй згаданага інавацыйнага праекта.

Проста на вачах ва ўсіх прысутных выхавацелямі ясляў-сада №13 г. Магілёва быў створаны і праз гадзіну паказаны відэаролік «Мая малая радзіма». Удзельнікі семінара дзяліліся іншымі адметнымі напрацоўкамі. Самі выхавацелі былі ў ролі дзяцей, выконвалі розныя творчыя заданні. Напрыклад, рознымі спосабамі складалі выяву-малюнак Полацкай Сафіі, распазнавалі на картках адметных гістарычных асоб Полацку. Выступленні калег з Бярозы, Ашмянаў было на беларускай мове. І адказвалі мы ім таксама на беларускай мове.

Дзецям дашкольнага і школьнага ўзросту, якія жывуць у Ветцы, проста шанцуе: менавіта для іх у Веткаўскім музеі наладжана дзейнасць Школы «Аз, букі, ведзі — глаголь дабро!», з 2018 года пачалася праца па інтэрактыўным праекце «Спазнаю гісторыю рукамі». Музейна-педагагічныя заняткі праводзяцца пераважна на беларускай мове. Як правіла, дзецям яна зразумелая. Калі нешта не зразумела, даюцца тлумачэнні.

Далёка не ва ўсіх дзяржаўных музеях Рэспублікі Беларусь выхаванцы дзіцячых садоў маюць магчымасць бясплатна наведваць музейна-педагагічныя заняткі па асобных тэмах. Падобныя заняткі ў памяшканнях дашкольных навучальных устаноў праводзіць, па словах саміх выхавацеляў, як правіла, няма магчымасцяў.

Прастора музейных экспазіцый, адначасова з паказам  мясцовых экспанатаў і аповедам пра асобныя падзеі нашай гісторыі, пра адметных людзей — выдатныя памочнікі ў патрыятычным (нацыянальным) выхаванні і адукацыйным развіцці маленькіх веткаўчан, вучняў малодшых і сярэдніх класаў. На працягу двух апошніх гадоў ў экспазіцыі «Спазнаю гісторыю рукамі» праводзіліся заняткі па наступных тэмах: «Як даўно мы тут жывём?», «Сусвет на нітачцы», «Як кашуля ў полі вырасла?», «Адкуль бяруцца ўзоры на вокнах?», «Свечкі да Багача», «Гліняныя метамарфозы: пра што звініць і шэпча гліна?», «Сучасны неглюбскі ручнік», «Бортніцтва, пчалярства — традыцыйныя заняткі беларусаў» (выраб саламянага мата), «Гісторыя аднаго ўзору» ды інш.

Тэмай выступлення на рэспубліканскім семінары была прэзентацыя музейна-педагагічнага занятка «Гліняныя метамарфозы: пра што звініць і шэпча гліна?», які праводзіўся для дзяцей дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Веткі ў мінулым годзе.

У экспазіцыі «Спазнаю гісторыю рукамі» задзейнічаны экспанаты з калекцыі этнаграфіі і побыту (ступа, жорны, прасліца, зерняцёрка, інш.), тлумачальныя тэксты, малюнкі, на якіх — посуд, прыклады арнаменту эпохі бронзы. Ёсць адмысловы стол, у шуфлядках якога — пясок (каб дзеці, нібы на сапраўдных раскопках, спецыяльнымі пэндзлямі і маленькімі рыдлёўкамі адшуквалі старажытныя рэчы і вызначалі час іх вырабу). У прасторы экспазіцыі — гаршкі, знойдзеныя падчас раскопак у Веткаўскім раёне і на Гомельшчыне, якія датуюцца часам эпохі бронзы, іншым часам, а таксама — копіі старажытных мясцовых гаршкоў, зробленыя па заказу музея сучасным майстрам-ганчаром. Тут жа — некалькі гаршкоў — артэфакты мілаградскай археалагічнай культуры, керамічны посуд рознага прызначэння, выраблены ў ХХ ст., якім карысталіся мясцовыя жыхары, з пазначэннем агульнапрынятых і дыялектных назваў рознага віду посуду.

На прыкладзе прадстаўленых экспанатаў ёсць унікальная магчымасць вывучаць гісторыю развіцця арнаменту на гліняных вырабах і ў ткацтве ў адным цэлым з гісторыяй развіцця земляробства, параўноўваць прыклады мясцовых арнаментаў і ўзораў з арнаментамі іншых часоў і народаў — тэма, бясконца цікавая для даследчыкаў культуры.

Перадаць дзецям практычныя веды, уяўленні аб знаках, узорах тысячагадовай даўніны, якія ўтрымліваюць нашы галоўныя ментальныя каштоўнасці, шанаваць сваю зямлю, свае культурныя здабыткі — адны з мэтаў, якія спрабуюць дасягнуць супрацоўнікі Веткаўскага музея І.А. Юдзіна, А.С. Нікіцін, А.В. Скідан, В.В. Афанасьева, Л.Д. Раманава, дырэктар музея П.М. Цалка ў межах правядзення заняткаў «Спазнаю гісторыю рукамі». Дзецям самім цікава паспрабаваць ткаць на кроснах, вычасаць воўну, спрасці нітку з дапамогай верацяна, зрабіць саламяны мат для ўцяплення пчол, выразаць узор на ліштве, даўнім спосабам упрыгожыць гліняны гаршчок…

Калі трымаеш ў сваіх руках кавалак глінянага гаршка, які быў зроблены пяць тысяч гадоў назад мясцовымі людзьмі і быў нядаўна знойдзены сучаснікамі на беразе або на дне Сожа, міжволі пачынаеш задумвацца пра сэнс і кароткі час чалавечага жыцця, пра галоўнае, што трэба табе самому зрабіць у ім.

Ларыса РАМАНАВА.

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.